6 лiпеня 2020, панядзелак, 23:17
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Лізавета Пракопчык: Карантын – гэта рэалізацыя майго права на жыццё і здароўе

3
Лізавета Пракопчык: Карантын – гэта рэалізацыя майго права на жыццё і здароўе
ЛІЗАВЕТА ПРАКОПЧЫК

Яно гарантаванае нават унутранымі правіламі ВНУ.

Студэнтку чацвёртага курса факультэта нямецкай мовы Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Лізавету Пракопчык 6 красавіка адлічылі з ВНУ. Прычынай сталі тры вымовы цягам навучальнага года. Сапраўднай нагодай – грамадская дзейнасць і заклік да байкоту заняткаў падчас пандэміі каранавірусу.

Лізавета расказала прэс-службе грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь", як жывуць студэнты і чаму важнае ўвядзенне карантыну ў ВНУ:

– Я яшчэ з пачатку лютага здагадвалася, што мяне хочуць адлічыць, яшчэ з новага семестра. Я атрымала залік у фізкультуры, але мне яго анулявалі проста. Гэта ўжо быў сігнал, ніхто не зразумеў, што адбылося. Ніколі такога не было, каб камусьці анулявалі залік у фізкультуры проста так. Мяне хацелі праз гэта адлічыць, але было яшчэ шмат людзей, у якіх за летнюю сесію не стаіць залік ва ўніверсітэце. Я прадаўжала хадзіць, мне зноўку давялося адпрацоўваць семестр, усё было добра. Потым за люты мне далі вымову за пропускі. Гэта было звязана з маімі асабістымі справамі, я вымушаная працаваць, стабільна прапускаючы апошнюю пару таму, што праца ў мяне а 14-й пачынаецца, а пара ў 14.30 сканчаецца.

– Даводзілася сумяшчаць працу і вучобу? Чаму?

– Нават калі ў цябе ёсць стыпендыя, нават калі яна 100 рублёў, ты плаціш за інтэрнат, у цябе застаецца 70 рублёў, каб пражыць. Ты, натуральна, просіш грошы ў бацькоў. Напэўна, большасць, усе дзяўчаткі, з якімі я вучылася, не з Менска, з рэгіёнаў. Бацькі – звычайныя настаўнікі, працоўныя. Зразумела, што ім даводзіцца ў бацькоў грошы прасіць, такі колазварот, што нават на чацвёртым курсе ты не ўсведамляеш сябе дарослым чалавекам і табе ўвесь час трэба прасіць грошы ў бацькоў на тое, каб пражыць. Не на нейкую гулянку, а на тое, каб набыць сабе паесці. Таму так, давялося ісці на працу.

– Як Вас адлічылі?

– 17 сакавіка мы рабілі акцыю раздачы масак, 19 траўня мне сказалі, што далі вымову за люты, але загад ужо быў 19-га, праз дзень, калі мы раздавалі маскі.

Я была на самаізаляцыі праз эпідэмію, не хадзіла ва ўніверсітэт два тыдні, была часам на парах, калі мне даводзілася выходзіць у горад надоўга. Калі ўжо даводзілася парушаць самаізаляцыю, тады ішла ва ўніверсітэт.

У пачатку красавіка ў мяне папрасілі напісаць тлумачальную, у якой я паказала, што была на самаізаляцыі, што ва ўнутраных правілах распарадку ўніверсітэта студэнтам гарантаванае права на жыццё і здароўе, што я карантынам рэалізоўвала сваё права на захаванне майго жыцці і здароўя. Праз два дні мне сказалі ў панядзелак падысці, падпісаць загад пра вымову. Я пытаюся: «Навошта, гэта загад аб адлічэнні?», мне адказалі, што так. Я падпісала загад.

Я ўжо вучылася на чацвёртым курсе, калі мяне адлічылі. Вымова заўсёды рэктарам падпісваецца, загад рэктара. Ён даецца на падставе дакладной запіскі дэкана. Я не магу сказаць, што ў мяне былі вельмі добрыя стасункі з дэканатам. Гэта немагчыма, калі з другога курсу нешта ходзіш, прапануеш, як лепш зрабіць. Проста я ім ужо надакучыла. Лапцева Наталля Яўгенаўна – гэта мая дэкан, Баранава Наталля Пятроўна – рэктарка МДЛУ.

– А што Вы прапаноўвалі? Што хацелі зрабіць лепш?

– Аднойчы мне дазволілі рэалізаваць сваю ідэю, гэта было крута. 17 студзеня, у сусветны дзень студэнта, мы проста паставілі дошку ў калідоры і напісалі, чаго не хапае факультэту. Людзі падыходзілі, пісалі, малявалі, і гэта было крута. Рэальна, шмат хто абмяркоўваў гэта. Проста людзі пісалі пра праблемы, і ўжо з гэтымі праблемамі можна было пачаць працаваць. Дэкан ініцыявала нейкі сход, каб мы абмеркавалі гэтыя праблемы. Я ёй сказала спіс. Дэкан сказала, што гэта не праблемы.

– Скажыце, Вы ўважаеце Ваша адлічэнне палітычным?

– Так, уважаю, таму што ў мяне ёсць прыклад. У кіраўніка нашага БРСМ кожны месяц перавышаныя тэрміны, у яго ўжо больш за пяць вусных заўваг, але яму яшчэ ні разу не рабілі вымову. Ён прапускае, як і палова ўніверсітэта, на самай справе. Яму вусныя заўвагі робяць. Мне за тое самае, нават за меншую колькасць парушэнняў, давалі вымову.

– Што будзеце рабіць далей?

– Я буду абскарджваць гэтую пастанову ў Міністэрстве адукацыі альбо ў судзе, яшчэ не пастанавіла. Буду абскарджваць апошнюю вымову, таму што я мяркую, што мне яе далі незаслужана. Я проста рэалізоўвала сваё права, а ўніверсітэтам парушанае маё права. Нават калі я не перамагу ў гэтым судзе, я хачу аднавіцца на "завочку". Я выдаткавала чатыры гады жыцця, даволі шмат часу, і мне хацелася б атрымаць дыплом. Збіраюся працаваць, мне трэба пазыку выплаціць за навучанне.