19 красавiка 2024, Пятніца, 15:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сітуацыя ў менскім інтэрнаце, які замкнулі на карантын

17
Сітуацыя ў менскім інтэрнаце, які замкнулі на карантын

Студэнты ананімна пагаварылі з журналістамі.

4 сакавіка ў гутарцы з журналістамі прэсавая сакратарка медыцынскага ўніверсітэта Аксана Курбенка запэўнівала, што ВНУ працуе ў «звычайным рэжыме». І разам з гэтым, з 4 красавіка - два інтэрнаты медыцынскага універсітэта былі цалкам замкнутыя на карантын. «Белсат» на ўмовах ананімнасці пагаварыў са студэнтам, што жыве ў 10-м інтэрнаце ў Пятроўшчыне, як цяпер выглядае сітуацыя ў студэнцкім гарадку.

«У адной са студэнтак выявілі каранавірус»

Са слоў героя, першым інтэрнатам, які цалкам замкнулі на карантын, стаў 4-ы інтэрнат БДМУ, які знаходзіцца ў Грушаўцы. А ў суботу 4 красавіка на карантын замкнулі 10-ы інтэрнат, дзе ён жыве. Прычынай стала тое, што адной з студэнтак прыйшоў станоўчы тэст на каранавірус.

Пра пачатак карантыну студэнты даведаліся з самай раніцы:

- У суботу а 9:30 раніцы праз мегафон запрасілі ўсіх работнікаў інтэрната на сход. Ужо пасля праз індывідуальныя кантакты мы даведаліся, што ў нейкай дзяўчыны пацвердзіўся каранавірус. Бачылі, як прыехалі два аўтамабілі «хуткай дапамогі», і яе забралі, - апавядае наш суразмоўца.

4-Ы ГАРАДСКІ КЛІНІЧНЫ ШПІТАЛЬ ІМЯ М.САЎЧАНКІ

Цяпер з інтэрнату нельга выходзіць і заходзіць - нават дзверы замкнёныя. Той, хто на момант абвяшчэння карантыну быў па-за інтэрнатам, змог туды вярнуцца. Паводле неафіцыйнай інфармацыі інтэрнаты замкнулі папярэдне на 2 тыдні.

- З блокаў сваіх мы пакуль што выходзіць можам. Харчы будуць дастаўляцца, прапануюць нейкія бізнэс-ланчы за 4 рублі, аплаціць іх можна будзе пасля карантыну. Таксама будзе працаваць сталоўка. Але замкнулі спартовую залу - гэта мяне хвалюе, - наракае студэнт.

Паводле ягоныхслоў, у інтэрнаце засталіся жыць некаторыя прадстаўнікі адміністрацыі: дзве выхавальніцы і загадчыца інтэрнату.

Ніякіх дадатковых захадаў бяспекі ў інтэрнаце не зрабілі. Адзінае, што паставілі антысэптыкі перад уваходам у інтэрнат і ваду з хлёркай для вільготнага прыбірання. У сваім блоку студэнты таксама нічога не мянялі.

«Я чакаў, што інтэрнат могуць замкнуць»

У пятніцу стала вядома, што ў 10-м інтэрнаце БДМУ на індывідуальны карантын было замкнута 19 блокаў, у якіх агулам жыве 95 чалавек - гэта траха не восьмая частка інтэрнату. Але там жылі кантакты першага або другога ўзроўню: тыя, хто кантактаваў наўпрост з хворымі або з выкладчыкамі, якія кантактавалі з заражанымі.

Таму ён прызнаецца, што чакаў, што інтэрнат могуць замкнуць на карантын цалкам.

- Я ўжо з панядзелка да чацвярга быў на самаізаляцыі. Назапасіў ежы, таму мне ўсяго мае ставаць. Але ўсё адно абмежаванні - гэта непрыемна, - кажа студэнт.

ФОТА: SHANNON STAPLETON/REUTERS/FORUM

Карантын не перашкодзіць навучанню. Апошні месяц навучанне пакрысе пераводзілася ў сеціва, і цяпер амаль усе студэнты навучаюцца праз Viber, Zoom альбо ўласную базу ўніверсітэта.

Сярод студэнтаў няма адназначнага стаўлення да карантыну. Хтосьці вельмі хоча паехаць дадому да бацькоў на гэты час. Іншыя ж разумеюць, што такія захады ўсё ж патрэбныя, і лішнія сацыяльныя кантакты не вельмі дапамогуць, асабліва калі студэнты паедуць да родных. Наш жа герой ставіцца да сітуацыі з аптымізмам:

- Нават калі я заражуся, то мяне гэта не палохае. Не думаю, што са мной нешта здарыцца. А цяпер я ў гуморы, чакаю, што будзе шмат вольнага часу. Буду вучыцца.

Каранавірус - як засцерагчыся

Асноўныя рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя што да вірусу COVID-19 - гэта самаізаляцыя, выкарыстанне антысэптыкаў, мыццё рук з мылам і пазбяганне публічных месцаў.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках