16 красавiка 2024, aўторак, 15:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Сястра пасадзіла мяне ў аўтамабіль і адвезла ў першую на шляху лякарню ў Менску»

8
«Сястра пасадзіла мяне ў аўтамабіль і адвезла ў першую на шляху лякарню ў Менску»

У дырэктаркі крамы ў Лунінцы - каранавірус.

43-гадовая Наталля Сядова цяпер ляжыць у 6-м шпіталі ў Менску. У жанчыны пашкоджаныя абодва лёгкія, падлучаны апарат кіслароднага дыхання. Яе стан медыкі ацэньваюць як сярэдняй ступені цяжкасці. Тэст на каранавірус паказаў станоўчы вынік, піша kp.by.

«Заразіцца можа кожны»

- Цяпер я адчуваю сябе ўжо лепш, думаю, заўтра апарат здымуць. Я так удзячная лекарам у Менску - яны робяць усё магчымае, выпраўляюць недапрацоўкі сваіх калегаў, - кажа нам Наталля.

Са слоў жанчыны, тыдзень у яе трымалася тэмпература 39,7, але шпіталізацыі ў родным Лунінцы ёй дамагчыся не ўдалося. Мы гутарым з жанчынай праз тэлефон: размаўляць ёй нялёгка, размова перапыняецца, калі Наталлі ставяць кропельніцу.

- Я гэта ўсё распавядаю, каб людзі разумелі, што заразіцца можа кожны, нават тыя, хто не ездзіў за мяжу: мы з мужам прынялі ўдар на сябе. Афіцыйна мы - першыя заразіліся ў Лунінцы.

Першым адчуў сябе дрэнна муж Наталлі - гэта здарылася 23 сакавіка. Мікалаю 53 гады, ён працуе старэйшым ахоўнікам на «Палессеэлектрамашы».

- Што ў мяне, што ў мужа усё развівалася аднолькава. Высокая тэмпература - 39,7, пяршэнне ў горле. Лекары, якіх мы выклікалі дадому, казалі, што трэба выконваць пасцельны рэжым і багата піць. Але, вядома, ніякім пітвом такую тэмпературу не саб'еш. Сталі прымаць таблеткі, нічога не дапамагала. Вядома, у інтэрнэце чыталі пра гэты вірус - адразу ўзнікла думка, што гэта ён, бо на звычайную прастуду гэта не падобна.

«Гэта было зусім не падобна на звычайную прастуду»

З высокай тэмпературай Мікалай у выніку праляжаў дома тры тыдні. Здымак яму зрабілі на пяты дзень. Рэнтген пнеўманію не паказаў, але мужчына адчуваў сябе настолькі дрэнна, што яго шпіталізавалі ў інфекцыйнае аддзяленне, а пазней перавялі ў рэанімацыю. Яму зрабілі тэст на каранавірус - вынік адмоўны.

- Цяпер яму стала крыху лепш, прыйшоў у прытомнасць. Пагаварыць з ім я не магу - гутару з лекарамі. Магчыма, яго перавядуць у Берасце. Я звярнулася да журналістаў, каб абараніць інтарэсы сваёй сям'і. Нас давялі да такога стану, быў выпушчаны каштоўны час, - перажывае субяседніца.

Праз некалькі дзён пасля таго, як захварэў муж, такія ж сімптомы з'явіліся і ў Наталлі. Высокая тэмпература ў жанчыны трымалася тыдзень. Яна некалькі разоў выклікала дадому медыкаў, але лекары толькі збівалі тэмпературу.

- Першае пытанне ў іх: ці была я за мяжой? Я нідзе не была, але цяпер ужо не трэба нікуды ехаць: гэтай заразы поўным поўна ў нас. Я яшчэ пыталася: можа, у мяне гэтая зараза? Гэта было зусім не падобна на звычайную прастуду. Але мяне супакойвалі, маўляў, усё добра, у лякарню мяне ніхто забіраць не хацеў. У нейкі момант я зразумела, што ўжо проста не магу ўстаць з ложка, паміраю. Дапамогі чакаць няма адкуль, таму сястра пасадзіла мяне ў аўтамабіль і павезла ў Менск. Мы прыехалі ў першую лякарню, якая трапіла на шляху, у прыёмным аддзяленні я проста сказала: «Дапамажыце». Лекары адразу ўсё зразумелі і шпіталізавалі. Цяпер я ляжу ў аддзяленні, дзе ўсе пацыенты з пацверджаным каранавірусам.

Са слоў Наталлі, бальнічны ў Лунінцы ёй адкрывалі толькі на некалькі дзён: як толькі тэмпература падала, жанчына зноў выходзіла на працу.

- У мяне зноў пачыналіся дрыжыкі, ліхаманка - вярталася дадому.

У Наталлі і Мікалая трое дзяцей. Двое малодшых цяпер шпіталізаваныя як кантакты першага ўзроўню ў Берасці. Яны яшчэ чакаюць вынікаў тэсту.

- Праблема ў тым, што мяне адразу не ізалявалі: я прадаўжала хадзіць на працу, дзеці хадзілі на трэніроўкі і секцыі. Калі я захварэла, яны мяне даглядалі. Таму імавернасць таго, што ў дзяцей таксама каранавірус, вельмі высокая.

Старэйшы сын, які вучыцца ў Віцебскім медуніверсітэце, застаўся ў Віцебску. Студэнтаў перавялі на дыстанцыйнае навучанне, дадому хлопец не прыязджаў са студзеня, таму кантактам першага ўзроўню ён не з'яўляецца.

Усе супрацоўнікі крамы (прыкладна 20 чалавек), якія працавалі з Наталляй, цяпер на карантыне як кантакты першага ўзроўню. Крама некалькі дзён была закрытая - у панядзелак, 6 красавіка, яна павінна адкрыцца, кажа Наталля.

- Усе адзін аднаго падтрымліваем, яны нават стварылі чат «Каранавірус», каб лягчэй было мець стасункі. У інтэрнэце неяк прайшла інфармацыя, што мой муж памёр - тады ўсе мне сталі слаць спачуванні. Потым ужо мяне дзесьці ў інтэрнэце «пахавалі». Цяпер я перажываю толькі аб тым, каб мужу стала лягчэй.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках