29 сакавiка 2024, Пятніца, 13:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Сітуацыя выйшла з-пад кантролю, чыноўнікі ў паніцы»

56
«Сітуацыя выйшла з-пад кантролю, чыноўнікі ў паніцы»
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА MINSKNEWS.BY

Хворых на каранавірус ізалююць у санаторыі і псіханэўралагічныя дыспансеры.

Сітуацыя з каранавірусам у беларускіх рэгіёнах набывае катастрафічны маштаб. Калі раней большасць навін было пра тых, хто заразіўся СOVID-19, то сёння з жахлівай рэгулярнасцю мы чытаем пра памерлых ад інфекцыі. Сярод лідараў у гэтай сумнай статыстыцы - Берасцейская вобласць.

Сустаршыня партыі Беларуская Хрысціянская дэмакратыя Георгій Дзмітрук расказаў сайту Charter97.org пра тое, як цяпер выглядае сітуацыя c каранавірусам у ягоным родным Кобрыне:

- У маім асяроддзі вельмі шмат людзей, якія хварэюць на розныя формы каранавіруса. Збольшага - не цяжка, але ёсць і тыя, хто знаходзіцца ў шпіталях або каго павезлі ў Берасце.

Тыдзень таму я быў на нарадзе ў Кобрынскім райвыканкаме. Намеснік старшыні сказаў, што ў нас у горадзе 80 чалавек заразіліся каранавірусам, але мне складана ў гэта верыцца. На пачатку мінулага тыдня я палічыў, колькі ведаю сем'яў, якія хварэюць. Налічыў блізу 50 чалавек. Большасць застаюцца дома, іх нават не забралі ў лякарні.

Я маю сваячку, у якой уся сям'я дома хварэе, але яны мяркуюць, што калі пайсці ў шпіталь, то будзе яшчэ горш. Дапамогі ім не дадуць, а самі яны патрапяць у больш канцэнтраванае віруснае асяроддзе.

Ёсць людзі, якія казалі мне, што ім нават не прапанавалі зрабіць тэсты, хоць яны пра гэта прасілі. Лекар адказаў, што гэта не ягоная кампетэнцыя. Таму складана сказаць пра дакладную колькасць заражаных COVID-19.

Таксама намеснік старшыні райвыканкама сказаў, што створаныя ўжо тры цэнтры ізаляцыі ў раёне. З ягоных слоў я зразумеў, што адзін з іх - санаторый "Колас", другі - псіханэўралагічны дыспансер, а трэці - нейкі новы. Гэта гаворыць толькі пра тое, што колькасць заражаных людзей у нашым невялікім горадзе ідзе на сотні. У адным толькі санаторыі "Колас" некалькі сотняў месцаў.

- Беларускім лекарам забараняюць ставіць дыягназ каранавірус, і ўсе лякарні перапоўненыя хворымі з пнеўманіямі. У вас у месце такая ж сітуацыя?

- Абсалютна. Мой вельмі блізкі сябар надоечы перахварэў, і яму паставілі дыягназ ВРВІ. Ён і жонка мелі поўны камплект сімптомаў COVID-19, але там нават гаворкі не было пра тое, каб узяць у іх тэст. Так што яны проста займаліся самалячэннем. Такія выпадкі паўсюль.

Хварэе шмат лекараў. Напрыклад, аднаго нашага вядомага медыка на “хуткай дапамозе” павезлі ў Берасце. Нашага інфекцыяніста спачатку лячылі ў Кобрыне, а цяпер праз цяжкі стан таксама перавялі ў абласную лякарню.

Мой стрыечны брат ляжыць у Берасцейскай лякарні, і з ім няма ніякай сувязі. Самыя блізкія родзічы нічога не ведаюць. Вядома толькі, што ён быў у медыкаментознай коме, але ўжо пачаў правіцца.

Я ведаю, што ў Кобрыне людзей, якія звярталіся з сімптомамі да лекараў, проста вярталі дадому. Толькі калі ім стала вельмі блага - іх забралі ў шпіталь. Цяпер яны ўжо ў Берасці.

Думаю, што трэці цэнтр ізаляцыі адкрываюць, бо ўлады чакаюць, што ў людзей лёгкая форма будзе перарастаць у цяжкую. Яны рыхтуюць месцы. Ніхто не змагаецца з каранавірусам, а мінімізуюць наступствы, спрабуюць выратаваць людзей у самы цяжкі момант. Сітуацыя ўжо выйшла з-пад кантролю.

Такая ў іх пазіцыя: выратаванне тапельцаў - клопат саміх тапельцаў, калі вы будзеце падаць, лёгкія схібяць, тады мы будзем вам дапамагаць. На жаль, гэта не адпавядае ні клятве Гіпакрата, ні медычнай этыцы.

Наш народ мае вельмі высокую свядомасць. Праблема ў тым, што іх доўга ўводзілі ў зман. Яны хапаліся за надзею, думаючы, што з імі гэта дакладна не адбудзецца, бо наслухаліся пра Біла Гэйтса ды іншай канспіралогіі. Беларусы да апошняга не верылі, што вірус можа прыйсці ў іхнія сям'і, але калі гэта адбылося з імі - імгненна схапіліся за галовы і сталі выяўляць дастаткова дарослы ўзровень свядомасці. Я сам здзіўлены. Людзі самаізалявалася, разумеюць, што дзяржава ім наўрад дапаможа.

Беларусы перажылі вайну, камуністаў, сацыялістаў, перафарбаваныя камуністаў і гэтую заразу перажывуць.

- Стала вядома аб выбухах COVID-19 у вёсках Берасцейшчыны. Чаму каранавірус так моцна пляжыць сельскую мясцовасць?

- Беларускія вёскі - гэта досыць закрытая прастора, дзе жывуць згуртаваныя людзі. Яны шмат размаўляюць, ходзяць адзін да аднаго ў госці, дапамагаюць садзіць агароды, ходзяць у царкву. Дастаткова, каб туды трапіла трошкі вірусу, і яны пачынаюць хварэць масава.

У вёсках жывуць добрыя, прыемныя, лагодныя, працавітыя людзі, але яны вераць тэлевізару, што з'яўляецца фатальнай памылкай.

Гэта вялікая праблема - чым меншае паселішча, тым больш яно давярае «скрыні». А потым людзі думаюць, што вірус прыдумалі амэрыканцы.

Ёсць жа такія перадачы на расейскім «Першым канале», якія проста замбуюць і здзекуюцца з гледачоў. Са сваёй дабрыні людзі ім вераць, але калі бяда прыходзіць у сям'ю - пачынаюць нешта рабіць, разумеюць, што памыляліся, але ўжо позна.

- Што вы думаеце з нагоды мінулага парада? Як да яго ставяцца ў рэгіёнах?

- Гэта была трагічная падзея ў гісторыі нашай дзяржавы. У наш раённы выканкам выклікалі ўсіх лідэраў рэлігійных канфесій і ўладальнікаў аграсядзіб, папярэджвалі, маўляў, адпусціце ўсіх, не ладзьце вяселлі ды іншыя імпрэзы. Я задаў пытанне, што будзе на 9 траўня. Чыноўнікі сказалі, што ў Кобрыне будуць ускладаць кветкі (што яны і зрабілі), але паўплываць на Менск - ніяк не могуць.

Выгляд у чыноўнікаў быў трагічны, відаць з твараў, што яны адчуваюць небяспеку праз каранавірус і ў паніцы. Яны былі вельмі прыгнечаныя. Інфармацыя, якой валодаюць ўлады на месцах і палітычная воля зверху - не супадаюць.

Маё асяроддзе паставілася да параду вельмі негатыўна. Паўтаруся, беларусы свядомыя, яны маюць пачуццё самазахавання, жаданне супакою, адзінства, урэгулявання гэтай сітуацыі. Людзі былі настроеныя вельмі негатыўна, называлі падзеі поўным вар'яцтвам.

- Ці вераць людзі ў статыстыку Міністэрства аховы здароўя?

- У нас ніхто ніколі не верыў афіцыйным лічбам. Як можна ім давяраць, калі ў нядзелю, паводле афіцыйных звестак, памерлі два чалавекі, а толькі я знаў яшчэ двух чалавек, якія памерлі ў гэты дзень.

Цяпер Міністэрства аховы здароўя ўжо павышае лічбы, па «4-5 чалавек» памірае. Думаю, што рана або позна праўда стане відавочнай. Людзі ведаюць, ад чаго напраўду паміраюць іхнія сваякі. Цалкам рэальна аднавіць прыблізную колькасць людзей, якія памерлі ў гэты перыяд і параўнаць з лічбамі, якія даюць афіцыйныя ўлады.

- Ці змяніла эпідэмія людзей ды іхняе стаўленне да ўлады?

- Калі раней, калі я заходзіў у краму ў масцы, на мяне глядзелі, як на прыхадня, то цяпер большая палова людзей сябе ахоўвае. Вядома, гэта паказчык таго, што беларусы мяняюць сваё стаўленне да падзей.

Шмат што залежыць ад нас, людзей, які займаюцца палітыкай і грамадскім жыццём. Нам трэба аналізаваць памылкі і данесці, што напраўду адбываецца. Пандэмія стала выклікам і для ўлады, і для медыцыны, і нават для грамадскіх дзеячаў - ніхто да гэтага не быў гатовы.

Самы вялікі выклік за апошнія тры месяцы - гэта хлусня. Хлусня ва ўсіх формах - бяда, якая прычыняе непапраўную шкоду грамадству. Людзі перастаюць давяраць навакольным, нават лекарам, нават калі тыя будуць казаць праўду. Хлусня змяняе грамадства ў бок страху, фобій, перабольшвання. Адпаведна, адзінае, што мы можам рабіць, гэта спрабаваць разбурыць гэтую хлусня, даваць праўдзівую інфармацыю.

Людзі хочуць камусьці давяраць. Афіцыйная царква не заўсёды ахвочая казаць праўду, грамадскія лідэры таксама. Не таму што яны баяцца, а таму што яны не ведаюць, яны не падрыхтаваныя, ніколі не былі ў падобных сітуацыях.

Паглядзіце, як зрабіў Дональд Трамп. Ён штодзень выступае перад народам і прыводзіць з сабой сціжму спецыялістаў, каб людзі бачылі іх, задавалі ім пытанні.

Улады не здолелі даць адказы на пытанні, што хвалююць людзей. Менавіта з гэтай прычыны ў такой сітуацыі знаходзіцца наш народ. Гэта можа скончыцца вялікай бядой, будзе глыбокае расчараванне. А можа, людзі проста скажуць «дакуль!» і захочуць памяняць гэты рэжым. Мы не можам прагназаваць, але народ на мяжы зрыву. Ён хоча нечаму верыць, нечаму давяраць і за некім ісці. Хто знойдзе гэтыя словы, растлумачыць, працягне руку, каму павераць - той і будзе будучым прэзідэнтам.

Напісаць каментар 56

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках