29 сакавiка 2024, Пятніца, 4:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Страцілі шмат часу праз тэст»: Мянчанка, якая заразілася каранавірусам, расказала пра смерць бацькі

7
«Страцілі шмат часу праз тэст»: Мянчанка, якая заразілася каранавірусам, расказала пра смерць бацькі
ЮРЫ ВОСІПАЎ

Хвароба Юрыя Восіпава пачалася раптоўна.

Ганна Восіпава знаходзіцца ў Менскай інфекцыйнай лякарні са сваёй маці ўжо больш за тыдзень. 4 красавіка яе бацька, 69-гадовы Юрый Восіпаў, памёр у той жа лякарні. Жанчыны кажуць, што заразіліся каранавірусам ад яго. Першапачаткова хвароба нагадвала прастуду, але праз некалькі дзён у Юрыя развілася цяжкая форма пнеўманіі. Ганна перакананая, што калі б інфекцыю дыягнаставалі ў час і зрабілі тэст, бацька мог бы яшчэ жыць, піша сайт тэлеканала «Белсат».

Юрыю Восіпаву было 69 гадоў, інжынер з адукацыі, да пенсіі працаваў у Нацыянальным банку. Мужчына не піў і не паліў, калісьці шмат займаўся спортам, але праз узрост і праблемы з сэрцам рабіў гэта ўжо радзей. Паводле словаў Ганны, хвароба пачалася раптоўна. Мянчук нікуды не выходзіў, толькі на шпацыр у парк і ў аптэку.

«У таты не было прастуды, але раптам забалела горла. Выклікалі аднаго лекара, ён сказаў, што вірусу няма. На наступны дзень прыйшоў іншы, сказаў, што ў яго ларынгіт, і прапісаў лекі. Мы тады з мамай таксама ўжо захварэлі. Які ларынгіт у трох чалавек, калі гэта не інфекцыйнае захворванне?»

Ганна сама пайшла ў паліклініку № 3, каб здаць тэст на COVID-19. Жанчына працуе ў турыстычнай індустрыі: у яе шмат кантактаў з замежнікамі, яна часта ў амбасадах. На той момант у яе бацькоў узялі мазок на наяўнасць каранавірусу, але вынікі яшчэ не прыйшлі.

«Я ледзь дабралася да паліклінікі. У мяне астма, я вельмі прасіла прайсці абследаванне, таму што потым магло быць позна. Мне адмовілі, таму што я не выязджала за мяжу: маўляў, прычынаў няма, і для кожнага тэсту трэба пісаць тлумачальную».

Антыбіётыкі Юрыю не дапамаглі, развілася пнеўманія, і праз пару дзён яго даставілі ў лякарню № 10. На наступны дзень стала вядома, што тэст на каранавірус быў станоўчым. Мужчыну даставілі ў інфекцыйны шпіталь, туды ж забралі ягоную жонку. Ганна адзначае, што рэнтген не паказвае каранавірусную пнеўманію, яе відаць толькі падчас кампутарнай тамаграфіі.

«Рэнтген маёй мамы нічога не паказаў. Пасля шпіталізацыі маіх бацькоў мяне таксама паклалі ў «інфекцыйку». Лекарка, якая праводзіла агляд, дзівілася, што я кашляю, а мае лёгкія чыстыя. Пазней мне зрабілі кампутарную тамаграфію. Мы страцілі так шмат часу! Тэст зрабіць немагчыма: чалавека шпіталізуюць, калі ён ужо ў вельмі цяжкім стане. Калі б тата адразу трапіў у інфекцыйную лякарню, ён, магчыма, яшчэ б жыў. Страшна падумаць, колькі людзей можа памерці толькі таму, што ў нас не ўводзяць карантын».

Ганна адзначае, што ва ўсіх чальцоў сям'і былі розныя сімптомы: у бацькі быў насмарк і апухлыя вочы, а ў маці – чысты нос, але вельмі моцны задушлівы кашаль.

«Вы павінны звярнуць увагу на свой стан і неадкладна звярнуцца да лекара. Цынічна казаць, што заражаныя каранавірусам самі ў гэтым вінаватыя. У мяне бранхіяльная астма, у маёй мамы была анкалогія. У нас такая экалогія, ва ўсіх ёсць праблемы. У кожнага пасля шасцідзесяці гадоў ёсць хранічныя хваробы».

Цяпер Ганна і яе мама ў двухмеснай палаце. Пакуль рана казаць пра выздараўленне. Моцны кашаль не адступае, тэмпература трымаецца на ўзроўні 38 градусаў. Жанчыны пагадзіліся на лячэнне эксперыментальнымі прэпаратамі ад малярыі. Ганна ўдзячная лекарам сталічнай інфекцыйнай лякарні. Яна кажа, што яны змагаюцца за жыццё кожнага пацыента.

«Зразумела, што нашы лекары апынуліся ў такой сітуацыі ўпершыню. Эксперыментальныя прэпараты спрабуюць, у кожнага індывідуальны падыход. Медсёстры ўвесь час з намі, прыходзяць правяраць наша самаадчуванне нават уночы».

Паводле словаў суразмоўніцы, у ноч, калі яна паступіла ў лякарню, у прыёмнай была чарга, таму Ганна не верыць у афіцыйныя лікі колькасці хворых. Яе бацьку крэміравалі 4 красавіка. Сябры Юрыя Восіпава дапамаглі з пахаваннем. Сваякі яшчэ не атрымалі пасведчанне аб смерці.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках