28 сакавiка 2024, Чацвер, 20:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзяніс Івашын: Больш за 3 000 беларускіх медыкаў ужо заражаныя каранавірусам

22
Дзяніс Івашын: Больш за 3 000 беларускіх медыкаў ужо заражаныя каранавірусам
ФОТА: «Радыё Свабода»

У Беларусі, як у Бергамо: не стае лекараў і месцаў для лячэння хворых COVID-19.

Рэдактар беларускай службы міжнароднай разведвальнай супольнасці Informnapalm, незалежны журналіст з Горадні Дзяніс Івашын апублікаваў інфармацыю пра распаўсюджванне COVID-19 у Беларусі, якая рэзка кантрастуе з афіцыйнымі заявамі Міністэрства аховы здароўя.

Журналіст распавёў пра набыццё бальніцамі і паліклінікамі Беларусі мяшкоў для памерлых у велізарных колькасцях.

Сайт Charter97.org пагаварыў з Дзянісам Івашыным пра тое, што яму яшчэ стала вядома пра рэальныя маштабы эпідэміі ў Беларусі.

- Як цяпер выглядае сітуацыя з каранавірусам у вашай роднай Горадні?

- Самы галоўны асяродак інфекцыі ў горадзе на сённяшні дзень - гэта «Гродна Азот». Паводле афіцыйнай інфармацыі, там інфікаваны 21 чалавек. Але мы разумеем, што гэтая інфармацыя не заслугоўвае даверу. Паводле маіх звестак, на прадпрыемстве працуе блізу 7 000 чалавек і з пачатку эпідэміі колькасць хворых павінна быць нашмат большай. Паралельна вядзецца падлік па колькасці тых, хто захварэў на пнеўманію: іх нават паводле афіцыйных звестак вельмі шмат. Таму я думаю, што сёння на «Гродна Азот» каранавірусам хварэе, як мінімум, некалькі сотняў чалавек. І яшчэ больш - кантактаў першага і другога ўзроўняў.

Паводле маёй інфармацыі, таксама ёсць вельмі шмат інфіцыраваных каранавірусам у навучальных установах Горадні. Перш за ўсё гэта - Аграрны ўніверсітэт, Дзяржаўны ўніверсітэт ім. Янкі Купалы. Шмат інфікаваных і ў сярэдне-спецыяльных установах і школах.

Цікава, што у аграрным універсітэце да ўчорашняга дня наогул не ўжывалася сістэма дыстанцыйнага навучання. Усё адбывалася ў звычайным рэжыме, як быццам няма ніякай эпідэміі і смерцяў вакол.

Каранавірус пабіў і чыноўнікаў з дзяржаўных устаноў Горадні. Напрыклад, у Абласной інспекцыі міністэрства падаткаў і збораў таксама ёсць інфікаваныя - гэта на сто адсоткаў правераная інфармацыя. У падатковай інспекцыі Ленінскага раёна - тая ж карціна. У Гарадзенскім гарвыканкаме і аблвыканкаме маюцца свае асяродкі каранавіруса.

Да нас, незалежных журналістаў, часта звяртаюцца людзі, якія на ўмовах ананімнасці ці нават называючы сябе, распавядаюць пра тое, што накіпела. Таму я дакладна магу сказаць: па ўсёй Беларусі цяпер - велізарная колькасць заражэнняў каранавірусам.

Паводле маіх звестак, на сённяшні дзень адных толькі медыкаў захварэла больш за 3 000 чалавек. Што датычыцца агульнай колькасці інфікаваных, то тут можна казаць толькі пра прыблізныя лічбы. Рэальная колькасць можа быць нашмат большай, чым нават альтэрнатыўныя падлікі.

- Вы апублікавалі звесткі пра тое, што бальніцы сотнямі закупляюць мяшкі для памерлых пацыентаў. Усяго ў табліцы дзяржзакупак фігуруе 4 510 мяшкоў для вынасу цел нябожчыкаў. Пра што гэта можа казаць?

- Звесткі, якія я прывёў, грунтуюцца на сацыялагічнай інфармацыі, атрыманай на сайце дзяржзакупак. Я думаю, што яны могуць сведчыць пра рэальны маштаб смяротнасці ў краіне ад эпідэміі каранавіруса.

Вядома, што гэтыя пакеты раней уключаліся ў планы закупак бальніц - па 20-30 штук у год. Але тут раптам мы бачым неймаверную колькасці - па 300-400 мяшкоў за красавік-травень гэтага года. Лідская цэнтральная бальніца, напрыклад, замовіла 600 штук.

Яшчэ больш насцярожвае тое, што мяшкі для памерлых у велізарнай колькасці заказваюць не толькі бальніцы, дзе ляжаць каранавірусныя пацыенты, але і звычайныя паліклінікі. Напрыклад, Баранавіцкая паліклініка купляе 120 мяшкоў. А гэта ж не абласная бальніца, а ўсяго толькі раённая медустанова, у якой ёсць толькі невялікі дзённы стацыянар на 70 ложкаў!

Мяне гэта адразу насцярожыла: а ці не спрабуюць улады такім чынам (мы ж ведаем сітуацыю ў Баранавічах, там усе бальніцы перапоўненыя) проста схаваць інфармацыю пра смерці. Калі б гэта бальніца купляла, то зразумела, а тут - паліклініка!

Гэта можа азначаць, што колькасць смерцяў ад каранавіруса ад нас хаваюць больш дасканала, чым чакалася.

Пасля аналізу звестак аб колькасці закупленых бальніцамі і паліклінікамі мяшкоў для вынасу цел памерлых я падаў ва ўсе, звязаныя з гэтай праблемай, інстанцыі свае афіцыйныя журналісцкія запыты. Але я так і не дачакаўся ніякіх адказаў.

- Якім вы бачыце далейшае развіццё сітуацыі з эпідэміяй у Беларусі?

- Мерапрыемствы уладаў - «парад смерці» 9 траўня і так званыя «выбары» - паўплываюць на рост захворвання і смяротнасць самым непасрэдным чынам.

Мы ўжо бачылі падобнае: на Вялікдзень вернікі ішлі ў храмы, а праз 7-10 дзён назіралася істотная ўспышка эпідэміі. Цяпер, пасля параду, адбудзецца тое ж самае - а то і горш.

Таму што 9 траўня ўлады сканцэнтравалі тысячы людзей у адным месцы. Паводле маёй інфармацыі, там удзельнічалі не толькі менчукі, але і людзі з усіх куткоў Беларусі. Я асабіста ведаю людзей з Горадні, якія ў гэтым удзельнічалі. Удзельнікі парада зараз разнясуць заразу па ўсёй краіне. У 20-х чыслах траўня пачнецца новая хваля захворванняў каранавірусам.

- Ці справіцца з гэтым беларуская медыцына?

- Я разлічыў, што максімальны пік выкарыстання магчымасцяў медыцынскай сістэмы Беларусі быў задзейнічаны з 8 да 15 траўня. Гэта значыць, ужо абсалютна ўсе рэсурсы вычарпаныя.

Паводле маіх звестак, з таго бальнічнага фонду, які ўлады вызначылі ў 20 тысяч ложка-месцаў, ужо практычна нічога не засталося. Для шпіталізацыі ўжо пачынаюць ужываць розныя пансіянаты, санаторыі, піянерскія лагеры. Людзей не далечваюць і накіроўваюць у гэтыя ўстановы.

Што будзе далей, можна разлічыць паводле законаў эпідэміялогіі, таму што без карантыну ўсё будзе развівацца скачкападобна, без усялякага кантролю. Калі ўлічваць нават неабсталяваныя месцы, то лімітавы максімум ложкавага фонду ў краіне - менш за 40 тысяч.

Калі я казаў пра 20 тысяч, то меў на ўвазе абсталяваныя месцы - з падлучаным вакуумам, кіслародам. Дык вось, яны на сёння вычарпаныя. Ужо зараз зразумела, што будзе недахоп апаратаў ШВЛ. Мала хто кажа пра гэта, але не будзе яшчэ і апаратаў дыялізу, таму што каранавірус моцна б'е па нырках. Гэта стане велізарнай праблемай.

На жаль, спатрэбіцца дапамога міжнароднай супольнасці, якая будзе вымушана праводзіць у цэнтры Еўропы гуманітарную аперацыю. Думаю, што неабходнасць у ёй наступіць даволі хутка. З кожным днём сітуацыя з эпідэміяй і магчымасцямі нашай медыцыны рэагаваць на яе становіцца ўсё горшай.

Самае галоўнае: ужо цяпер не стае медыкаў і хутка не будзе хапаць месцаў, дзе лячыць людзей.

Як сведчанне поўнай катастрофы сістэмы аховы здароўя, можна ўзяць прыклад італьянскага Бергамо.

Маштабы трагедыі ў Беларусі стануць відавочнымі тады, калі камбінаты камунальна-бытавога абслугоўвання насельніцтва не будуць спраўляцца з наплывам памерлых ад каранавіруса. Іх жа трэба дзесьці хаваць. У Менску ёсць усяго адзін крэматорый. Ёсць інструкцыя ад Міністэрства аховы здароўя, каб людзі спальвалі целы сваіх блізкіх у крэматорыі. А ён - толькі адзін на ўсю краіну.

Мы разумеем, што калі сотні і тысячы цел пойдуць кожны дзень, то камбінаты не будуць з гэтым спраўляцца. У цяперашнім рэжыме смяротнасці ўлады яшчэ могуць нешта статыстычна хаваць. Калі ім не дзе будзе хаваць людзей, мы ўбачым рэальную карціну эпідэміі ў Беларусі. Думаю, гэта будзе адзін з галоўных маркераў.

- Як ад эпідэмія ратуецеся асабіста вы і блізкія вам людзі?

- Я сам знаходжуся на самаізаляцыі. Сам выконваю карантынныя захады, перш за ўсё, абмежаваў сябе ў кантактах. Праводжу анлайн-канферэнцыі з выкарыстаннем усіх сучасных тэхналогій. Нават у краму імкнуся выходзіць ўсяго толькі раз на тыдзень.

Журналісты і грамадскія актывісты павінны падаваць прыклад астатнім людзям. Як нашы палітычныя лідары, якія заклікалі ўсіх выконваць Народны карантын. Наколькі я ведаю, многія з маіх знаёмых яго выконваюць.

Людзі разумеюць смяротную небяспеку эпідэміі і, нягледзячы на тое, што рэжым Лукашэнкі праводзіць ледзь не наўмыснае заражэнне, спрабуюць ратаваць сябе самі.

Калі краіна сутыкнулася з надзвычайнай сітуацыяй, якой не было сто гадоў (калі параўноўваць з вядомай «іспанкай»), усе ўбачылі, што гэтая ўлада некампетэнтная, непрафесійная і неадэкватная.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках