11 лiпеня 2020, Субота, 2:31
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Bloomberg: Няўдалы фінт Крамля зайшоў у тупік

9
Bloomberg: Няўдалы фінт Крамля зайшоў у тупік

Пуцін рызыкуе паўтарыць гісторыю з «Курскам» дваццацігадовай даўніны.

На думку маскоўскіх прыхільнікаў жорсткага курсу, сланцавы бум, які ператварыў ЗША ў вядучага нафтавага экспарцёра, таксама спрыяе росту ваяўнічасці Вашынгтона. У пачатку сакавіка нізкія кошты сталі доўгачаканым спосабам, які дазваляе сапхнуць амерыканскіх вытворцаў у прорву. Назапашаныя расейскай дзяржавай сродкі і нізкі сабекошт нафтаздабычы дазвалялі Расеі пайсці на пэўныя ахвяры. Але гэта было тады. Цяпер жа пашырэнне эпідэміі каранавірусу вымусіла краіну перайсці на рэжым самаізаляцыі, які прадоўжыцца да канца красавіка, а таксама нанесла беспрэцэдэнтны ўдар у попыт на нафту, піша Bloomberg (пераклад – inosmi.ru).

Гэта двайны ўдар па прэзідэнту Уладзіміру Пуціну, які бачыць, як зніжаюцца яго рэйтынгі, але рыхтуецца прадоўжыць свой прэзідэнцкі тэрмін. Цяпер патрэбная дамоўленасць з іншымі нафтаздабыўнымі краінамі пра скарачэнне здабычы, каб аслабіць удар ад падзення коштаў, спыніць далейшае зніжэнне эканамічнага росту і папулярнасці прэзідэнта. Іншае пытанне – ці атрымаецца дамагчыся гэтага на крамлёўскіх умовах.

Безумоўна, Расея сёння лепш абароненая, чым раней, збольшага дзякуючы фінансаваму буферу, створанаму з прычыны амерыканскіх санкцый. Падобна да Саудаўскай Аравіі, з якой Масква ўступіла ў супрацьстаянне, нарошчваючы здабычу, яна скарысталася ў свой час высокімі нафтавымі коштамі, каб скараціць аб'ём знешняй пазыкі. Фінансавая разважлівасць дапамагла стварыць прафіцыт бюджэту і павялічыць валютныя рэзервы. Карпаратыўная завінавачанасць у замежнай валюце скарацілася. Краіна стала забяспечваць сябе харчаваннем.

Аднак сёлета нафтавыя кошты ўпалі напалову. Марка брэнт каштуе 34 даляры за бараль, а заходнетэхаская сярэдняя і юралс, якую Расея пастаўляе на экспарт, упалі ў кошце ніжэй за 30 даляраў. Гэта змрочная навіна для Масквы, прычым не толькі таму, што расейскі бюджэт вярстаецца ў разліку на 40 даляраў за бараль, але і таму, што Пуцін пачаў гэты год з абяцанняў пра значнае павелічэнне сацыяльных выдаткаў. Але бюджэт можна скарэктаваць і пры кошце 20 даляраў, што ўжо робіцца. І Расея па-ранейшаму можа пазычаць.

Але пры цяперашніх коштах памер прыбытку ў расейскіх нафтаздабыўных кампаній істотна зніжаецца. Ім нафта абыходзіцца менш чым на 20 даляраў за бараль, і гэта уключаючы капітальныя выдаткі, здабычу і транспартаванне. Акрамя таго, яны таксама выгадаюць ад зніжэння курсу рубля і ад гнуткіх падаткаў. Праблемы ўзнікаюць не толькі ў дзяржаўнага бюджэту. Паменшацца аб'ёмы энэргетычных інвестыцый, вырасце беспрацоўе, знізіцца спажыванне. У спалучэнні з карантынам для грамадзянаў перспектывы ў эканомікі даволі непрывабныя. Агульнанацыянальная самаізаляцыя можа абысціся краіне на 1,5–2% ВУП, паводле звестак Банка Расеі. У мінулым месяцы ўрад падрыхтаваў горшы сцэнар, у адпаведнасці з якім скарачэнне эканомікі складзе цэлых 10%. Гэта сапраўдная трагедыя для краіны, дзе і без таго адзначаецца зніжэнне рэальных прыбыткаў.

Логіка ціску на сланцавыя кампаніі нікуды не знікла, як і ўплыў задзірлівага боса дзяржаўнай нафтавай кампаніі «Раснафта» Ігара Сечына. Ён напэўна яшчэ больш дадаў у вазе пасля студзеньскай змены ўрада. Паколькі агульнасусветны аб'ём попыту нейкі час будзе складаць менш за 100 мільёнаў бараляў за дзень, Расеі патрэбная больш важкая дзель з таго, што засталося. Але пры такім попыце і коштах у краіны наўрад ці атрымаецца рэалізаваць свае самыя амбіцыйныя праекты, скажам, у бажэнаўскай свіце, дзе знаходзяцца самыя вялікія ў свеце запасы нафты.

І ў гэты момант Расея сутыкнулася з новым непрадказальным чыннікам – каранавірусам. Ён нанёс прамы эканамічны ўдар, але важна не толькі гэта. Першапачаткова Пуцін рэагаваў на эпідэмію недастаткова катэгарычна, а краіна не вылучала значных фінансавых сродкаў, што негатыўна адбілася на яго рэйтынгах, у адрозненне ад амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа і іншых палітычных лідараў.

Найджэл Гулд-Дэвіс (Nigel Gould-Davies) з Міжнароднага інстытута стратэгічных даследаванняў мяркуе, што Пуцін рызыкуе паўтарыць гісторыю з «Курскам» дваццацігадовай даўніны. Тады яго безыніцыятыўнасць як кіраўніка падчас трагедыі з падводнай лодкай выклікала вострую крытыку. Вірус не пагражае ягоным планам унесці змены ў Канстытуцыю, каб застацца ва ўладзе. Але яму будзе нашмат цяжэй стаць «бацькам нацыі», на што ён спадзяецца, асабліва калі дасць збой слаба фундаваная расейская сістэма аховы здароўя.

Угода пра абмежаванне здабычы нават сёння не развяжа праблемы нафтавых коштаў, таму што ў нас цяпер самы вялікі лішак прапановы за ўсю гісторыю. Расеі будзе цяжка скараціць здабычу, нават калі яна захоча. Галоўны эканаміст трэйдарскай фірмы «Трафігура» (Trafigura) Саад Рахім (Saad Rahim) мяркуе, што Масква пагодзіцца скараціць здабычу самае большае на 500000–1000000 бараляў на дзень, паколькі ў яе шмат старых радовішчаў са зніжанымі аб'ёмамі здабывання нафты, і больш сур'ёзныя скарачэнні прывядуць да росту стратаў і да доўгатэрміновай шкоды для нафтавых пакладаў. А фонд дабрабыту не будзе кампенсаваць страчаныя аб'ёмы. На думку некаторых аналітыкаў, Маскве няма сэнсу саступаць цяпер, калі многія расейцы яшчэ не адчулі боль ад эканамічных стратаў.