28 сакавiка 2024, Чацвер, 15:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«У сераду пачаў кашляць, у пятніцу памёр»

43
«У сераду пачаў кашляць, у пятніцу памёр»

59-гадоваму работніку спорткомплекса «Стайкі» ставілі дыягназ ВРВІ, а ён памёр ад каранавірусу.

59-гадовы Фёдар Б., які працаваў сантэхнікам у комплексе алімпійскай падрыхтоўкі «Стайкі» пад Менскам, некалькі дзён скардзіўся на высокую тэмпературу і кашаль. Яму паставілі дыягназ ВРВІ, але не забралі ў лякарню. Уначы з 2 на 3 красавіка ён памёр.

Гісторыю свайго дзядзькі паведаміла «Белсату» жыхарка Менска Вольга. Паводле яе слоў, у пасведчанні аб смерці напісалі: «сэрцава-лёгачная недастатковасць». На фоне чаго яна развілася, не ўдакладнілі.

«У нас сям'я раскалолася на дзве часткі: тыя, хто верыць у афіцыйную прычыну, і тыя, хто не верыць. Апошнія не пайшлі на пахаванне. Жонка памерлага ўпэўненая, што гэта не каранавірус, бо дзядзька вельмі цяжка працаваў і ніколі не звяртаўся да лекараў. Яна ўзяла на працы адпачынак на 5 дзён, але не ізалявалася і прадаўжае свабодна перамяшчацца па гораду», - кажа Вольга.

Яна распавядае, што ў пазамінулую пятніцу, 30 сакавіка, у Фёдара паднялася тэмпература 38. У панядзелак ён выклікаў на дом доктара з паліклінікі па месцы жыхарства ў мікрараёне Малінаўка. Мужчыну выставілі дыягназ: вострая рэспіратарная вірусная інфекцыя (ВРВІ).

«Яму прапісалі парацэтамол, каб збіваць тэмпературу, і антыбіётыкі. У сераду пачаўся кашаль, на наступны дзень выклікалі хуткую. Хуткая спытала, ці быў ён за мяжой і ці з'яўляецца кантактам першага ўзроўню. Сваякі адказалі, што не. Тады ім параілі раніцай зноў выклікаць лекара, але да раніцы ён ужо не дажыў.

Атрымліваецца, вось так чалавек згарэў ад сэрцава-лёгачнай недастатковасці?» - кажа Вольга.

Дзяўчына дадае, што дзядзька паліў і «час ад часу кашляў», але пра канкрэтныя хранічныя хваробы ёй нічога невядома. На канстатацыю смерці хуткая прыехала без спецадзення - толькі ў масках і пальчатках.

«Калегі на працы спачатку збіраліся зладзіць памінкі, стол, а потым патэлефанавалі цётцы і папрасілі прабачэння, што не змогуць арганізаваць нічога праз карантын», - распавядае Вольга.

Грамадзянская жонка Фёдара застаецца ў цяжкім псіхалагічным стане, увесь час плача, кажа Вольга. Гаварыць з журналістамі пакуль не гатовая.

«Яна нават не ведае, ці бралі ў яго мазок на каранавірус. Калі «хуткая» прыехала, яе папрасілі выйсці з пакоя і нешта там рабілі, нейкія ўколы. Магчыма, спрабавалі неяк ратаваць», - дадае Вольга.

Таксама дзяўчына сцвярджае, што яе бацькі, якія жывуць непадалёк ад спорткомплекса «Стайкі», паведамілі пра як мінімум два выпадкі заражэння каранавірусам у суседняй вёсцы.

Адміністрацыя сп.комплекса «Стайкі»: выпадкаў каранавірусу у нас няма

«Стайкі» - гэта асноўная трэніровачная база спартоўцаў, якія рыхтуюцца да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях. Хоць Алімпіяду-2020 у Токіё перанеслі на наступнае лета, беларускія спартоўцы прадаўжаюць трэніроўкі. 5 красавіка выканаўчы дырэктар Беларускай федэрацыі бокса заяўляў БелТА, што тэсты на каранавірус ва ўсіх баксёраў адмоўныя.

І спартоўцы, і частка персаналу жывуць на тэрыторыі комплексу. Сантэхнік таксама жыў там у службовай кватэры.

Намеснік генеральнага дырэктара комплексу «Стайкі» ў адміністрацыйна-гаспадарчай працы Андрэй Новікаў сказаў, што пра смерць сантэхніка адміністрацыя ведае, але не звязвае яе з каранавірусам. «Афіцыйна нам не прадставілі ніякіх дакументаў [з пацвярджэннем каранавірусу]... ні ў персаналу, ні ў спартоўцаў не было выяўлена каранавірусу, агульнага росту захворванняў у нас таксама няма», - адзначыў Новікаў.

Разам з тым ён дадаў, што прафілактычныя захады ў «Стайках» увялі амаль два тыдні таму. «Ужо амаль два тыдні ў нас праводзіцца комплекс мерапрыемстваў для папярэджання занясення каронавіруснай інфекцыі: уведзены больш жорсткі прапускны рэжым, ахова праінструктаваная, староннім уваход на тэрыторыю забаронены, вызначылі месцы, дзе можна апрацаваць рукі, дэзінфікуем памяшканні. Мы максімальна абмяжоўваем кантакты спартоўцаў: ні іх, ні трэнераў мы за тэрыторыю комплексу не выпускаем», - патлумачыў Новікаў.

Напісаць каментар 43

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках