25 красавiка 2024, Чацвер, 20:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Войніч: Беларусь ідзе да значна горшай сітуацыі з COVID-19, чым Італія, Гішпанія і Францыя

48
Андрэй Войніч: Беларусь ідзе да значна горшай сітуацыі з COVID-19, чым Італія, Гішпанія і Францыя
ФОТА: NN.BY

Клінікі перапоўненыя пацыентамі з каранавірусам.

Аб актуальнай сітуацыі з эпідэміяй COVID-19 у Беларусі сайт Charter97.org пагаварыў з вядомым блогерам, актывістам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэем Войнічамм, у якога ёсць медыцынская адукацыя ў спецыяльнасці мікрабіялогія і вірусалогія.

- Андрэй, вы атрымалі медыцынскую адукацыю ў спецыяльнасці мікрабіялогія і вірусалогія і падтрымліваеце кантакты з аднакурснікамі. Што кажуць пра эпідэміі каранавіруса беларускія медыкі?

- Са слоў маіх аднакурснікаў і знаёмых медыкаў, з каранавірусам у Беларусі вымалёўваецца вельмі сумная карціна. Па-першае, медыкі ў большасці сваёй баяцца адкрыта пра гэта казаць, але хаця б згадваюць пра тое, што эпідэмія і смерці людзей сталі палітычнай тэмай.

Па-другое, казаць ёсць пра што, бо маштабы праблемы ў Беларусі вельмі ўражальныя. Аб смерцях я не магу сказаць дакладнай лічбы, бо яе на напраўду ў лекараў няма, інфармацыя трымаецца ў сакрэце. Але я ведаю ад розных крыніц, што людзі паміраюць сістэматычна. У сведчаннях аб смерці ім ставяць розныя віды пнеўманіі або іншыя праблемы з лёгкімі. У выніку з афіцыйнай дакументацыі вынікае, што яны нібыта паміраюць ад усяго, акрамя каранавіруса.

Але гэтыя людзі прыязджаюць у шпіталі з сімптомамі каранавіруса, ляжаць у каранавірусных аддзяленнях. Пры гэтым ім кажуць, што лечаць іх як бы ад іншых захворванняў.

- У якіх гарадах і рэгіёнах Беларусі сітуацыя найбольш крытычная?

- У Менску і ў Віцебску цяпер самыя крытычныя сітуацыі.

Дарэчы, наконт Менска: мне распавёў калега, што яшчэ за месяц да таго, як у нас афіцыйна з'явіўся каранавірус, усе кітайцы, якіх не пусцілі ў Расею (РФ тады закрыла межы), паехалі туды праз Беларусь. Гэта значыць, яны прыляталі на самалётах, нейкі час былі ў Менску і ляцелі далей у Расею ці ехалі па зямлі. Фактычна, пару тыдняў праз нас праходзіла масавая міграцыя людзей, якія, магчыма, былі інфікаваныя. Дзякуючы Лукашэнку, яны нам прынеслі гэта «шчасце» і Менск пацярпеў больш за ўсё.

Тады іншая мая калега распавядала, што пад Маладзечнам ужо быў створаны каранцінны лагер, куды звозілі некаторых замежнікаў з тэмпературай.

- Што яшчэ вам распавялі знаёмыя лекары аб актуальнай сітуацыі ў беларускіх лякарнях?

- Асноўнае кола маіх знаёмых-медыкаў - гэта лабаранты і лекары-лабаранты. Яны не працуюць у аддзяленнях з хворымі наўпрост, але яны рэгулярна іх наведваюць. Зараз мінімізаваная камунікацыя лабараторый з людзьмі, і практычна нідзе не бяруць кроў з пальца - толькі з вены, і прыносяць адразу ў лабараторыю.

Мае знаёмыя - гэта ў асноўным гематалогіі. Так як яны працуюць з крывёю, то могуць сказаць, што нават па яе колеры відаць, ці хварэе чалавек на каранавірус ці не. Гэта значыць, насычэнне кіслародам у крыві заўважнае з яе агульнага аналізу. Лекары разумеюць, што патэнцыйных хворых каранавіруснай інфекцыяй, сапраўды, вельмі шмат. Цяпер практычна ўсе клінікі імі забітыя.

Асобная тэма - гэта брак сродкаў індывідуальнай абароны, пра якую пастаянна распавядаюць знаёмыя медыкі. У Менску пакуль усяго стае, але ўжо ў Барысаве пачынаюцца праблемы з пальчаткамі. Людзі часта вымушаныя іх мыць, хоць гэта супярэчыць інструкцыі іх выкарыстання.

Маскі медработнікам пакуль яшчэ выдаюць, але ў невялікай колькасці. Наконт марлевых павязак - гэта проста сорам. Дастаткова ўзяць гэтую павязку і пырснуць праз яе з балончыка з дэзадарантам, каб пераканацца, што яна прапускае практычна ўсё. Гэта самае ганебнае, што вырабляла Беларусь для медыцыны за ўсю гісторыю свайго суверэннага існавання. Гэтыя маскі - проста плацэба.

- Беларускія ўлады не ўводзяць карантын: працуюць школы, прадпрыемствы, дзіцячыя садкі, па гарадах ездзяць аўтобусы з хворымі пасажырамі... Якія асяродкі эпідэміі, на вашу думку, самыя небяспечныя? Дзе варта чакаць чарговых успышак інфекцыі?

- У Менску, таму што самыя сур'ёзныя асяродкі эпідэміі знаходзяцца там, дзе самая высокая канцэнтрацыя насельніцтва. Яшчэ Менск - гэта эпіцэнтр дарог. З яго асяродкі ўжо перайшлі ў раёны, проста пра іх яшчэ не так шмат вядома. Я ведаю, што з Докшыц вывозяць хворых людзей у абласны цэнтр, у Віцебск. На самай справе, каранавірус зараз ёсць усюды, ва ўсіх раёнах Беларусі, хоць у афіцыйныя справаздачы такая інфармацыя не патрапіць.

Лукашэнка за ўсю гісторыю свайго так званага «кіравання» зрабіў усё, каб сістэма працавала на паказуху. Дзесьці ад нас спрабуюць схаваць рэальныя факты і лічбы, дзесьці - скрывіць праўду.

Я зараз знаходжуся на карантыне ў Менску, але ўчора мне прыйшлося выйсці з дому. Я ехаў у метро - так, там людзей няшмат. Нават у цягніку ўсе сядзяць у шахматным парадку. Але выходзіш з метро - і вельмі вялікая колькасць людзей рухаецца плынню, блізка камунікуюць у вялікіх кампаніях. Гэта людзі, якія свядома выракаюць сябе на захворванне. Яны не інфармаваныя ўладамі аб небяспецы COVID-19, у гэтым і ёсць уся праблема.

- Беларускія лекары ўсё часцей самі становяцца ахвярамі каранавіруса, цэлыя аддзялення і змены прывозяць у інфекцыйныя клінікі. Ці ўсведамляюць лекары, што беларускія ўлады падвялі медыцыну да рысы катастрофы?

- Лекары ўсё гэта ўсвядомяць. Цяпер склалася сітуацыя, калі яны адкрыта ў сацыяльных сетках выкладваюць допісы са сваім абурэннем. Яны адкрыта выказваюцца аб праблемах - і такога не было яшчэ паўгода таму. Я сам працаваў у медыцыне і з цяжкасцю вытрымліваў псіхалагічна. З медыка ў жыцці не выцягнеш ні слова пра праблемы, бо яны працуюць пад пастаянным шантажом і ціскам. Яны ўсё гэта цярпелі, але цяпер адкрыта кажуць пра набліжэнне катастрофы.

Сапраўды: лекары ў нас самі становяцца ахвярамі каранавіруса, і гэта прывядзе толькі да ўзмацнення эпідэміі. Хворых людзей будзе станавіцца ўсё больш, а здаровых медыкаў - усё менш. Адпаведна, смяротнасць будзе вышэйшай і адсотак захворвання таксама.

- Экспэрты Імперскага каледжа ў Лондане мяркуюць, што ад каранавіруса ў Беларусі могуць памерці да 68 тысяч чалавек.

- Думаю, што экспэрты палічылі правільна, і гэта нават не самая вялікая лічба. Па маёй суб'ектыўнай ацэнцы, цяпер у Беларусі, а можа і ў самім Менску, не адзін дзясятак тысяч заражаных.

Карантын патрэбны, але тут яшчэ важную ролю адыгрываюць інфармаванасць і выпушчаны час. Дзякуючы таму, што Лукашэнка не зрабіў таго, што трэба было зрабіць яшчэ ў лютым, мы рызыкуем апынуцца ў сітуацыі значна горшай, чым апынуліся Італія, Гішпанія і Францыя.

Так, у тых краінах позна ўвялі карантын, але хаця б рабілі нейкія прафілактычныя інфармацыйныя мерапрыемствы. А ў нас «усё добра» ў заявах, мы праводзім чэмпіянат у футболе, мы збіраемся праводзіць парад 9 траўня. Я думаю, 9 траўня ў нас толькі наступіць пік. Калі ў Лукашэнкі не дастаткова мазгоў скасаваць парад, то Беларусь апынецца на мяжы калапсу.

- Нядаўна вы выступілі з заклікам да лекараў не маўчаць і прадухіліць катастрофу ў Беларусі. Што вы можаце сказаць пра тых, якія гэтую катастрофу правакуе?

- Тут можна сказаць толькі адно: гэта злачынства на мяжы з актыўным і агрэсіўным знішчэннем уласнага народа. Я магу гэта параўнаць толькі з генацыдам з Руандзе ў 1994 годзе.

Толькі там гэта рабілася ўручную, а тут з дапамогай эпідэміі. Іншых асацыяцый дзеянні Лукашэнкі і яго халуёў у мяне не выклікаюць.

Напісаць каментар 48

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках