24 красавiка 2024, Серада, 15:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Раніцай - выпісалі, увечары - забралі ў інфекцыйную лякарню»

«Раніцай - выпісалі, увечары - забралі ў інфекцыйную лякарню»
ФОТА: SVABODA.ORG

Што адбываецца пад Буда-Кашалёвам, дзе ў лякарню праз COVID-19 забралі 39 чалавек.

У раённую лякарню трапілі 39 жыхароў пасёлка Камунар, што пад Буда-Кашалёвам. З іх 24 - трэцякласнікі. Прычына - у аднаго з трэцякласнікаў знайшлі каранавірус. Ён займаўся ў Гомельскай СДЮШАР-4, два трэнеры якой захварэлі COVID-19.

29 чалавек пасля тэстаў з лякарні адпусцілі, 10 застаюцца пад медыцынскім наглядам. Гэта сям'я хлопчыка, чатыры школьнікі, якія сядзелі ў класе блізка каля яго, а таксама настаўніца.

«Радыё Свабода» высветліла, як камунараўцы сустрэлі «заразны» выклік.

На вуліцах людзей мала. Жыхары стараюцца без лішняй патрэбы не выходзіць з дому. Пенсіянеры назіраюць за жыццём пасёлка з вокнаў і балконаў. Адна пенсіянерка сядзіць у адзіноце на лавачцы пад пад'ездам.

«Слухайце, што нам, старым, рабіць? Ці можна ўжо выходзіць з кватэр? Я сёння толькі першы раз выйшла», - пытаецца ў нас пенсіянерка ў масцы.

Усе, хто спяшаецца ў краму ці на працу, - у масках, некаторыя - у пальчатках.

Дзеці праводзяць час на гульнявых пляцоўках, арэлях. Усе запар - у масках або рэспіратарах. Просім у іх бацькоў дазвол на здымкі. «Насця, дадому, хутка!» - замест дазволу дзіця заганяюць назад у кватэру.

«Сапраўды - першы раз за тыдзень выйшлі на двор! Стаміліся ўжо ў доме сядзець з дзецьмі. Мы іх у садок не водзім. Не толькі пасля гэтага выпадку са школьнікам, але і раней не вадзілі - мы за пільнасць. Мы не сталі вадзіць дзяцей у садок, як толькі пайшла інфармацыя пра каранавірус. Маскі, антысептыкі - усё гэта мы выконваем», - кажуць маладыя бацькі Таццяна і Вячаслаў. У іх двое маленькіх дзяцей.

У пасёлку жыве больш за 2 тысячы чалавек. Большасць з іх працуе на мясцовай птушкафабрыцы.

«Я на працу больш аўтобусам не езджу, пешшу хаджу - ці мала хто едзе ў тым аўтобусе? Іх, натуральна, дэзінфікуюць, але лепш я пешшу на працу дабяруся. Карантын трэба ўводзіць, і даўным-даўно», - разважае мясцовая жыхарка.

Аксана - маладая маці. Яна таксама не водзіць дачку ў садок, і наогул сям'я сама абвясціла карантын. «Сядзім дома, муж пакуль у адпачынку. На двор стараемся не выходзіць. Сёння - першы раз за тыдзень як мінімум, бо надвор'е добрае. Нашу выхавальніцу з садка таксама забіралі на праверку ў Буда-Кашалёве. Яна ехала ў адной маршрутцы з тым хлопчыкам», - кажа Аксана.

«Пад'езд дэзінфікуем самі»

Яна прывучыла дачку апрацоўваць рукі антысептыкам. У маці з сабой вялікая бутэлька дэзінфекцыйнага сродку, вільготныя сурвэткі, у дачкі - малая бутэлечка з антысептыкам.

Сама Аксана клапоціцца пра агульную бяспеку ў пад'ездзе.

«Мне не цяжка. Я ў нашым пад'ездзе усе ручкі, паверхні, поручні апрацоўваю сродкам для дэзінфекцыі, суседка падлогу мые - таксама з рознымі сродкамі для дэзінфекцыі. Наколькі я ведаю, зусім мала бацькоў водзяць дзяцей у садок. У каго ёсць магчымасць - усе сядзяць дома», - адзначае маладая маці.

На ўваходзе ў Камунараўскую школу вісіць папярэджанне, што староннім людзям за вахту праходзіць нельга.

Дырэктар школы Міхаіл Барысевіч распавядае, што да серады ў лякарні застаецца сям'я хлопчыка, настаўніца і чатыры школьнікі.

«Наколькі я ведаю, ва ўсіх адмоўныя вынікі аналізаў. Але лекары яшчэ раз пераправерыць іх, каб падстрахавацца», - кажа дырэктар.

Ён пазітыўна адклікаецца аб сям'і хворага хлопчыка. Гэта шматдзетная сям'я, усё вельмі актыўныя, удзельнічалі ў спартыўных спаборніцтвах, розных пасялковых і раённых мерапрыемствах. Бацькі клапаціліся пра развіццё дзяцей - аддалі сына на акрабатыку ў Гомель.

«Наколькі я ведаю, звязваўся з маці, - хлопчык адчувае сябе добра. Ды і ўсе, каго тады забралі, не мелі ніякіх праблем са здароўем», - адзначыў Міхаіл Барысевіч.

Ён сцвярджае: ніякай панікі ў Камунары не было. Санітарныя службы папярэдзілі людзей, каб тыя падрыхтавалі дзяцей, і забралі малых на праверку.

«Школу чатыры разы апрацавалі рознымі сродкамі»

«Школу мы ўсю апрацавалі сродкамі дэзінфекцыі, чатыры разы. У нас усё ёсць для апрацоўкі сцен, паверхняў, рук. Сёння, калі трэба, я магу яшчэ тону сродкаў дэзінфекцыі развезці для апрацоўкі. Шчыра - прасілі дзяцей, каб больш сядзелі па дамах. Мы гатовыя, калі трэба, арганізаваць дыстанцыйнае навучанне. У нас і цяпер ёсць ва ўсіх настаўнікаў, класных групы ў Viber, нашы філолагі ўжо скідаюць школьнікам заданні, збіраюцца ў пэўны час, абмяркоўваюць літаратурныя творы праз інтэрнэт. Калі што - класныя будуць збіраць заданні для розных прадметаў і дасылаць дзецям», - тлумачыць Міхаіл Барысевіч.

З панядзелка ў школе пачнуцца заняткі. Але дырэктар звяртае ўвагу, што ніхто не забароніць бацькам не пускаць дзяцей у школу, калі тыя не захочуць.

«Мы арганізуем для іх дыстанцыйныя заданні па школьнай праграме», - дадаў дырэктар.

6 красавіка жыхары камунараў на ўмовах ананімнасці паведамілі, што ўвечары супрацоўнікі «хуткай» у ахоўных касцюмах забралі пенсіянерку, жыхарку пасёлка. Гэты выпадак не звязаны са шпіталізацыяй 39 чалавек.

«Раніцай - выпісалі, увечары - забралі ў інфекцыйную лякарню»

Муж пенсіянеркі цяпер сам сядзіць дома, як параілі лекары.

«Мая жонка ляжала ў абласной лякарні. Учора, 6 красавіка, яе выпісалі, раніцай. Я паехаў і забраў яе. Увечары нам патэлефанавалі лекары і сказалі, каб яна зноў збіралася ў шпіталь - інфекцыйны. Як ёй патлумачылі, у абласной лякарні, але гэта недакладна пакуль, у жанчыны, якая з ёй ляжала, з іншага раёна, выявілі папярэдне каранавірус. Яны былі ў адной палаце. Зараз жонка ў інфекцыі. Але ў яе няма ніякіх прыкмет захворвання. Вынікі тэсту будуць у сераду. Спадзяюся, з ёй усё будзе добра», - кажа пенсіянер.

Санітарная служба правяла дэзінфекцыю іх кватэры і пад'езда.

У Гомельскай абласной клінічнай лякарні - карантын. На галоўным уваходзе аб'ява: «наведванні забароненыя з 6 красавіка». Для сваякоў цяжкахворых пацыентаў прадугледжаны разавыя пропускі.

У Гомельскай вобласці на 7 красавіка было 32 выпадкі каранавіруса, 10 з іх - у Лельчыцкім раёне. Людзі, якія захварэлі каранавірусам, ёсць у Кастрычніцкім, Жлобінскім раёнах, Гомелі і Рэчыцы.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках