8 лiпеня 2020, Серада, 5:14
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

У канцы красавіка дзённая смяротнасць ад каранавіруса ў Беларусі можа скласці 800 чалавек

37
У канцы красавіка дзённая смяротнасць ад каранавіруса ў Беларусі можа скласці 800 чалавек
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА: УНІАН

Такое можа адбыцца, калі не ўвесці жорсткі карантын.

Каранавірус у Беларусі толькі набірае абароты. Паводле афіцыйнай статыстыкі, у нас ужо амаль паўтары тысячы пацверджаных выпадкаў заражэння. Розныя экспэрты спрабуюць спрагназаваць развіццё сітуацыі, піша belaruspartisan.by са спасылкай на euroradio.fm.

Так, дырэктар па даследаваннях у «EAST Center» Андрэй Елісееў мяркуе, што ў выпадку адсутнасці ўсялякіх захадаў па супрацьстаянні каранавірусу колькасць смяротных выпадкаў у Беларусі да канца эпідэміі можа скласці прыкладна 67 тысяч чалавек.

У сваім прагнозе па Беларусі прафесары Універсітэта штата Джорджыя Павел Скумс і Херарда Човел-Пуэнтэ ўважаюць, што на піку можа з'яўляцца да 4,5 тысячы новых выпадкаў у дзень.

У рэдакцыю euroradio.fm даслалі яшчэ адзін матэматычны прагноз развіцця сітуацыі з каранавірусам у Беларусі. Яго аўтар - Уладзімір Пячонка. Па адукацыі мэнаджар-эканаміст. Сфера інтарэсаў: тэорыя гульняў і матэматычны аналіз. Працуе маркетынгавым аналітыкам.

Бягучае становішча

На момант напісання гэтага тэксту ў свеце было пацверджана 1,36 млн выпадкаў заражэння каранавірусам і больш за 76 тысяч чалавек памерла. У Беларусі ж, адпаведна, з пачатку распаўсюджвання інфекцыі СOVID-19 было інфікавана 1066 і памерла 13 чалавек (звесткі на раніцу 9 красавіка ўнізе тэксту - заўв.)

Нягледзячы на важнасць жыцця кожнага чалавека, гэтыя лічбы не здаюцца жахлівымі на першы погляд. Мы можам часта пачуць, што ад грыпу, рака, інфарктаў і іншых хвароб памірае значна больш людзей кожны месяц і кожны год. І гэта будзе часткова праўда, але толькі адна яе частка.

Другая частка нам адкрываецца, калі мы глядзім на сітуацыю ў дынаміцы: колькасць заражаных відавочна расце ў геаметрычнай прагрэсіі.

ГРАФІК РОСТУ КОЛЬКАСЦІ ІНФІКАВАНЫХ У БЕЛАРУСІ НА 8 КРАСАВІКА

Такі рост назіраецца паўсюдна: і ў сусветным маштабе, і па асобных краінах. Любы ахвочы можа лёгка пазнаёміцца са звесткамі на сайце ўніверсітэта Дж. Хопкінса.

Са слоў канцлеркі Ангелы Мэркель, у Нямеччыны «колькасць заражаных падвойваецца раз у пяць дзён». Датычна нашай краіны, зыходзячы з бягучай дынамікі, мы атрымліваем штодзённы прырост выпадкаў інфікавання на 22%.

Пры гэтым частка тых, хто захварэў з часам «выпісваюцца» з бальніц або як акрыялыя, ці як памерлыя. На аснове колькасці заражаных і прыросту нескладана правесці прагнозны разлік на найбліжэйшую перспектыву.

ПРАГНОЗ ДЫНАМІКІ КАРАНАВІРУСА Ў БЕЛАРУСІ

Атрыманы графік увогуле падобны на вынікі разлікаў Паўла Скумса і Херарда Човел-Пуэнтэ, і да 27 красавіка агульная колькасць заражаных можа перавысіць 44 тысячы, а ў актыўнай стадыі хваробы будзе 31,5 тысячы жыхароў Беларусі.

Неабходна прызнаць, што магчымасць стрымаць эпідэмію на раннім этапе ўжо страчаная. І тут мы ў сусветным трэндзе: амаль усе краіны ўводзілі карантын, калі крывая захворвання ўжо пачынала загінацца ў бок экспанентнага росту.

КОЛЬКАСЦЬ ПАЦЫЕНТАЎ, ЯКІМ ПАТРАБУЕЦЦА ШВЛ

Колькі чалавек можа памерці ў Беларусі, калі не весці дадатковых захадаў?

Асноўнай прычынай смерці ад каранавіруса з'яўляецца пнеўманія. На смяротнасць ад віруса ўплывае колькасць апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх (ШВЛ) адносна колькасці хворых з пнеўманіяй, якія маюць патрэбу ў гэтых апаратах.

Так, у Нямеччыне на бягучы момант смяротнасць складае блізу 1,6% ад колькасці інфіцыраваных, а ў Італіі больш за 12%.

На заяву міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка, «у краіне больш за 2 тысячы апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх і амаль 1,5 тысячы наркозна-дыхальных апаратаў, якія ў шэрагу выпадкаў могуць выкарыстоўвацца для штучнай вентыляцыі лёгкіх».

Усяго максімум 3,5 тысячы апаратаў. Паводле звестак навукоўцаў, прыкладна адзін з 6 заражаных мае патрэбу ў апараце ШВЛ.

Пры гэтым ёсць сур'ёзныя сумневы, што ўсе 100% гэтага абсталявання магчыма задзейнічаць толькі для хворых COVID-19, бо ёсць і іншыя пацыенты.

Але нават пры самым аптымістычным сцэнары - 25 красавіка будзе дасягнутая мяжа магчымасцяў па забеспячэнні хворых апаратамі ШВЛ, а ўжо на наступны дзень 800 чалавек могуць памерці.

Дадамо, што ў апошнія дні нават афіцыйна рэгіструецца рэзкі скачок захворвання. На раніцу 8 красавіка Мінздароўя паведамляла пра 1066 захварэлых з ю першага выпадку - рост за дзень 205 чалавек, у папярэдні дзень - 161 новы выпадак, за дзень да гэтага крыху больш за 100, а на раніцу 9 красавіка ўжо 420 новых выпадкаў заражэння.

Калі вірус будзе распаўсюджвацца такімі тэмпамі, а ўлады не распачнуць сур'ёзных намаганняў па яго стрымліванні, а таксама па павелічэнні ў краіне колькасці апаратаў ШВЛ, то вышэйпрыведзены зусім не аптымістычны прагноз цалкам імаверны.