19 красавiка 2024, Пятніца, 7:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The National Interest: Чым скончыцца нафтавая вайна Расеі і Саудаўскай Аравіі?

2
The National Interest: Чым скончыцца нафтавая вайна Расеі і Саудаўскай Аравіі?

Тэхас і Пенсільванія спадзяюцца на велізарны прыбытак.

Месяц таму на фоне ўсеагульнай панікі праз пандэмію каранавіруснай інфекцыі глабальны нафтавы рынак страціў глебу пад нагамі. Коштавая вайна паміж Расеяй і Арганізацыяй краінаў-экспарцёрак нафты на чале з Саудаўскай Аравіяй прывяла да падзення кошту нафты ніжэй за ўзровень 30 даляраў за бараль. На некаторых амерыканскіх аўтазапраўках бензін стаў прадавацца танней за 1,90 даляра. Цяпер амерыканскі ўрад прадпрымае спробы вярнуць прыбытак нафтавай індустрыі, піша амерыканскае выданне The National Interest (пераклад – inosmi.ru).

Перамовы пачаліся на фоне яшчэ аднаго падзення на рынку: ф'ючарсы на нафту WTI упалі да 26,08 даляра, гэта значыць на 7,97%. Нафта маркі Brent – міжнародны стандарт – зафіксавалася на адзнацы 33,05 даляра за бараль.

На мінулым тыдні прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што размаўляў праз тэлефон з кронпрынцам Саудаўскай Аравіі Мухамедам бін Салманам і што ўрад выклаў свае пазіцыі прэзідэнту Расеі Уладзіміру Пуціну. «Толькі што гутарыў са сваім сябрам Мухамедам бін Салманам, кронпрынцам Саудаўскай Аравіі, які размаўляў з прэзідэнтам Расеі Пуціным. Я чакаю і спадзяюся, што яны знізяць [здабычу] прыкладна на 10 мільёнаў бараляў, а можа быць і больш. Калі гэта здарыцца, гэта будзе выдатна для нафтагазавай індустрыі!» – напісаў Трамп у твітары.

Першапачаткова Саудаўская Аравія спадзявалася на скарачэнне 15 мільёнаў бараляў за дзень, але Расея, відавочна, не гатовая пераступаць праз адзнаку 10 мільёнаў бараляў за дзень. 10 мільёнаў бараляў – гэта прыкладна 10% ад глабальных аб'ёмаў здабычы нафты, і гэта нашмат больш за тое скарачэнне 1,5 мільёна бараляў, ад якога Расея адмовілася ў пачатку сакавіка. Чакаецца, што сустрэча паміж прадстаўнікамі ўрадаў гэтых дзвюх краінаў адбудзецца ў чацвер, аднак большасць аглядальнікаў мяркуе, што яна не будзе плённай.

Амерыканскія вытворцы нафты да гэтага часу не могуць зразумець, як ім рэагаваць на гэтую коштавую вайну і наколькі актыўны ўдзел ім неабходна браць у працэсе ўрэгулявання гэтага канфлікту. Паколькі праз пандэмію каранавіруснай інфекцыі людзям даводзіцца заставацца дома і выконваць сацыяльную дыстанцыю, яны практычна перасталі куды-небудзь ездзіць і лётаць. Глабальныя транспартаванні, для якіх патрэбная нафта, практычна цалкам спыніліся. Гэта прывяло да рэзкага падзення попыту на фоне ўзніклага перанасычэння нафтавага рынку.

У пятніцу, 3 красавіка, кіраўнікі амерыканскіх нафтавых кампаній сустрэліся з прэзідэнтам Трампам, аднак так і не здолелі выпрацаваць план дзеянняў. Відавочна, Трамп пастанавіў даць амерыканскім нафтавым кампаніям магчымасць шукаць уласныя шляхі выхаду з сітуацыі, якая склалася. «Гэта выдатныя кампаніі, і яны знойдуць выйсце, – сказаў прэзідэнт падчас прэс-канферэнцыі. – Гэта свабодны рынак, і яны знойдуць выйсце». Аднак Трамп таксама дадаў, што адным з магчымых інструментаў уздзеяння можа стаць увядзенне мытаў.

Мыты будуць уведзеныя толькі ў тым выпадку, калі Саудаўская Аравія і Расея не змогуць стрымаць рост здабычы нафты і калі ўрад ЗША пастановіць, што адзіны выхад – гэта ўвесці абмежаванні на імпарт нафты. У выніку нафтагазавы рынак будзе падсілкоўвацца толькі за кошт унутраных крыніцаў, што прывядзе да рэзкага росту коштаў.

Гэта адгукнецца велізарным прыбыткам для нафтагазавай індустрыі і адпаведных штатаў, як Тэхас і Пенсільванія, але пры гэтым стане сур'ёзным ударам для спажыўцоў у іншых штатах.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках