28 сакавiка 2024, Чацвер, 14:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Стала вядома, як сустрэліся першыя людзі і неандэртальцы

6
Стала вядома, як сустрэліся першыя людзі і неандэртальцы

Апошнія знаходкі ў пячоры Бачо Кіра змянілі погляд на эвалюцыю нашых продкаў.

Сучасны чалавек жыў у Еўропе не менш як 46 тысячагоддзяў назад і суседнічаў з неандэртальцамі нашмат даўжэй, чым лічылася раней.

Да такой высновы прыйшла група даследнікаў на чале з прафесарам Жан-Жакам Ублэнам з Інстытута эвалюцыйнай антрапалогіі Таварыства Макса Планка ў Лейпцыгу, якія працавалі ў пячоры Бача Кіра ў Балгарыі, паведамляе ВВС.

- Раскопкі ў Бача Кіра паказалі, што паміж прыбыццём ва ўсходнюю Еўропу сучаснага чалавека і канчатковым знікненнем неандэртальцаў, магчыма, прайшло 8 тысяч гадоў, - мяркуе прафесар Ублэн.

Гэта нашмат даўжэй, чым тры тысячагоддзі, пра якія раней казалі антраполагі, і, са слоў прафесара, «гэта дало двум відам нашмат больш часу на біялагічнае, культурнае і паводніцкае ўзаемадзеянне».

Пячора Бача Кіра і раней давала археолагам шмат каштоўных знаходак, у тым ліку прылад працы і костак, як чалавечых, так і неандэртальскіх. Але папулярнасць гэтага месца ў навукоўцаў згуляла і злы жарт: многія знаходкі былі забруджаныя матэрыяламі з іншых слаёў, што ставіла пад пытанне іх дакладную датыроўку.

Правёўшы новыя раскопкі з захаваннем усіх мер засцярогі, група Ублэна правяла як радыёвуглеродны аналіз прылад працы, так і аналіз ДНК костак і зубоў і прыйшла да высновы, што самыя старыя з іх маюць узрост блізу 47 тысяч гадоў.

- Мы маем справу з самымі старажытнымі людзьмі ў Еўропе, - сцвярджае Ублэн.

Сярод знаходак аказаліся і ювелірныя ўпрыгажэнні з зубоў пячорных мядзведзяў, якія дзіўна нагадваюць падобныя вырабы апошніх неандэртальцаў. На думку навукоўцаў, гэта відавочна сведчыць пра тое, што неандэртальцы навучыліся гэтаму ў людзей, і, стала быць, іх кантакты былі вельмі цеснымі.

- Хтосьці скажа, што гэта проста супадзенні, толькі я ў такія супадзенні не веру, - кажа прафесар Ублэн, нагадваючы, што маюцца доказы і генетычнага змешвання двух відаў. - Немагчыма ўявіць, каб біялагічная ўзаемадзеянне паміж двума групамі адбывалася без культурных кантактаў і ўзаемнага абмену досведам.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках