19 красавiка 2024, Пятніца, 21:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Каранавірус: новая інфармацыя па гарадах Беларусі

24
Каранавірус: новая інфармацыя па гарадах Беларусі

Актуальныя звесткі за сённяшні дзень.

Тэлеграм-канал «Баста!» апублікаваў новую інфармацыю з гарадоў Беларусі за сённяшні дзень. Публікуюцца толькі тыя звесткі, якія пацверджаны з некалькіх крыніц альбо суправаджаюцца фота і відэа.

Менск.

У сталіцы Беларусі, паводле звестак чытачоў, забіралі людзей на вуліцах Янкі Лучыны, Якубава, Ясеніна, на Партызанскім праспекце (ГЦ «Мома»),

Таксама паведамляюць пра новыя выпадкі заражэння ў шпіталях Менску.

«Яшчэ два выпадкі ў шпіталі МУС - пацыент і медсястра ў пульманалогіі», - піша чытач.

«Захварэла шмат лекараў з Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі», - піша сваяк аднаго са шпіталізаваных.

«Станоўчы тэст на каранавірус у выхавальніцы дзіцячага сада №455 і ў пяці дзяцей. Сад не закрылі», - піша маці аднаго з тых, хто захварэў. Імя ёсць у рэдакцыі канала.

Гомель.

«Добры дзень. Гомель. Дзіцячая бальніца на Жаркоўскага. Сын ляжыць у педыятрычным аддзяленні N4, патэлефанаваў толькі што, забаранілі выходзіць з палат. У аднаго з пацыентаў пацверджаны каранавірус», - паведамляе чытач.

«У аддзяленні педыятрыі Гомельскай абласной дзіцячай бальніцы ляжаў тата з дзіцем, іх ужо выпісалі. У бацькі падазрэнне на каранавірус. Усё апрацавалі, у сталовую не ходзяць, абед і вячэру прыносілі ў палату», - піша жыхарка Гомеля.

«Учора і пазаўчора забіралі людзей на вуліцы Чачэрскай», - паведамляе чытач.

Магілёў.

«Сёння забіралі людзей на вуліцы Шміта, 96», - паведаміў сведка.

Ельск, Гомельская вобласць.

«Дырэктар сярэдняй школы №1 у горадзе Ельск шпіталізаваны з падазрэннем на каранавірус. Чакае вынікаў тэсту», - паведамляе супрацоўнік гімназіі, якая знаходзіцца ў тым жа будынку, што і школа.

Міханавічы, Менскі раён.

«Дзяўчыну забрала хуткая з падазрэннем. Паклалі ў лякарню ў Валожыне бо ў Менску няма месцаў. Яна працуе ў Менску ў «Еўраопце», - піша чытач.

Барысаў, Менская вобласць.

«Супрацоўнікаў АБЭЗ Барысаўскага РУУС амаль у поўным складзе адправілі на самаізаляцыю. Тыдзень таму на практыку прыйшоў курсант, у якога ў наступным выявілі Сovid-19. У бальніцу нікога не паклалі, хоць былі хлопцы з тэмпературай і кашлем. Няма месцаў», - паведамляе чытач . Інфармацыю пацвердзілі ў Барысаўскім РУУС.

Шуміліна, Віцебская вобласць.

«Зачынілі санстанцыю. Двое супрацоўнікаў шпіталізаваны з падазрэннем на каранавірус», - піша крыніца з Шуміліна.

Рэчыца, Гомельская вобласць.

«Шпіталізаваная жанчына, якая наведвала сваіх дзяцей у Віцебску. Знялі з цягніка, калі вярталася і адразу - у інфекцыйнае аддзяленне раённай бальніцы. Шукаюць кантакты», - піша чытач.

«Мінімум, два выпадкі ў Рэчыцы. Сям'я, у якой сваякі ў Віцебску і супрацоўніца крамы. Іх сваякі таксама шпіталізаваныя», - паведамілі крыніцы ў райвыканкаме.

Паставы, Віцебская вобласць.

«Добры дзень, я жыву ў Пастаўскім раёне, у маці суседкі пацверджаны дыягназ Covid-19. Падчапіла ў Віцебску, калі знаходзілася на прафілактыцы. Сёння прыязджалі людзі ў касцюмах да суседзяў, апрацоўвалі дом і двор», - піша падпісчыца канала.

Аграгарадок Ноўка, Віцебскі раён.

«Станоўчы вынік на каранавірус у работніка фермы. Забралі ў бальніцу. Усіх, хто з ім кантактаваў сёння паслалі на тэставанне і адправілі на трохдзённы карантын», - піша чытач.

Новалукомль, Віцебская вобласць.

«Забралі дзяўчыну, якая вучылася ў Віцебску, студэнтка», - паведамляе падпісант.

Асіповічы, Магілёўская вобласць.

«Мінімум, трох станоўчых, павезлі ў Бабруйск. Інфекцыёнка запоўненая кантактнымі, перапрафілявалі дзіцячае аддзяленне ў інфекцыйнае з учорашняга дня, персанал плача не ведае як працаваць», - піша супрацоўнік раённай бальніцы.

Сцягвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Баста» і стварайце гісторыю свабоднай Беларусі.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках