18 красавiка 2024, Чацвер, 17:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дырэктарка Лунінецкага «Еўраопта»: Я адразу зразумела, што гэта каранавірус

13
Дырэктарка Лунінецкага «Еўраопта»: Я адразу зразумела, што гэта каранавірус

28 супрацоўнікаў крамы шпіталізаваныя на карантын.

28 супрацоўнікаў «Еўраопта» ў Лунінцы, у дырэктаркі якога знайшлі каранавірус, шпіталізавалі на карантын 4 красавіка. Чакаецца, што адкрыюць краму сёння пасля дэзінфекцыі. У ёй працавацьме мабільная група з Пінска. Дырэктарка крамы Наталля цяпер у менскай 6-й лякарні.

«Мы з першага дня пачалі біць у званы, але нас ніхто не хацеў слухаць»

Пра гэта «Радыё Свабода» распавяла намесніца дырэктара крамы Алена. Цяпер яна разам з іншымі супрацоўнікамі на карантыне.

«Нас усіх ізалявалі, ва ўсіх узялі тэсты. У каго былі такія сімптомы, як кашаль або пяршэнне ў горле, змясцілі ў лякарню ў Малоткавічах у Пінскім раёне. А нас, 20 чалавек, павезлі ў Пінск у скурна-венералагічны дыспансер. У нас узялі аналізы на каранавірус, чакаем вынікаў».

Са слоў Алены, сем'і супрацоўнікаў крамы ў лякарню пакуль не забіралі.

«Мы сябе адчуваем добра, тэмпературы ні ў кога няма. Яе правяраюць два-тры разы на дзень. З Наталляй размаўлялі, яна ўжо папраўляецца».

Алена кажа, што дырэктарка крамы Наталля магла папрацаваць і ў зале, але ў той перыяд, калі хварэла, больш знаходзілася ў сваім кабінеце.

Дырэктарка крамы Наталля, як піша inform-progulka.by, жыве ў Дзятлавічах, ёй 43 гады. Яе мужу 53 гады, ён працуе ахоўнікам на заводзе «Палессеэлектрамаш». У сям'і трое дзяцей. Спачатку захварэў муж, але, нягледзячы на высокую тэмпературу, яго не забіралі ў лякарню. Потым такія ж сімптомы з'явіліся і ў Наталлі, і ёй таксама не прапаноўвалі шпіталізацыю.

Нарэшце сястра адвезла Наталлю у Менск, дзе ёй зрабілі аналіз на каранавірус. Вынік быў станоўчы, яе шпіталізавалі.

Муж сам намагаў на шпіталізацыі, сказаў, што нікуды з лякарні не пойдзе. Яму зрабілі кампутарную тамаграфію і выявілі пнеўманію, хоць аналіз на каранавірус быў адмоўны.

«Крыўдна, што мы з першага дня пачалі біць у званы, але нас ніхто не хацеў слухаць. Я адразу зразумела, што гэта каранавірус», - сказала Наталля. Адкуль яна магла заразіцца, яна не ведае, бо за мяжу сям'я не выязджала.

У гутарцы з карэспандэнтам «Радыё Свабода» Наталля сказала, што цяпер яна ў менскай 6-й лякарні, першыя пару дзён яе падлучалі да кіслароднага апарату.

«Мой стан палепшыўся. Мужа сёння пераводзяць у інфекцыйную лякарню ў Берасце. Ягоны стан крыху палепшыўся, гэта дазваляе яго транспартаваць. У мужа бралі паўторны аналіз на каранавірус, але пакуль выніку няма. Першы быў адмоўны. Муж цяпер на апараце ШВЛ, магчымасці пагаварыць з ім не было».

Чаму так доўга яе і мужа не шпіталізавалі, не бралі ў іх тэсты?

«Гэта пытанні больш да медыкаў. Усё, што ў мяне накіпела, увесь боль за сваю сям'ю, за мужа, за дзяцей я выказала ў ранейшых інтэрв'ю».

Наталля сказала, што дзеці ізаляваныя на карантыне ў лякарні ў Берасці, у іх узялі тэсты на каранавірус. Старэйшы сын вучыцца ў Віцебскім медуніверсітэце, іх перавялі на дыстанцыйнае навучанне. Ён цяпер у Віцебску ў інтэрнаце, дадому не прыязджаў.

«Кантактавалі дачка, яе сябры на карантыне, хто ў Берасці, хто ў Пінску, хто ў Малоткавічах, мае бацькі, сястра, якая мяне прывезла ў Менск. Таксама 28 супрацоўнікаў і сваякоў чалавек 20»

Наталля кажа, што хоча выказаць велізарную падзяку лекарам менскай 6-й лякарні.

«Яны тут героі. Людзі, вядома, дарма так сябе вядуць, не асцерагаюцца. За гэта потым расплачваюцца лекары. Яны малайцы, рызыкуюць сваім жыццём, здароўем. Яны робяць усё, падтрымліваюць, у палату заходзяць, робяць усе працэдуры, каб ратаваць людзей. Хацела б падзякаваць і лекарам Лунінецкай рэанімацыі, якія ўвесь час дзяжурылі, каб выправіць недапрацоўкі сваіх калегаў, страціўшы каштоўны час, што давяло мужа да такога стану. Шкада, спадзяемся, што ўсё будзе добра».

Наталля кажа, што яна ў ізалятары адна, а ёсць палаты на 3-5 чалавек. Дадае, што людзей з пацверджанымі дыягназамі паступае шмат.

Чаму сям'я так позна атрымала лячэнне?

Чаму так адбылося з сям'ёй дырэктаркі «Еўраопту» ў Лунінцы, карэспандэнту не адказалі ні галоўная лекарка Лунінецкай бальніцы Святлана Хлебус, ні намеснік старшыні Лунінецкага райвыканкама Анатоль Захаркевіч, ні першы намеснік начальніка Галоўнай управы аховы здароўя Берасцейскага аблвыканкама Андрэй Карнялюк. Маўляў, уся інфармацыя знаходзіцца на сайтах аблвыканкама і Берасцейскага абласнога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

На сайце ocgie.brest.by паведамляецца, што на тэрыторыі Берасцейскай вобласці выяўленыя 2 станоўчыя тэсты на COVID-19: адзін у Столінскім раёне і адзін у Берасці. Гэтыя пацыенты на лячэнні ў інфекцыйным аддзяленні Берасцейскай абласной клінічнай лякарні. Трэцяга красавіка знойдзены адзін станоўчы тэст на COVID-19 у жыхаркі Лунінецкага раёна, якая знаходзіцца на стацыянарным лячэнні ў Менску.

Па стане на 8 гадзін 6 красавіка за апошні дзень санітарна-карантынны кантроль прайшлі 769 чалавек.

Усяго ў вобласці з прыкметамі ВРВІ шпіталізаваныя ў стацыянары 195 чалавек (яны прыехалі з краін, дзе зарэгістраваныя выпадкі каронавіруснай інфекцыі, а таксама мелі стасункі з хворымі). Пад медыцынскім наглядам дома знаходзяцца 4,4 тысячы чалавек.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках