2 чэрвеня 2020, aўторак, 17:07
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Памёр заснавальнік і кіраўнік партала tut.by Юры Зісер

26
Памёр заснавальнік і кіраўнік партала tut.by Юры Зісер
ЮРЫ ЗІСЕР
ФОТА: TUT.BY

Прадпрымальнік сканаў пасля працяглай хваробы.

Пасля працяглай хваробы ў Менску 17 траўня памёр Юры Зісер, заснавальнік партала tut.by, хостынг-правайдэра hoster.by, прадпрымальнік, паведамляе tut.by.

Юры Зісер нарадзіўся 28 чэрвеня 1960 года ў Львове, яго бацька быў інжынерам, мама - музыкам. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Паўночна-Заходнім політэхнічным інстытуце ў Санкт-Пецярбургу паводле спецыяльнасці «Электронныя вылічальныя машыны». У юнацтве паспеў папрацаваць паштальёнам. Працаваў тэхнікам і праграмістам у Львове.

У 80-х пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай культуролагам Юліяй Чарняўскай і ўслед за ёй з'ехаў у Менск.

Некалькі гадоў быў сістэмным праграмістам у НДІ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ў Бараўлянах, займаўся навукай. Не раз прызнаваўся, што сам хацеў бы стаць лекарам. Але «праз пятую графу» не рызыкнуў ісці ў медінстытут, «куды напраўду хацеў, каб выканаць падлеткавую мару ашчаслівіць чалавецтва, знайшоўшы лекі ад рака». У пачатку 90-х правёў два гады ў Лангепас Цюменскай вобласці - працаваў праграмістам у кааператыве «Паходня».

У 1992 годзе заснаваў кампанію «Надзейныя праграмы», якая займалася распрацоўкай банкаўскага праграмнага забеспячэння. Сістэма абслугоўвання насельніцтва «Праграма 35» выкарыстоўвалася ў больш чым ста банках Беларусі, Расеі, Украіны, Малдовы.

Пасля адукацыйнай паездкі ў ЗША ў 1999 годзе загарэўся ідэяй стварыць беларускі Yahoo - так у 2000 годзе з бясплатнай пошты стартаваў партал tut.by.

Стаяў ля вытокаў шэрагу беларускіх і міжнародных інтэрнэт-праектаў. Быў актыўным удзельнікам стартап-руху, ментар. Актыўна займаўся дабрачыннасцю і мецэнацтвам, але пра гэту сваю дзейнасць практычна не расказваў. Нягледзячы на хваробу, стаў адным з арганізатараў і спонсараў Міжнароднага фестывалю клезмерскай музыкі, які прайшоў у Менску ў лістападзе 2019 года.

Горача захапляўся класічнай музыкай, любіў джаз. Вырашыў атрымаць другую вышэйшую адукацыю - музычную. І ў 2013 годзе паступіў у Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі на клас аргана, які паспяхова скончыў у 2015 годзе. Адно з апошніх пачынанняў Юрыя Зісера - аднаўленне арганаў Беларусі. Пры яго фінансавай падтрымцы былі адноўлены арганы ў Менску, Нясвіжы, Пінску.

Сайт Charter97.org выказвае спачуванні родным і блізкім.

У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй развітанне пройдзе ў вузкім коле.