29 сакавiка 2024, Пятніца, 1:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Працаўнікі БелАЭС аб каранавірусе: Заявы кіраўніцтва разыходзяцца з рэчаіснасцю

13
Працаўнікі БелАЭС аб каранавірусе: Заявы кіраўніцтва разыходзяцца з рэчаіснасцю

Што адбываецца на Астравецкай АЭС, дзе шпіталізавалі 100 чалавек.

8 красавіка на БелАЭС выявілі 15 інфіцыраваных каранавірусам грамадзян Расеі. Таксама былі шпіталізаваныя 100 чалавек, якія з'яўляюцца кантактамі першага ўзроўню. Міністэрства аховы здароўя інфармуе, што інфікаваных ізалявалі. У інфармацыйным цэнтры БелАЭС «Белсату» пацвердзілі, што на аб'екце цяпер ужываецца шэраг захадаў.

Работнікі Астравецкай АЭС кажуць, што заявы кіраўніцтва разыходзяцца з рэчаіснасцю.

«Напярэдадні напісалі, што нібыта ўсё пад кантролем. Нібыта дэзінфікавалі ўсе будынкі, работнікі ўсе ў масках і пальчатках. Але гэта не тычылася будаўнікоў, якія не маюць ахоўных сродкаў. Афіцыйна заяўляюць, што ва ўсіх на КПП правяраюць тэмпературу. А калі ў кагосьці яна падвышаная, то тады чалавеку блакуюць пропуск і не пускаюць на тэрыторыю новабудоўлі. Дык вось, напраўду ніколі ў нас, ні ўчора, ні заўчора, ні месяц таму ніхто не правяраў тэмпературу. Хіба што толькі правяраюць на наяўнасць перагару ў чалавека», - паведаміў працаўнік БелАЭС.

Са слоў работніка, на АЭС людзі праходзяць два КПП. Вонкавы, дзе знаходзіцца міліцыя і пазаведамасная ахова, а другі КПП - унутраны, дзе працуюць вайскоўцы і ўласная служба бяспекі.

«Дэзінфекцыя праводзілася толькі для асоб, якія ў «белых касках». Гэта інжынеры і кіраўніцтва. Нейкія працы вяліся толькі на галоўных будынках. На звычайных будаўнікоў мне здаецца, усім пляваць», - сведчыць работнік БелАЭС.

Адразу пасля выяўлення каранавірусу ў расейскіх будаўнікоў, з аб'екта забралі амаль сотню чалавек, якія з'яўляюцца кантактамі першага ўзроўню. Але, на думку суразмоўцы «Белсата», гэтага недастаткова.

«На праверку забралі з пляцоўкі блізу 100 чалавек, гэта сапраўды так. Увогуле гэта тыя асобы, якія маглі кантактаваць з інфікаванымі. Але ў шпіталях далёка не ўсе, хто меў стасункі з імі. Справа ў тым, што калі сапраўды падыходзіць і ізаляваць усіх, хто меў кантакт, то трэба ізаляваць агулам усю АЭС. Бо тут усе мы «кантакты пэўнага ўзроўню». Тэрыторыя пляцоўкі агароджаная з усіх бакоў, мы ў закрытай прасторы», - кажа працаўнік.

Крыніца таксама адзначае, што людзі хвалююцца, баяцца заразіцца і захварэць.

«Людзі панікуюць, перажываюць. Некаторыя ў рамках прафілактыкі ўжо набылі парацэтамол і цытрамон і так наеліся гэтых лекаў, што ў іх дыярэя. Гэта сведчанне таго, што можа выклікаць неадукаванасць, недахоп інфармацыі, фэйкі і гэтак далей», - кажа працаўнік БелАЭС.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках