15 лiпеня 2020, Серада, 1:08
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Біл Гейтс выдаткуе мільярды на стварэнне ўнікальнай ДНК-вакцыны

25
Біл Гейтс выдаткуе мільярды на стварэнне ўнікальнай ДНК-вакцыны
БІЛ ГЕЙТС

Мільярдэр рашуча настроены на барацьбу з каранавірусам.

Чарговая патэнцыйная вакцына ад COVID-19 перайшла ў фазу клінічных тэстаў на людзях. Управа санітарнага нагляду за якасцю харчовых прадуктаў і медыкаментаў у ЗША (FDA) прыняла заяўку ад Inovio Pharmaceuticals. Фармацэўтычная кампанія плануе ўводзіць сваю ДНК-вакцыну INO-4800 першым добраахвотнікам. Тэсты, якія да гэтага праводзіліся на жывёлах, паказалі станоўчыя вынікі: у першую чаргу, назіралася ўзмацненне імунітэту, піша «Новое время».

Вакцына ад Inovio - гэта плазміды (невялікія малекулы ДНК, фізічна адасобленыя ад храмасом), якія ўводзяцца пацыенту. Яны павінны прымусіць клеткі арганізма выпрацоўваць дастатковую колькасць антыцелаў для барацьбы з канкрэтнай інфекцыяй.

ДНК-вакцыны ўжо даступныя і адобраныя для лячэння розных інфекцый. Але пакуль толькі ў жывёл у ветэрынарнай медыцыне. Для лячэння чалавека яны яшчэ не ўжываліся.

Усе клінічныя выпрабаванні новай вакцыны фінансуюцца Фондам Біла і Мелінды Гейтс, а таксама іншымі некамерцыйнымі арганізацыямі.

Важны той факт, што праца Inovio пачынаецца не з нуля: кампанія раней распрацоўвала ДНК-вакцыну для рэспіратарнага сіндрому (MERS) на Блізкім Усходзе. Тады яна таксама паказала шматабяцаючыя вынікі.

Калі клінічныя выпрабаванні будуць паспяховымі, Inovio заяўляе, што да канца года зможа падрыхтаваць да мільёна вакцын для выкарыстання, як у дадатковых даследаваннях, так і для патэнцыйнага выкарыстання хворымі ў экстраных выпадках.

Inovio для сваіх тэстаў набрала 40 добраахвотнікаў - усе здаровыя і паўналетнія. Іх набіралі ў Медыцынскай школе ім. Перэльмана ў Філадэльфіі пры Універсітэце Пенсільваніі і ў Цэнтры фармацэўтычных даследаванняў у Канзас-Сіці. Тэсты прадоўжацца наступныя некалькі тыдняў і кампанія чакае, што звесткі аб імунных рэакцыях падыспытных, а таксама інфармацыя, якая тычыцца бяспекі лячэння людзей, будзе даступная ўжо да канца гэтага лета.

Варта адзначыць, што Біл Гейтс настроены рашуча на барацьбу з каранавірусам. Цяпер ён фінансуе адначасова распрацоўку сямі розных вакцын супраць COVID-19. Адзін з самых багатых людзей на Зямлі заявіў, што гатовы выдаткаваць мільярды даляраў на распрацоўку прэпарата супраць каранавірусу.

«Нашы грошы могуць паскорыць працэс. Нягледзячы на тое, што ў выніку мы абярэм не больш за дзве вакцыны, мы збіраемся фінансаваць фабрыкі для ўсіх сямі, проста каб не марнаваць час на вызначэнне таго, ці працуе вакцына, а потым яшчэ і на будаўніцтва завода», - сказаў Гейтс.

Акрамя вакцын, Гейтс актыўна выступае і за больш жорсткія сацыяльныя захады для супрацьдзеяння вірусу. Напрыклад, нядаўна ён заклікаў улады ўвесці агульнанацыянальны карантын у ЗША.

Важна нагадаць, што Гейтс яшчэ раней папярэджваў аб маштабнай пандэміі і заклікаў рыхтавацца да яе. У снежня 2018 года мільярдэр прагназаваў магчымасць з'яўлення смяротнай эпідэміі цягам наступнага дзесяцігоддзя. Тады ён прадставіў імітацыю ад Інстытута мадэлявання захворванняў, якая паказала, што новы грып, падобны на той, які забіў 50 мільёнаў чалавек падчас пандэміі 1918 году, цяпер, хутчэй за ўсё, заб'е 30 мільёнаў чалавек цягам шасці месяцаў.

Таксама для таго, каб больш часу надаваць дабрачыннасці, фінансаваць розныя медыцынскія даследаванні і процідзейнічаць змене клімату, Біл Гейтс 13 сакавіка 2020 года, пакінуў раду дырэктараў сваёй кампаніі Microsoft і сышоў з пасады чальца рады дырэктараў інвестыцыйнага фонду Berkshire Hathaway Уорэна Бафета.

Хоць, яшчэ з чэрвеня 2008 года ён скараціў свой удзел у працы кампаніі, каб засяродзіцца на працы дабрачыннага фонду.

Біл Гейтс ужо даўно вядомы не толькі тым, што ён адзін з самых багатых людзей на планеце, але яшчэ і сваёй актыўнай дабрачыннай дзейнасцю.

Напрыклад, у 2018 годзе ён выдаткаваў $200 млн на даследаванне сферы каналізацыйных сістэм і ачышчальных установак. Таксама тады ён назваў прыбіральні, якія могуць аддзяляць вадкія і цвёрдыя адкіды, больш эфектыўна перапрацоўваць ваду, якую потым можна выкарыстоўваць для мыцця рук і іншых мэтаў «найбольш важнымі прарывамі ў санітарыі за апошнія 200 гадоў».