19 красавiка 2024, Пятніца, 16:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Свету прадказалі паўтарэнне адмоўных коштаў нафты

Свету прадказалі паўтарэнне адмоўных коштаў нафты

Гэта можа здарыцца 20 траўня.

Апытаныя ТАСС эканамісты прадказалі паўтарэнне адмоўных сусветных коштаў нафты амерыканскай маркі WTI у траўні. Гэта можа здарыцца 20 траўня, калі надыдзе апошні дзень гандлю чэрвеньскіх ф'ючэрсаў. Упершыню такая сітуацыя склалася ў сярэдзіне красавіка.

Паводле словаў аналітыкаў, першае ў гісторыі зніжэнне коштаў нафты да адмоўных велічыняў было толькі збольшага справакаванае макраэканамічнай сітуацыяй – нізкім попытам на паліва і адсутнасцю дастатковай колькасці сховішчаў. Гэтыя чыннікі не маглі паўплываць на гандаль разліковымі – «папяровымі» – ф'ючэрсамі, пастаўка базавага актыву (у гэтым выпадку нафты) паводле якіх не прадугледжаная, адзначае аналітык Райфайзенбанка Андрэй Палішчук.

На думку фінансіста з рэйтынгавага агенцтва АКРА Васіля Тануркова, сур'ёзны ўплыў на сітуацыю, якая склалася 20 красавіка, стварыў склад уладальнікаў ф'ючэрсаў, якія рэзка пачалі прадаваць іх дзеля таго, каб перакласці ў аналагічныя кантракты з пазнейшай датай выканання (экспірацыі). Дзякуючы традыцыйнаму для рынку нафты эфекту кантанга каціроўкі пазнейшых ф'ючэрсаў заўсёды вышэйшыя.

Напрыклад, сярод такіх інвестараў, якія наладзілі распродаж, што моцна паўплывала на кошты, амерыканскі фонд USO, які спецыялізуецца на гандлі нафтай. Пасля гэтага Нью-Ёркская таварная біржа прадпісала фонду істотна скараціць свае ўкладанні ў ф'ючэрсы на WTI.

Таксама суразмоўцы агенцтва звяртаюць увагу на новае правіла чыкагскай таварнай біржы, якая пасля красавіцкай сітуацыі ўвяла абавязковае патрабаванне пра наяўнасць гарантыйнага забеспячэння памерам 10 даляраў за кожны набыты на занятыя ў брокера сродкі бараль. У выпадку, калі падзенне коштаў перавысіць гэтую велічыню, брокеры пачнуць прымусова зачыняць пазіцыі, каб не панесці страты, што, у сваю чаргу, прывядзе да далейшага зніжэння.

Пры гэтым рэальную верагоднасць зніжэння фінансісты ацэньваюць як мінімальную, паколькі ўдзельнікі рынку «ўжо зрабілі высновы» з красавіцкай прасадкі каціровак.

20 красавіка, у апошні дзень гандлю ф'ючэрсамі на нафту WTI з пастаўкай у траўні, іх каціроўкі ўпершыню ў гісторыі знізіліся да адмоўных значэнняў і дасягнулі ўзроўню мінус 37 даляраў за бараль. Праз гэта многія інвестары панеслі беспрэцэдэнтныя страты, паколькі не чакалі такога развіцця падзей.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках