29 сакавiка 2024, Пятніца, 8:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Аналіз на COVID-19 не бралі, хранічных захворванняў не было»

7
«Аналіз на COVID-19 не бралі, хранічных захворванняў не было»

У Менску ад каранавіруса памёр мужчына, яго жонка ў бальніцы.

Другога красавіка мянчук Ігар страціў свайго дзядулю - 81-гадовага Віктара Бурака. Са слоў Ігара, аналіз на COVID-19 у яго дзеда не бралі, але ў пасведчанні пазначаная прычына смерці: каранавірус. Мянчук кажа, што ў яго дзеда не было хранічных захворванняў: нягледзячы на ўзрост, мог цягаць мяшкі з бульбай і хадзіць наросхрыст халоднай зімой. Цяпер удава Віктара Бурака, Валянціна, ляжыць у шпіталі з пацверджаным COVID-19, піша onliner.by.

- Тыдзень таму - у суботу або нядзелю - ён вярнуўся з вайсковага шпіталя з Бараўлянаў. Дзед быў прыроўнены да ветэранаў ВАВ. Ён кожны год хадзіў у 11-ю паліклініку, і яму давалі накіраванне ў Бараўляны на планавае аздараўленне ў шпіталі. Гэтым разам яго адправілі дадому пасля двух, а не трох тыдняў, як звычайна. Дзед сказаў, што ў шпіталі нешта незразумелае: ці то інфекцыя, ці то яшчэ што, не ўлазіў у падрабязнасці. Пры гэтым яго не правяралі на каранавірус. Дзед вярнуўся, мы з ім пабачыліся, усё нармальна, - успамінае Ігар.- Ён быў здаровым вясковым мужыком (нарадзіўся ў Маладзечанскім раёне), зімой хадзіў з расшпіленай кашуляй, каб лягчэй дыхаць. Ніколі не баяўся марозу, ні разу нават не кашлянуў.

На наступны дзень Віктар Бурак стаў дрэнна сябе адчуваць. Але, як праўдзівы вясковы мужчына, паспадзяваўся, што ўсё пройдзе.

- Я сказаў яму выклікаць хуткую, бо гуляе эпідэмія, але ён адмовіўся. Праз пару дзён яны патэлефанавалі і сказалі, што дзеду яшчэ горш - бабуля выклікала ўчастковага лекара. Ён прыйшоў, паслухаў і сказаў, што ёсць падазрэнне на пнеўманію. Прапісаў антыбіётыкі і пайшоў. Ніякіх аналізаў не браў, нічога. Праз два дні дзеду стала зусім дрэнна: тэмпература пад сорак, мы выклікалі хуткую.

Пенсіянера спачатку паклалі ў 10-ю клінічную бальніцу, адтуль адвезлі ў «інфекцыёнку». Праз два дні ён памёр.

- У яго выявілі двухбаковае запаленне лёгкіх. А я проста разумею, што каранавірус не пашкоджвае адно лёгкае, а адразу два. Аналіз на COVID-19 у яго не бралі - толькі пры ўскрыцці ўжо напісалі код B97.2 (згодна з міжнароднай класіфікацыі хвароб, «каранавірусы як прычына хвароб, класіфікаваных у іншых рубрыках». - Заўвага), - кажа Ігар. Пасля ўскрыцця ў моргу сваякам не далі правесці цырымонію развітання. Забралі адзенне, адвезлі ў крэматорый і спалілі - прах пазней аддадуць яго дачцэ.

84-гадовая ўдава Віктара Бурака, Валянціна, цяпер ляжыць у 10-й лякарні, у яе дыягнаставалі каранавірус. З ёй у палаце ляжаць яшчэ тры бабулі з COVID-19.

- Шчыра кажучы, я не ўпэўнены, што бабуля адтуль выберацца. Цяпер яна сябе добра адчувае, але гэта ж перыяд інкубацыі - невядома, што будзе далей, - кажа Ігар. - У дзеда не было ніякіх хранічных захворванняў, толькі ціск падвышаны. Але і ў мяне ён высокі, хоць мне 33 гады.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках