29 сакавiка 2024, Пятніца, 0:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дагестан раскрыў статыстыку па «пнеўманіям»: смяротнасць ад COVID была вышэйшай у 24 разы

5
Дагестан раскрыў статыстыку па «пнеўманіям»: смяротнасць ад COVID была вышэйшай у 24 разы

Якімі будуць рэальныя звесткі па Беларусі?

Міністр аховы здароўя Рэспублікі Дагестан (РФ) Джамалудзін Гаджыібрагімаў распавёў у інтэрв'ю блогеру Руслану Курбанаву, што ў рэспубліцы на 17 траўня ад «пазабальнічнай пнеўманіі» памерла больш за 650 чалавек, у тым ліку больш за 40 лекараў.

Інтэрв'ю размешчанае ў інстаграме Курбанава, паведамляе currenttime.tv.

Са слоў міністра, «пазабальнічнай пнеўманіяй» у Дагестане на 17 траўня хварэюць больш за 12 тысяч чалавек.

Паводле афіцыйных звестак, якія прыводзіць, між іншым, аператыўны штаб у барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй, у рэспубліцы было выяўлена толькі 3280 выпадкаў інфікавання каранавірусам і 27 памерлых. Атрымліваецца, што афіцыйная колькасць усіх памерлых ад COVID-19 меншая, чым колькасць адных толькі медыкаў, якія памерлі ад «пазабальнічнай пнеўманіі».

Адказваючы на пытанне блогера Курбанава пра тое, чаму каранавірус лічыцца асобна ад пнеўманіі, Гаджыібрагімаў сказаў, што «пазабальнічную пнеўманію» выяўляе Расспажыўнагляд.

«Лабараторнымі даследаваннямі па пацверджаным выпадкам [каранавіруса] у рэспубліцы першапачаткова займаліся падраздзяленні Расспажыўнагляда. Потым падключыліся падведамныя Міністэрству аховы здароўя лабараторыі. Але з пнеўманіямі працавалі толькі падраздзяленні Расспажыўнагляду. Вось таму», - адзначыў міністр.

Пры гэтым Гаджыібрагімаў сказаў, што Міністэрства аховы здароўя рэспублікі патэнцыйна ўважае ўсю пазабальнічную пнеўманію каранавіруснай інфекцыяй «і па іх працуем як з кавіднымі пацыентамі».

Гаджыібрагімаў таксама распавёў, што ў рэспубліканскіх лякарнях з каранавірусам і пнеўманіяй ляжаць больш за сем тысяч пацыентаў, засталося больш за 1400 свабодных ложкаў.

Пра тое, што дыягназ «пазабальнічная пнеўманія» ставiцца істотна большай колькасці людзей, чым «каранавірусная інфекцыя», паведамлялася і з іншых рэгіёнаў. Нядаўна, між іншым, пра лічбы хворых на пазабальнічную пнеўманію казаў губернатар Санкт-Пецярбурга Аляксандр Беглаў - яны таксама былі ў разы вышэйшымі, чым статыстыка пацверджаных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі.

Газета Financial Times 13 траўня выпусціла матэрыял пра тое, што сапраўдная колькасць памерлых ад COVID-19 у Расеі можа быць на 70% большай за афіцыйныя агучаныя звесткі. Пасля гэтага расейскія ўлады распачалі барацьбу з газетай і расейскімі выданнямі, што выпусцілі нататкі на аснове расследавання FT.

Нагадаем, што беларускае Міністэрства аховы здароўя хавае рэальную колькасць захварэлых і памерлых ад COVID-19 у нашай краіне. Паводле звестак Charter97.org, у Беларусі заражаныя вірусам некалькі сотняў тысяч чалавек і блізу 7 тысяч памерла.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках