18 красавiка 2024, Чацвер, 21:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У супрацоўніцы Менскага палаца моладзі пацвердзілі каранавірус

5
У супрацоўніцы Менскага палаца моладзі пацвердзілі каранавірус
Фота: minsknews.by

Карантын там не ўвялі.

Каранавірусную інфекцыю пацвердзілі ў супрацоўніцы Менскага палаца дзяцей і моладзі, яе шпіталізавалі. Пра гэта распавяла дырэктар палаца Ганна Аверына, паведамляе «Радыё Свабода».

«Яна ў шпіталі, адчувае сябе нармальна, прайшло ўжо больш за два тыдні. Тыя, хто павінен быў быць ізаляваныя, ужо ізаляваныя», - кажа Аверына.

Аднак палац не закрылі на карантын, гурткі працягваюць працаваць.

«У мяне ёсць пэўныя ўстаноўкі, якія я выконваю, - распавяла дырэктар. - Жанчына не была ў прамым кантакце з дзецьмі. Да гэтага яна была на лістку непрацаздольнасці.

Усе захады бяспекі, каб мае дзеці і персанал былі здаровыя, прынятыя, санстанцыя ўсе апрацавала. У мяне ўсё пацверджана фатаграфіямі. У нас дадатковая адукацыя і мы не абавязаныя вадзіць дзяцей, гэта вырашаюць бацькі. Усё працуе ў звычайным рэжыме».

Са слоў дырэктаркі, сёння дзеці амаль не наведваюць гурткі.

Раней у Палацы моладзі адмовіліся каментаваць сітуацыю. На пытанне, ці быў у адной з супрацоўніц выяўлены каранавірус, у прыёмнай адказалі:

«Гэта што, нейкая навіна, якую вы ўпершыню пачулі? Мы не будзем каментаваць гэтую сітуацыю, таму нічога ў мяне не пытайцеся».

У аддзеле інфармацыйнага забеспячэння і рэкламы сказалі, што карантын у палацы не быў абвешчаны, гурткі працуюць як звычайна.

«Нашы прыбіральшчыцы ўжо даўно праводзяць дэзінфекцыю кожны дзень», - сказалі ў аддзеле некалькі дзён таму.

Супрацоўнікі палаца ананімна паведамілі, што захварэла жанчына, якая працуе ў аддзеле мастацкай творчасці.

«Яна ляжыць у пятым шпіталі, - кажа адзін з супрацоўнікаў. - Ёй патэлефанавалі, у яе тэмпература пад 40, моцны кашаль, цяжка гаварыць і дыхаць, у яе ўзялі тэст на вірус. А ў чацвер яны патэлефанавалі нашаму дырэктару з лякарні і сказалі, што ў яе станоўчы аналіз. Мы чакалі, што санітарная станцыя прыбудзе адразу, правядзе апрацоўку. Але нічога не адбылося. Дзеці працягваюць хадзіць, гурткі працуюць, у дзяржаве ж няма карантыну, таму іх ніхто не касаваў. Хто хоча, той ходзіць».

У палацы працуе 400 чалавек, многія з іх раней бралі адпачынак за свой кошт на два тыдні і нават на месяц.

«Захварэлая супрацоўніца нікуды не ездзіла. Але яна рэлігійная жанчына, якая, магчыма, была ў закрытым памяшканні. Калі б гэта было ад дзяцей, захварэла б палова аддзела. Але пакуль што тут ціха», - кажуць у Палацы моладзі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках