25 красавiка 2024, Чацвер, 13:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Дагестане ад «пазабальнічнай пнеўманіі» памерлі больш як 650 чалавек

2
У Дагестане ад «пазабальнічнай пнеўманіі» памерлі больш як 650 чалавек

У тым ліку больш за 40 лекараў.

Міністр аховы здароўя Дагестана заявіў, што ў краіне на стан 17 траўня ад "пазабальнічнай пнеўманіі" памерлі больш як 650 чалавек, у тым ліку больш за 40 лекараў. Пра гэта Джамалудзін Гаджыібрагімаў расказаў у інтэрв'ю блогеру Руслану Курбанаву. Яно размешчанае ў інстаграме, паведамляе svoboda.org.

Паводле словаў міністра, на "пазабальнічную пнеўманію" ў Дагестане на стан 17 траўня хварэе больш за 12 тысячаў чалавек.

Паводле афіцыйных звестак, якія прыводзіць, напрыклад, Аператыўны штаб барацьбы з каранавіруснай інфекцыяй, у рэспубліцы былі выяўлены толькі 3280 выпадкаў інфікавання каранавірусам і 27 памерлых. Гэта значыць афіцыйны лік усіх памерлых ад COVID-19 меншы, чым колькасць адных толькі медыкаў, якія памерлі ад "пазабальнічнай пнеўманіі".

Пры гэтым міністр пацвердзіў, што Міністэрства аховы здароўя рэспублікі патэнцыйна ўважае ўсе пазабальнічныя пнеўманіі каранавіруснай інфекцыяй "і датычна іх працуем як з кавіднымі пацыентамі".

Галоўная рэдактарка RT Маргарыта Сіманьян зразумела словы міністра цалкам адназначана, напісаўшы ў сацсетках, што ў Дагестане "ад каранавірусу загінулі сорак лекараў". Потым, зрэшты, яна абмовілася, што пра гэта пішуць дагестанскія СМІ, афіцыйна інфармацыя не пацверджаная.

Пра тое, што дыягназ "пазабальнічная пнеўманія" ставiцца істотна большай колькасці людзей, чым "каранавірусная інфекцыя", паведамлялася і з іншых рэгіёнаў Расеі. Сярод іншых, пра колькасць хворых на пазабальнічную пнеўманію згадаў губернатар Санкт-Пецярбурга Аляксандр Бяглоў – гэтыя паказнікі таксама былі на парадак вышэйшыя за тыя, што паказаныя ў статыстыцы пацверджаных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі.

Паводле афіцыйных звестак, у Расеі ад каранавіруснай інфекцыі памерлі больш за 2500 чалавек – пры больш як 270 тысячах заражаных, то-бок адсотак смяротнага зыходу ў разы ніжэйшы, чым у большасці краінаў свету.

У апошнія дні шэраг СМІ, у тым ліку Financial Times, New York Times і "Медуза", публікавалі матэрыялы пра асаблівасці ўліку смерцяў пацыентаў з каранавірусам у Расеі, сцвярджаючы, што афіцыйная статыстыка смерцяў ад COVID-19, магчыма, не ўлічвае ўсіх памерлых, у каго быў выяўлены вірус. Расейскія ўлады выступілі з абвінавачваннямі на адрас замежных СМІ ў распаўсюдзе непраўдзівай інфармацыі. Пры гэтым з тлумачэнняў Міністэрства аховы здароўя вынікае, што COVID-19 сапраўды не паказваецца як прычына смерці ў тых выпадках, калі лекары мяркуюць, што асноўнай прычынай была іншая паталогія.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках