29 сакавiка 2024, Пятніца, 10:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Уся Беларусь можа ператварыцца ў адзін вялікі Бэргама»

57
«Уся Беларусь можа ператварыцца ў адзін вялікі Бэргама»
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА dpa

Лукашэнка больш перажывае за кароў, чым за беларусаў.

Успышкі каранавіруса зафіксаваныя ўжо ў розных частках Беларусі. З'явілася інфармацыя ад лекараў і пацыентаў аб крытычнай сітуацыі ў лякарнях Віцебска, Менска ды іншых гарадоў. Ніхто сёння не сумняваецца, што каранавірус нясе смяротную небяспеку для кожнага ў нашай краіне.

Чаму ўлады маўчаць пра рэальныя маштабы пандэміі ў краіне? Ці магчымы італійскі сцэнар у Беларусі? Як прымусіць улады ўвесці карантын?

Сайт Charter97.org звярнуўся па каментар да актывісткі грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» з Берасця Паліны Шарэнда-Панасюк.

- Як бы вы пракаментавалі сітуацыю з пандэміяй каранавіруса ў Беларусі?

- Гэта сумна і заканамерна. Калі гэты рэжым заплюшчвае вочы на эпідэмію і выдае смяхотныя рэцэпты, як сесці на трактар і выпіць гарэлкі, натуральна, што вірус будзе распаўсюджвацца. Улады могуць рабіць выгляд, што гэтага няма, але беларусы такія ж людзі як і ўсюды, у іх няма асаблівых уласцівасцяў, якія б абаранілі ад заражэння. Таксама тут уплываюць многія іншыя чыннікі: адсталасць інфраструктуры, адсутнасць якаснай медыцыны, тэхнічнага забеспячэння. Я не дзіўлюся, што ўлады многае хаваюць.

Нядаўна прадстаўніца САЗ, якой проста локшыны на вушы навешалі, распавяла на беларускай тэлевізіі, што наша краіна выдатна спраўляецца. Але ўсім зразумела, што гэта не так. Калі Лукашэнка заяўляе, што каранавіруса няма, гэта не значыць, што ён яго слухаецца.

- Улады ўжо вымушаныя былі прызнаць некалькі смерцяў ад каранавіруса. Яшчэ больш зафіксавана з афіцыйным дыягназам «пнеўманія». Ці можа сітуацыя пачаць развівацца паводле італійскага сцэнару?

- Яна, магчыма, ужо развіваецца паводле гэтага сцэнару. Зноў жа, гэта нідзе ў афіцыйнай прэсе не выдаецца. Плынь інфармацыі ў нас паступае не зверху, а знізу. Людзі даведаюцца ўсе праз знаёмых ці інтэрнэт. Цалкам магчыма, што не толькі асобныя гарады і раёны, але і ўся Беларусь, можа ператварыцца ў адзін вялікі «Бэргама». Пры гэтым рэжым будзе далей казаць, што ўсё добра. Я дапускаю, што сотні памерлых могуць спісаць на іншыя хваробы, пакуль справа не дойдзе да тысячы і людзі, не дай Бог, не пачнуць проста на вуліцах падаць, як у Кітаі, а ўлады будуць заплюшчваць вочы.

- Якая віна Лукашэнкі і ўладаў у тым, што цяпер адбываецца ў краіне?

- Самая першая віна. За 25 гадоў ён атрымаў сотні мільярдаў даляраў з Расеі, якія ўклаў не ў сучаснае абсталяванне, у тым ліку медыцынскае, а сабе ў кішэню. Можна параўнаць з іншымі краінамі, якія арганізавана сышлі на карантын, якім чынам людзям могуць кампенсаваць тое, што яны сядзяць дома. Гэта і адтэрміноўка арэнды і падаткаў, нават арганізаваныя пастаўкі лекаў, прадуктаў. У нас на дзяржаўным узроўні гэта абсалютна немагчыма. Гэты рэжым навучыўся толькі праводзіць бясконцыя святы й бессэнсоўныя Дажынкі, а супрацьстаяць такім выклікам, маючы велізарныя сродкі, яны не рыхтаваліся і нават у думках у іх гэтага не было. Мы бачым, што цяпер яны ў разгубленасці і больш хаваюць галаву ў пясок, дазавана даюць інфармацыю. Напэўна, яны нават не ўсведамляюць, што менавіта на іх ляжыць віна. Але вінаватыя менавіта яны, краіна для іх была незразумела чым. Для іншых урадаў грамадзяне - гэта людзі, пра якіх трэба клапаціцца. Там разумеюць, што трэба падтрымліваць медыцыну на належным узроўні, абнаўляць тэхналогіі і гэтак далей. Беларусь проста вельмі і вельмі адсталая тэхналагічна, таму яна не зможа забяспечыць людзям такога карантыну, як у іншых краінах, нават калі ён будзе абвешчаны.

- Як бы вы пракаментавалі хамскія заявы Лукашэнкі на адрас людзей, якія памерлі ад каранавіруса, і іх сваякоў?

- Я гэтаму не была здзіўленая. З ягоных выказванняў бачна, што ён больш хвалюецца і перажывае за кароў, чым за грамадзян Беларусі. У яго шкале каштоўнасцяў людзі знаходзяцца ніжэй, чым калгаснае быдла.

Хамскія выказванні - гэта ягоны стыль жыцця. Ён не ўмее па-іншаму размаўляць, акрамя як абражаць усіх астатніх. Ён сабе гэта дазваляе, таму што сам сядзіць за каменным мурам і адчувае сябе самым хітрым і самым абароненым. Гэта проста падонне, нічога іншага ад яго чакаць не даводзіцца.

- Як вы думаеце, якую выгаду пераследуюць улады Беларусі, не закрываючы краіну на карантын?

- У мяне двое дзяцей. Адзін ходзіць у садок, другі - у школу. З маіх назіранняў, карантын памалу ўводзяць, але негалосна. Дырэкцыі школ робяць выгляд, што яго няма, але ўсё ж уводзяць прыхаванымі метадамі. Напрыклад, у школе майго сын сказалі, што ў іх падаўжаюцца вакацыі і можна напісаць заяву, што дзіця не будзе наведваць ўрокі. Зноў жа, гэта было з фармулёўкай, што не «у сувязі з эпідэміяй каранавіруса», а «праз сямейныя абставіны". Настаўнікі баяцца казаць шчыра.

Гэты рэжым знаходзіцца глыбока ў сваім свеце, у нейкіх 70-х гадах. Амаль усе чыноўнікі - былыя камсамольцы. Яны не гатовыя псіхалагічна і фізічна да выклікаў сучаснага свету, прыняць іх і дзейнічаць у такіх умовах. Прасцей заплюшчыць вочы, зняць з сябе адказнасць і не арганізоўваюць ніякіх мерапрыемстваў для абароны людзей.

- Кіраўнік Віцебскай «Віцьбы» нядаўна сказаў, што прадпрыемства будзе працаваць у нармальным рэжыме, «пакуль не захварэе больш за палову супрацоўнікаў». У сеціве таксама з'яўляецца шмат гісторый пра тое, што людзі баяцца прасіць пераводу на дыстанцыйную працу праз пагрозы звальнення. Як супрацьстаяць такім сітуацыях? Няўжо, сапраўды, пакуль «палова народа не захварэе», улады будуць заплюшчваць вочы на тое, што адбываецца?

- Мы бачым, што пакуль сітуацыя яшчэ не дасягнула таго крытычнага ўзроўню, калі людзі перастаюць баяцца начальства, але думаю, што паступова з'явіцца такая хваля. Людзі перастануць звяртаць увагу на кіраўніцтва, калі эпідэмія закране непасрэдна усіх, калі будуць хварэць самыя найбліжэйшыя сваякі, а не хтосьці дзесьці там.

Зараз ёсць яшчэ страх страціць, хай і нікчэмную, але працу. У глыбінцы Беларусі не маючы працы чалавек можа страціць сэнс жыць. Ім застанецца альбо з'язджаць, альбо з апошніх сіл, упіраючыся на сваю чалавечую годнасць, чапляюцца за гэтыя, часцяком, бессэнсоўныя працы.

У самім Берасце я назіраю, што прыватныя цэнтры цягнулі да апошняга, але потым зразумелі, што трэба закрывацца. Ім гэта прасцей зрабіць, чым дзяржаўным фірмам. Апошнія гэта, вядома, праблема, там людзі ператвораныя амаль у рабоў, пакуль што ў іх мала працуе інстынкт самазахавання. У самім горадзе прыкметна, што стала менш людзей, патрошку закрываюцца кавярні.

Напісаць каментар 57

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках