23 красавiка 2024, aўторак, 16:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шанец на свабоду

43
Шанец на свабоду
ІРЫНА ХАЛІП

Не варта абмяркоўваць Шлёпкіна і Пронькіна.

Граблямі, як можна заўважыць, бавяцца не толькі беларускія чыноўнікі, але і многія суайчыннікі. Вось толькі ўчора, здавалася б, казалі пра тое, як ратаваць родных і сябе, валанцёрылі, развозілі ў лякарні сродкі індывідуальнай абароны, і раптам – хоп! – забыўшыся пра ўсё, селі за кампутары і радасна забарабанілі па клавішах, загаманілі і загаласілі, усур'ёз абмяркоўваючы шанцы кандыдата Пронькіна супраць кандыдата Шлёпкіна.

Апамятайцеся, суграмадзяне. Не паддавайцеся на чарговую правакацыю ўлады. Яна таго і хоча – каб усе забыліся пра эпідэмію і пачалі ламаць дзіды на прадмет абмеркавання Шлёпкіна і Пронькіна. Не варта гэтага рабіць. І не таму, што Шлёпкін і Пронькін чымсьці дрэнныя. Магчыма, яны цалкам мілыя і разумныя людзі. І калі б у Беларусі прайшлі сумленныя выбары – сёння ў Лукашэнкі не было б шанцаў. Яго знішчылі б у першым жа туры і трактарыст, і фермер, і блогер, і фітаняшка, і Кашпіроўскі, і нават конская задніца. Калі б ды каб. А ў рэальнасці Лукашэнка з Ярмошынай ужо радасна паціраюць рукі і адкаркоўваюць шампанскае. Святкаваць ім дапамагаюць і тыя, хто пастанавіў у гэтым удзельнічаць, і тыя, хто марнуе час на абмеркаванне асобаў, якія пастанавілі. Толькі давайце ўжо абыходзіцца без эзопавай мовы.

Мы ўсе бачым, што творыць Лукашэнка. Бачым, як на вачах усяго свету ён знішчае уласны народ. Як стварае асяродкі заражэння сваімі ненармальным загадамі. Як называе памерлых «гэтымі». І ўдзельнічаць у выкананні чарговага скажонага загаду, хай нават з самымі што ні на ёсць добрымі намерамі, – гэта значыць стаць той самай бабулькай («O sancta simplicitas!»), што старанна падкідвала галлё ў вогнішча, на якім спальвалі Яна Гуса. Бабулька гэтая так і не зразумела, што была суўдзельніцай забойства, але мы ж з вамі ў дваццаць першым стагоддзі жывем, адукаванымі сталі, інтэрнэтам карыстаемся. Няўжо ўвесь гэты навукова-тэхнічны прагрэс быў марны, і тыя бабулькі з ламаччам яшчэ не перавяліся?

Менавіта яны будуць удзельнічаць у аўтадафэ беларускага народа, блукаючы па кватэрах ў пошуках подпісаў, заражаючыся і заражаючы іншых. Дакладней, «суўдзельнічаць». Ніхто ж ужо не спрачаецца з тым, што Лукашэнка здзяйсняе злачынства? Значыць, усе, хто пагадзіўся, – суўдзельнікі. Прынцып просты: тыя, хто за людзей, у прадаўжэнні параду і суботніка ўдзельнічаць не будуць. На гэтым тэму «прэзідэнцкіх выбараў» можна закрываць.

Зрэшты, яшчэ сёе-тое. Я ўжо чула пытанні: «Дык што, байкот? Ігнор? Гэта ж ні да чаго не прывядзе ў нашай сітуацыі. «Выбары», вядома, таксама ні да чаго не прывядуць. Але як жа Плошча?!» Дык вось, давайце нарэшце разарвем гэтае заганнае кола «прэзідэнцкія выбары – Плошча», у якое мы самі сябе загналі. Мы паводзім сябе так, быццам партал у вольны свет адкрываецца толькі раз на пяць гадоў, як акно ў Парыж у старым фільме. Там, праўда, раз на сто гадоў адкрываўся, затое атрымліваецца, што ў беларусаў шанец на свабоду з'яўляецца нават радзей, чым Алімпійскія гульні.

А чаму ўласна? Чаму нават дзень пратэсту прызначае нам Лукашэнка? А ў астатнія дні ў нас што, адсутнічае прага волі? Яна да нас прыходзіць раз на пяцігодку? Вядома не. Проста трэба выйсці нарэшце з гэтага кола і прызнаць, што гэта вельмі зручна, калі Лукашэнка прыдумляе дату выхаду на Плошчу, а зусім не мы самі. Прымаць пастановы заўсёды значна цяжэй, чым выконваць нечые чужыя. Шчасце – гэта адсутнасць варыянтаў.

Але без прымання самастойных пастановаў нічога і не атрымаецца. Лукашэнка з Ярмошынай думаюць, што яны ўжо ўсіх перахітрылі. Прызначылі «выбары» ў блакадным Ленінградзе, адмовіліся ад назіральнікаў, паабяцалі спойлерам асабіста дамаляваць адсутныя подпісы. Ведаюць, што эпідэмія не скончыцца да жніўня, а пакуль яна не скончыцца, вулічныя акцыі могуць стаць асяродкам заражэння большым за парад, так што ні адзін нармальны чалавек да гэтага не пакліча. Яны спадзяюцца, што кругласутачны лямант сірэны «хуткай» на вуліцах нашых гарадоў заглушыць і перакрые іх злачынствы. Час з гэтым сканваць.

Сапраўдны дзень выбараў – сёння, зараз, у гэтую хвіліну. Дакладней, дзень выбару. Стаць суўдзельнікам злачынства – ці добра падрыхтавацца да пакарання злачынца. Распыліць – або захаваць сябе. Загразнуць у няўцямных разважаннях на тэму, ісці ці не ісці на плошчу 9 жніўня, – або самім прызначыць дату Плошчы. Прызнаць паразу – ці перамагчы. Абірайце хутчэй. Дзень выбару – ужо сёння.

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 43

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках