30 траўня 2020, Субота, 9:22
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Лекар, які перанёс COVID-19: На беларусаў як быццам спусцілі страшнага монстра

24
Лекар, які перанёс COVID-19: На беларусаў як быццам спусцілі страшнага монстра

Для таго, што робяць улады падчас эпідэміі, не хапае цэнзурных словаў.

Пра гэта ў інтэрв'ю сайту Charter97.org заявіў Аляксей Носаў – беларускі лекар, які працуе ў Гішпаніі.

Аляксей Носаў скончыў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт у 2000 годзе. Пасля вучобы працаваў у медустановах Менска: траўмапункце Бальніцы хуткай дапамогі, 3-й гарадской лякарні, 33-й (студэнцкай) і 3-й паліклініках. У 2008 годзе ён пераехаў у Гішпанію, у правінцыю Валенсія, дзе працуе траўматолагам у прыёмным аддзяленні.

Працуючы лекарам у Гішпаніі, Аляксей не толькі прымаў пацыентаў з COVID-19, але і сам перахварэў на каранавірус.

– У Вас ёсць магчымасць назіраць эпідэмію COVID-19 у Гішпаніі і параўноўваць гэта з тым, што адбываецца Беларусі. Што Вы думаеце пра сітуацыю з каранавірусам у нашай краіне?

– Я ўважліва сачу за навінамі з Беларусі, таму што гэтая пандэмія – сама сабой унікальная з'ява.

Больш за тое: эпідэмія ў Беларусі звяртае маю ўвагу нават мацней, чым падзеі ў Гішпаніі. Тут я сачу за эпідэміяй толькі таму, што працую ў клініцы, але не імкнуся глядзець глыбей. А навіны пра Беларусь я праглядаю кожны дзень. Мяне вельмі хвалюе тое, што адбываецца на радзіме.

Першае, што кідаецца ў вочы – гэта скажэнне інфармацыі беларускімі ўладамі. Можна паглядзець на розных сайтах, уключаючы сайт САЗ, незалежныя беларускія сайты і сайты афіцыйных СМІ – і адразу ўсё стане ясна.

Акрамя таго, я маю зносіны ў чатах са сваімі аднакурснікамі-калегамі, якія цяпер працуюць на «перадавой». Некаторыя з іх ужо пераносяць у розных формах каранавірус. Яны дзеляцца зусім іншай інфармацыяй, якая адрозніваецца ад агульнапрынятай статыстыкі. Вядома, яны не даюць інфармацыі пра ўсю сістэму аховы здароўя, але затое паведамляюць пэўныя звесткі пра свае месцы працы. Абагульніўшы ўсё гэта, можна атрымаць рэальную карціну эпідэміі – і яна зусім не супадае з афіцыйнымі звесткамі.

Я хачу сказаць сваім суайчыннікам: зразумейце, у вас ужо шмат усяго выпушчана. Самая вялікая праблема – у тым, што не быў уведзены карантын. Нават калі ён будзе ўведзены наўпрост цяпер, то гэта ўжо дапаможа ў значна меншай ступені: каранавірус занадта моцна распаўсюдзіўся па ўсёй Беларусі. Але, вядома, трэба спрабаваць лакалізаваць асяродкі і ўводзіць карантын. Праблема ў тым, што самы каштоўны час быў страчаны і занадта шмат людзей ужо можа быць не выратавана.

Калі б краіну зачынілі своечасова, нават калі хаця б прама цяпер пачаць ізаляваць і лакалізаваць асяродкі COVID-19, то з эпідэміяй можна было б справіцца з значна меншымі стратамі. Калі ўсё прадоўжыць адбывацца гэтак сама бескантрольна, то нават страшна падумаць, у што гэта можа выліцца.

Невядомасць, якая цяпер пануе ў Беларусі – горшая за любы эпідэміялагічны прагноз, таму што ніхто дакладна не скажа, якімі будуць маштабы стратаў ад каранавірусу. Як быццам сярод шматлюднага натоўпу вывелі монстра і спусцілі на людзей: нехта ўцёк, а нехта не паспеў. Можа, гэтага монстра ў выніку і можна будзе пагладзіць і прыручыць, а можа, ён зжарэ ўсіх да чортавай матары.

– Як можа змяніцца крывая захворвання і смяротнасці ў Беларусі пасля параду 9 траўня? Які эфект у падобных мерапрыемстваў падчас эпідэміі?

– Тут цяжка падабраць цэнзурныя словы. Я мяркую, мякка кажучы, што гэта вельмі няправільны крок. Магчымасць заражэння на парадзе была вельмі высокай. У COVID-19 – вельмі вялікая кантагіёзнасць. Так што, хутчэй за ўсё, большасць удзельнікаў параду ўсё ж такі атрымалі каранавірус у «падарунак». Пытанне толькі ў тым, як яны ім будуць распараджацца. Калі заражаныя на парадзе будуць і далей мець зносіны з вялікай колькасцю людзей, то вірус распаўсюдзіцца нашмат мацней і будзе маштабная ўспышка. COVID-19 «скача» ад аднаго чалавека да іншага даволі хутка.

Першапачаткова былі дзве стратэгіі ў дачыненні да эпідэміі. Першая – агульнапрынятая стратэгія ізаляцыі, перапынення ланцужка перадачы вірусу ад аднаго чалавека да іншага. А другая – выйсці ўсім строем на вуліцу, каб хтосьці ўпаў ад хваробы, кагосьці паспелі павезці ў лякарню і дапамагчы (а многім – не), астатнія ж развярнуліся і пайшлі назад дадому. Беларускія ўлады абралі другую «тактыку».

Яны спадзяюцца, што асноўная маса насельніцтва прапусціць вірус праз сябе. Пытанне толькі – у якой форме?

Ёсць варыянты схільнасці, хранічныя хваробы, якія будуць пагаршацца цягам захворвання каранавірусам. Людзі будуць паміраць, і афіцыйна будуць паведамляць, што менавіта ад гэтых хваробаў. Але зразумейце адну рэч. Калі, напрыклад, вы партызан, вас злавілі фашысты, распранулі, аблілі вадой, прывязалі да дрэва і сышлі – то ад чаго вы памерлі? Ад пераахаладжэння, ад марозу або ад рук фашыстаў?

Далей, пасля параду ўлады прызначылі «выбары» – а гэта тое самае, вялікая колькасць людзей. Уявіце, якая кантагіёзнасць будзе ў буфетах на ўчастках, дзе прадаюць газіроўкі і каўбасы – а без гэтага не абыдзецца. Гэтая «стратэгія» не прадуманая інтэлектуальна і крэатыўна, а высечаная сякерай. Улады не будуць мудрагеліць і зробяць так, як ім прасцей. Таму кантагіёзнасць і захворванне значна вырасце.

– Падчас пандэміі Вы паспелі пабываць не толькі лекарам, але і пацыентам. Раскажыце, як Вы заразіліся каранавірусам?

– Я паспеў папрацаваць у пачатку піка эпідэміі ў Гішпаніі. Дзяжурствы былі 8–14 гадзінаў, увесь гэты час мы знаходзіліся ў сродках індывідуальнай абароны. Інтэнсівісты, рэаніматолагі працавалі пазменна, астатнія – дапамагалі ім у адбіранні хворых, у тых функцыях, дзе не патрабавалася паглыбленых ведаў спецыяльнасці. Мы падзяліліся і тым самым палегчылі працу адзін аднаму.

Гішпанскае Міністэрства аховы здароўя выдала тры «сцэнары» працы, паводле якіх трэба было выразна дзейнічаць.

Грунтуючыся на наяўнай інфармацыі, урад распрацаваў схемы і даслаў іх нам у прыёмнае аддзяленне. Ёсць спіс сімптомаў, паводле якіх можна вызначыць цяжар захворвання і перспектыўнасць лячэння. Гэта складана і – так, даводзілася нават рабіць выбар, каму ў якім выглядзе дапамагаць...

Магу толькі меркаваць, як я заразіўся: да таго часу вакол было досыць шмат людзей з каранавірусам. Усе толькі і размаўлялі пра тое, што захварэў сваяк: нехта ў адной форме, нехта ў іншай. У мяне было шмат кантактаў другога ўзроўню. Таксама заражэнне магло адбыцца ў лякарні. Памятаю, у мяне было дзяжурства, калі мне дастаўся замалы рэспіратар (сам я вялікі). Мабыць, я ў нейкі момант яго паправіў. У мяне якраз была васьмігадзінная змена, з якой 4 гадзіны трэба было знаходзіцца ў зоне 0 (гэта зона з заражанымі хворымі). Гэта асобны бокс, у які калі заходзіш, то ідзеш або ў бок шпіталя, або дадому з рэкамендацыямі на ізаляцыю. Іншых варыянтаў няма.

(Дарэчы, у Беларусі такія боксы таксама з'яўляюцца, але гэта заслуга выключна валанцёраў. Валанцёры абсталявалі іх у 10-й і 6-й лякарнях – якасныя і крэатыўныя. Карыстаючыся выпадкам, хачу перадаць вялікі дзякуй валанцёрам за тое, што яны робяць).

Потым я прыйшоў на дзяжурства і выявіў, што ўвогуле не адчуваю пахаў, напрыклад ад антысептыкаў. Як быццам проста ўдыхаю свежае паветра. На той момант гэта быў адзін з асноўных сімптомаў каранавірусу. Шэф адправіў мяне здаць тэсты ў зону 0, дзе я зрабіў рэнтген лёгкіх, здаў кроў і тэст, потым – дадому на ізаляцыю.

На наступны дзень мне прыйшоў станоўчы вынік. Таксама ў мяне было лёгкае сцісканне ў грудной клетцы ў спінным аддзеле, як быццам доўга за кампутарам пасядзеў – не інтэнсіўнае, але сталае. Быў яшчэ цяжар у патыліцы, поўная адсутнасць нюху (я і хлёрку нюхаў, і парфуму) – быццам проста ўдыхаеш свежае паветра. Гэта вельмі дзіўнае адчуванне. Былі лёгкія неўралгічныя разлады і лёгкі сухі кашаль, які выходзіў з раёна галасавых звязкаў. Усё гэта называецца «лёгкая форма».

Сярэдняя форма – гэта калі ёсць тэмпература, агульная слабасць і галаўны боль. Цяжкая форма – гэта калі людзей ужо неабходна шпіталізаваць, праводзіць тэрапію.

Лёгкую форму атрымалася пераадолець без вялікіх праблемаў – і вось я ўжо зноў працую.

– Гішпанія прыняла на сябе адзін з наймацнейшых удараў каранавірусу ў ЕЗ. Дапамог жорсткі карантын, які ўвялі ўлады, спыніць хвалю смерцяў і заражэнняў?

– У маштабах усёй Гішпаніі інфармацыя пра калапс медыцыны, недахоп месцаў у шпіталях, трупярні ў лядовых палацах падчас піку эпідэміі – няпраўда. Гэта праўда для Мадрыда, Барселоны і Гранады. Праўда ў тым, што практычна ў кожнай еўрапейскай краіне ёсць гарады, якія мацней за ўсё пацярпелі ад эпідэміі.

А вось у Беларусі ў адсоткавых суадносінах усё прыблізна аднолькава ва ўсіх рэгіёнах – таму што не ўведзены карантын і эпідэмія распаўсюджваецца па ўсёй краіне.

У нас у Мадрыдзе сапраўды была бяда. Сталіца, можна сказаць, рабіла страшную статыстыку для ўсёй Гішпаніі. Мала таго, калапс сістэмы аховы здароўя выклікалі паводзіны людзей, таму што ніхто нічога не ведаў. На той момант яшчэ не было ніякай санітарнай адукацыі. Пазней улады пачалі расказваць усё пра вірус на Youtube і праз тэлевізар. Міністарка аховы здароўя выходзіла кожны дзень у вызначаны час і расказвала ўсяму насельніцтву, што гэта такое. Палітыкі выходзілі і расказвалі, што яны канкрэтна робяць. Але ў самым пачатку прыходзілі людзі з няяснымі сімптомамі ў лякарню і патрабавалі зрабіць ім аналізы.

Так што калапс быў не за кошт саміх выпадкаў каранавірусу, а праз тое, што людзі масава прыходзілі абследавацца, шукаць у сябе таго, чаго яны баяліся. Потым усё наладзілася. Але жорсткі карантын вельмі моцна дапамог. Я гэта бачу з сваёй працы, з колькасці людзей у зоне 0 падчас піку эпідэміі і цяпер.

Цяпер Гішпанія паволі адкрывае магчымасці для людзей выходзіць на вуліцу. Людзям дазволілі прабежкі, заняткі спортам два разы на дзень, з раніцы да 10-й і з 20-й да 23-й. У гэты час, вядома, ёсць пэўны гармідар і медыкі гэта моцна крытыкуюць.

Трэба адзначыць, што гішпанцы сябе вельмі добра паводзілі ў разгар эпідэміі: падчас карантыну людзей увогуле не было на вуліцы. А калі выходзілі, то ў масках і выконваючы дыстанцыю. Для Гішпаніі гэта подзвіг, у іх вельмі блізкія кантакты ў зносінах.

– Як Вашы сваякі ў Беларусі ратуюцца ад эпідэміі?

– Мае сваякі знаходзяцца на самаізаляцыі. Бацькі – пенсіянеры, ім нічога даказваць не давялося. Сястра працуе цырульніцай, у яе ёсць дзіця. Яны ўсе сядзяць дома. Сястра ходзіць у краму, выконваючы дыстанцыю і ўсе захады абароны.

Я таксама прайшоў праз усе стадыі прыняцця вірусу. У Кена Кізі ў кнізе «Палёт над гняздом зязюлі» ёсць эпіграф: «Віку Ловэлу, які сказаў мне, што цмокаў не бывае, а потым прывёў у іх логава». Я паводзіў сябе гэтаксама. Калі вірус з'явіўся ў Кітаі, я разбіраў розныя канспіралагічныя тэорыі. А потым да мяне прыйшоў вірус і разуменне таго, што ён ёсць і вельмі небяспечны.

Гэта псіхалогія любога чалавека: пакуль ягоную сям'ю не кране бяда, сам ён не адумаецца. Мне вельмі дарагія мае бацькі і мая сям'я, таму я настойваю на тым, каб яны выконвалі ізаляцыю. Гэта мая праца, як лекара, і пазіцыя – як сына, брата і дзядзькі.