25 красавiка 2024, Чацвер, 10:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У свеце - больш за 1 200 000 выпадкаў заражэння каранавірусам

5
У свеце - больш за 1 200 000 выпадкаў заражэння каранавірусам

Колькасць памерлых з прычыны каронавіруснай інфекцыі вырасла да 65 тысяч.

Колькасць выяўленых выпадкаў заражэння каранавірусам у свеце да сярэдзіны дня 5 красавіка перавысіла 1 мільён 200 тысяч, колькасць памерлых з прычыны каронавіруснай інфекцыі - 65 тысяч. Ачунялі больш за 250 тысяч чалавек, паведамляе «Радыё Свабода».

За мінулы дзень было зафіксавана больш за 80 тысяч новых выпадкаў інфікавання, гэта менш, чым 3 красавіка, калі іх было больш за 100 тысяч. Памерлі за 4 красавіка больш як 5800 чалавек.

У Італіі напярэдадні зафіксаваны 681 смяротны выпадак каронавіруснай інфекцыі, гэта найменшы паказчык за некалькі дзён. Упершыню з пачатку эпідэміі зменшылася колькасць пацыентаў у палатах інтэнсіўнай тэрапіі.

Ужо тры дні зніжаецца колькасць смерцяў і ў Гішпаніі, напярэдадні іх было 674 - у параўнанні з 809 у пятніцу.

У Нямеччыне некалькі дзён запар зніжаецца колькасць выяўленых інфікаваных. У суботу ўпершыню за 4 дні іх было менш за 5 тысяч.

Менш выпадкаў у суботу было выяўлена і ў Вялікай Брытаніі. Там, аднак, расце колькасць смерцяў за дзень - у суботу быў устаноўлены новы рэкорд, 708 за дзень.

Па-ранейшаму хуткімі тэмпамі расце колькасць інфікаваных у Турцыі і Украіне. Наадварот, паслядоўна зніжаецца яна ў Аўстраліі. У Кітаі, адкуль інфекцыя пачала распаўсюджвацца па свеце, за мінулы дзень толькі 30 выпадкаў заражэння.

Першы выпадак інфікавання каранавірусам у нядзелю выяўлены ў Паўднёвым Судане. Паводле афіцыйных звестак, каранавіруса няма толькі ў Емене, Таджыкістане, Туркменіі, Паўночнай Карэі, афрыканскай дзяржаве Лесота, а таксама ў шэрагу астраўных дзяржаў Ціхага акіяна.

У Злучаных Штатах па-ранейшаму прадаўжаецца рост колькасці новых выпадкаў інфекцыі. За мінулы дзень выяўленыя блізу 35 тысяч новых выпадкаў і больш за 1300 смяротных выпадкаў. Агульная колькасць інфікаваных у краіне перавысіла 300 тысяч - гэта з вялікім адрывам першае месца ў свеце. Амаль 115 тысяч інфікаваных і амаль палова ўсіх смерцяў - у штаце Нью-Ёрк. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп папярэдзіў, што наступныя два тыдні, відавочна, будуць самымі цяжкімі, у тым ліку і з пункту гледжання колькасці смерцяў.

У Расеі, паводле апошніх афіцыйных звестак, больш за 5 тысяч інфікаваных і 45 памерлых ад каронавіруснай інфекцыі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках