28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менск губляе золатавалютныя запасы

15
Менск губляе золатавалютныя запасы

Насельніцтва Беларусі пераводзіць свае назапашванні ў даляры.

З пачатку года золатавалютныя рэзервы Беларусі скараціліся амаль на 1,5 млрд даляраў. Акрамя запланаваных выплат у пазыках Нацбанк у сакавіку вымушаны быў прадаваць запасы, каб падтрымаць беларускі рубель. Насельніцтва, асцерагаючыся дэвальвацыі, спрабуе канвертаваць свае назапашванні ў замежную валюту, піша «Независимая газета».

Паводле статыстыкі Нацбанку, золатавалютныя рэзервы Беларусі на 1 красавіка склалі 7,8 млрд даляраў, што на 1,456 млрд даляраў, або 16,3%, менш, чым было ў пачатку года. Прычым больш за ўсё давялося выдаткаваць з запасаў у сакавіку - 1,018 млрд даляраў. (Мінус 11,6% да ўзроўню мінулага месяца). «Зніжэнне ўзроўню міжнародных рэзервовых актываў за сакавік у асноўным абумоўленае продажам Нацыянальным банкам замежнай валюты на таргах ААТ «Беларуская валютна-фондавая біржа», а таксама планавай выплатай урадам і Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь замежных і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце на агульную суму 226,5 млн даляраў ЗША», - гаворыцца ў паведамленні Нацбанку з гэтай нагоды.

Як вядома, у сакавіку беларускі рубель стаў імкліва губляць у кошце да даляра і еўра. Так, у дачыненні да даляра ён страціў 16% кошту за сакавік і блізу 23% да пачатку года. Прычына - у падзенні коштаў нафты, а з імі і курсу расейскага рубля, з якім цесна звязаны беларускі. Дзель расейскага рубля ў валютным кошыку беларускага складае 50%.

Крохкі давер беларусаў да нацыянальных грошай, які толькі-толькі пачаў фармавацца ў апошнія два гады, адразу ж стаў разбурацца, і насельніцтва пабегла ў абменнікі. Усяго ў сакавіку беларусы набылі замежнай валюты на 1 млрд даляраў, а прадалі толькі на 742,5 млн даляраў. Чыстая купля насельніцтвам, такім чынам, склала 279,4 млн даляраў. Больш актыўна, чым раней, набывалі замежную валюту ў сакавіку і беларускія прадпрыемствы - яны купілі 2,29 млрд даляраў, а прадалі 1,67 млрд даляраў. Сальда таксама склалася на карысць куплі - 617,8 млн даляраў. Усяго ў сакавіку попыт на валюту перавысіў прапанову на 865,4 млн даляраў, а за тры месяцы гэты паказчык перавысіў 1 млрд даляраў.

Пакуль запасы застаюцца ў межах тых параметраў, якія абазначыў на гэты год урад, - да канца года золатавалютныя рэзервы павінны складаць не менш за 7,3 млрд даляраў. Пакуль міжнародныя экспэрты не ўважаюць сітуацыю з ЗВР Беларусі крытычнай. У панядзелак Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Standard&Poor's абнародавала чарговы рэйтынг для Беларусі - узровень «У», прагноз «стабільны». Гэта азначае, што краіна пакуль мае магчымасць выконваць свае фінансавыя абавязацельствы, але схільная да рызыкі ва ўмовах неспрыяльнай дзелавой, фінансавай і эканамічнай кан'юнктуры.

Зрэшты, рэйтынг рыхтаваўся да абвяшчэння вынікаў сакавіка. «Мы мяркуем, што назапашаны Нацбанкам Беларусі аб'ём міжнародных рэзерваў (8,8 млрд даляраў) дазваляе ўраду выканаць усе абавязацельствы ў вонкавай пазыцы цягам наступных 12 месяцаў нават ва ўмовах адсутнасці доступу да замежнага рынку аблігацый», - гаварылася ў справаздачы S&P. У той жа час экспэрты агенцтва дапускаюць, што ЗВР Беларусі могуць зменшыцца на 2,5 млрд даляраў.

Фінансавыя ўлады краіны не планавалі марнаваць сродкі на падтрымку курсу нацыянальнай валюты. Беларусь актыўна нарошчвала ЗВР увесь мінулы год, каб мець магчымасць бязбольна разлічвацца ў вонкавых абавязацельствах дзяржавы нават у тым выпадку, калі не будзе доступу да замежнага фінансавання. Як паведамлялася, выплаты па дзяржпазыцы ў 2020 годзе павінны скласці блізу 4 млрд даляраў. Прычым 70% прыпадае на вонкавую дзяржпазыку, намінаваную ў замежнай валюце.

Усяго дзяржпазыка Беларусі на 1 сакавіка складала 46,8 млрд бел. рублёў. (Больш за 18 млрд даляраў), замежная - 16,9 млрд даляраў, што складае 33,1% і 26,6% ВУП адпаведна. Улады планавалі, што будуць звяртацца па вонкавае фінансаванне ў 2020 годзе, напрыклад, пазычаць на міжнародных фінансавых рынках, што пакуль ва ўмовах сусветнай нестабільнасці праз пандэмію каранавірусу ўяўляецца немагчымым. На гэтую ж прычыну скарачаюцца і аб'ёмы беларускага экспарту, а значыць, паступленне валюты ў краіну. За першыя два месяцы мінус у экспарце тавараў да ўзроўню мінулага года склаў 14,3%. Гэты вынік быў звязаны са зніжэннем аб'ёмаў нафтаперапрацоўкі і адпаведна экспарту нафтапрадуктаў. Аднак у сакавіку і красавіку да яго дадасца агульнае запаволенне тэмпаў сусветнай і рэгіянальнай эканомікі праз прыпыненне вытворчасцей у большасці краін свету. Пакуль урад не ацэньваў магчымыя наступствы гэтага для Беларусі. Паводле ацэнак экспэртаў, ВУП краіны ў найлепшым выпадку ўпадзе на 2%, а ў найгоршым - значна больш.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках