5 лiпеня 2020, Нядзеля, 7:27
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

У Гомелі ў «дармаеды» запісалі навукоўцу

12
У Гомелі ў «дармаеды» запісалі навукоўцу
МІКОЛА НОВІКАЎ
ФОТА: Леанід Судаленка

Навуковец-эканаміст Мікола Новікаў надумаў пачаць судовы працэс супраць уладаў.

9 красавіка камісія спрыяння занятасці насельніцтва Адміністрацыі Савецкага раёна Гомеля апавясціла жыхара раёна Міколу Новікава пра адсутнасць звестак пра ягоны ўдзел у эканоміцы. Гамельчуку прапануецца падаць гэтыя звесткі альбо паведаміць пра наяўнасць у яго «цяжкай жыццёвай сітуацыі», піша «Гомельская вясна».

У адваротным выпадку, папярэджваюць яго, з 1 траўня гэтага года паслуга ЖКГ у газазабеспячэнні будзе налічаная паводле тарыфаў, «якія забяспечваюць поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных затратаў на яе».

Мікола Новікаў з'яўляецца ўласнікам жылога дома ў Гомелі і спажывае такую паслугу ЖКГ, як газазабеспячэнне, якое ў прыватных дамах, як вядома, забяспечвае і ацяпленне, і гарачую ваду.

57-гадовы гамяльчук скончыў аспірантуру, з'яўляецца навукоўцам, доўгі час займаўся выкладчыцкай працай, да звальнення выкладаў эканоміку ў гандлёва-эканамічным універсітэце. Ён таксама з'яўляецца актывістам Аб'яднанай грамадзянскай партыі, неаднаразова ўдзельнічаў у выбарах. Пасля заканчэння працоўнага кантракту ўніверсітэт спыніў з ім працоўныя стасункі, а знайсці ў Гомелі іншую працу, якая адпавядае ягонай падрыхтоўцы, стала не проста.

Навуковец-эканаміст, якога ўлада вызначыла ў дармаеды, заяўляе, што кожны грамадзянін, незалежна ад ягонай занятасці, з'яўляецца спажыўцом тавараў і паслуг, а такім чынам удзельнічае ў эканоміцы, выплачваючы прамыя і ўскосныя падаткі. І ён гэта гатовы даказваць, калі спатрэбіцца ў судзе.

«А пакуль я накіраваў у камісію заяву пра адсутнасць на рынку працы канкурэнтна здольных вакансій, адпаведных майму ўзроўню адукацыі. Калі гэтая паважлівая прычына і мой узрост не будуць прызнаныя цяжкай жыццёвай сітуацыяй, мне не застанецца іншага выбару, як ісці ў суд», – з абурэннем выказаўся гамяльчук.

Праваабаронца Леанід Судаленка, які дапамагае тым, каго ўлада назвала дармаедамі, заяўляе, што толькі поўнае скасаванне дармаедскага дэкрэта №3 дазволіць унікнуць прэтэнзій больш як паўмільёна беларусаў і іхніх сем'яў да дзяржавы.

«У сітуацыі, якая склалася не толькі ў нашай краіне, але і ва ўсім свеце, урады імкнуцца дапамагчы грамадзянам, а што мы бачым у нас? З дапамогай ганебнай кантрактнай сістэмы ўніверсітэт пазбавіў непажаданага выкладчыка працы і тут жа спрабуюць яшчэ і “клок поўсці састрыгчы”. Хіба гэта тая справядлівасць, пра якую нас спрабуе пераканаць дзяржідэалогія?» – задае пытанне правазнаўца.

Леанід Судаленка займаецца справай вядомай гомельскай хатняй гаспадыні Марыі Тарасенкі і дадаў, што для яе такая паслуга ЖКГ, як падагрэў гарачай вады з пачатку года падаражэла ў 5,5 разоў, або на 550%.

А ў гэты час афіцыйны сайт Гомельскага гарвыканкама паведамляе, што з 1 траўня газазабеспячэнне паводле субсідаванага тарыфу складзе 12 кап. за 1 куб. м газу, а для ўключаных у спіс працаздольных, якія не былі занятыя ў эканоміцы і з'яўляюцца ўласнікамі жылых памяшканняў, будзе на поўны кошт – 43 капейкі.

Як ні круці, а падаражанне атрымліваецца больш чым у 350% і адразу.