19 красавiка 2024, Пятніца, 4:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Заіка: Эпідэмія падвяла рысу

38
Леанід Заіка: Эпідэмія падвяла рысу
ФОТА: REALT.BY

Злазьце з мёртвага каня!

Паводле справаздачы «Белнафтахіма» за студзень-сакавік 2020 года аб'ём перапрацоўкі нафты беларускімі НПЗ скараціўся на 40,6%. Экспарт беларускіх нафтапрадуктаў за гэты час абрынуўся на 63% - да 527 млн даляраў. Пры гэтым улады заяўляюць, што ВУП з пачатку года паменшыўся нібыта ўсяго на 1,3%.

Ці магчыма гэта, і што адбываецца з беларускай эканомікай? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з кіраўніком аналітычнага цэнтра «Стратэгія», эканамістам Леанідам Заікам.

- Ці мог ВУП упасці ўсяго на 1,3%, калі экспарт нафтапрадуктаў абрынуўся на 63%?

- Гэта гледзячы як палічыць (смяецца). Такія «разлікі» яны могуць рабіць самымі разнастайнымі «метадамі»... Цалкам магчыма, што ў гэтым выпадку правялі проста матэматычнае складанне выпуску прадукцыі прадпрыемствамі. Але рэальнага стану эканомікі такі падлік не адлюстроўвае.

Тым больш, што апошнім часам вельмі сур'ёзна «падскочылі кошты», курс беларускага рубля ўпаў адсоткаў на 25. Таму вельмі лёгка «схаваць» рэальныя страты эканомікі, зрабіўшы падлікі ў беларускіх рублях - праз прасяданне курсу ў выніку магла вылезці параўнальна невялікая лічба. Але гэта хітрыкі, якім я б не давяраў.

На сённяшні дзень, 20 траўня, я б не стаў абмяркоўваць макраэканамічныя паказчыкі для Беларусі з адной простай прычыны: эпоха нафтавай і газавай эканомікі заканчваецца. І мы ўбачылі самы важкі аргумент на карысць гэтага, калі кошт нафты ўпаў да мінус шасці даляраў.

Нават такі чалавек, як Анатоль Чубайс заявіў, што «усё, годзе, пара прыстрэліць гэтага нафтавага каня і выходзіць з пасткі наркатычнай вуглевадароднай эканомікі».

Мяне ўвогуле здзіўляе гэты ідыятызм, калі прыходзіць танкер з так званай «амерыканскай нафтай» для Беларусі і палкоўнік Уладзімір Уладзіміравіч кажа, што з «задавальненнем даведаўся» пра яго з'яўленне.

Хлопцы, вы ўсе ў цырку жывяце? Навошта цягнуць гэтую арабскую або расейскую нафту з Амерыкі? Падумайце лепш, што будзе ўжо неўзабаве, праз квартал ці нават два месяцы, з вашымі нафтаперагоннымі заводамі. Вы так крычалі пра расейскія прэміі на нафту - чаму маўчыце цяпер? Як вы збіраецеся гэтыя вашы НПЗ аднаўляць?

Сто разоў вам гаварылася, што эпоха нафты скончылася. Думайце пра тое, як вырабляць электратранспарт, 3D-тэхніку, робатаў ды іншае. Хлопцы, дзе вашыя робаты? Чаму ў гэтай галіне ў лідарах такія маленькія краіны, як Сінгапур і Паўднёвая Карэя, дзе ў робататэхніцы занятыя па 800 чалавек на 10 тысяч насельніцтва?

Таму праблема беларускага ВУП у сувязі з экспартам нафтапрадуктаў выглядае гэтак жа недарэчна, як праблемы вытворчасці ў Беларусі лапцей і талакна. Што больш адбіваецца на падзенні эканомікі - крызіс вытворчасці лапцей ці талакнянай кашы?

Усе лічбы, звязаныя з ВУП, цяпер не маюць абсалютна ніякага значэння: пры такіх скачках абменнага курсу - гэта проста пстрыканне гумкай па носе людзей з Белстату.

- Як у такім выпадку выглядае рэальны стан беларускай эканомікі падчас эпідэміі каранавіруса?

- Тут я буду казаць гэтак жа заўзята, як маршал Будзёны сек скачучы шашкай галовы. Рэч у тым, што беларуская эканоміка ўжо знаходзіцца ў такім стане, што ўсё, што ў ёй скарачаецца, памяншаецца, адмірае - з'яўляецца пазітыўнай прыкметай.

Гэта пазітыўная прыкмета таго, што шэраг вытворчасцяў і нават галін ніякай наогул перспектывы не маюць. І чым хутчэй краіна ад іх пазбавіцца, тым хутчэй яна ўвойдзе ў новую, рэструктураваную эканоміку.

Мы бачым, як бізнэсоўцы просяць: «Дайце мне датацыі, і я адкрыю сваю кавярню «Чып Чып 1». Або: «Дайце мне грошы - і я аднаўлю сваю рэстарацыю «Грунвальд». Я хачу ім сказаць: хлопцы, вы не на тога каня робіце стаўку. Вы павінны зразумець, што напраўду адбываецца.

Скажу адназначна: усё, што цяпер у Беларусі падае, падае аб'ектыўна. І як гэта ні дзіўна гучыць, у гэтым ёсць пазітыў: хутчэй адмовімся ад старых непатрэбных структур. Калі конь памёр, скакаць на ім далей не трэба. Злазьце з мёртвага каня! Гэта старадаўняе каўбойскае правіла.

Ёсць два чалавекі на постсавецкай прасторы, якія заўсёды выклікаюць у мяне «смех і радасць». Калі я іх слухаю і чытаю, у мяне гэта выклікае непадробныя эмоцыі.

Другі такі чалавек - гэта зубны лекар з Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў. Ён стаматолаг і калі прыйшоў да ўлады, то скасаваў падаткі на зубную практыку. Лукашэнка з'яўляецца класічным прыкладам «суперінтэграванага» калгасніка. Калі ў Туркменістане клапоцяцца пра зубных лекараў, то ў Беларусі «клапоцяцца» пра аграрыяў. Лукашэнка ва ўмовах эпідэміі робіць тое, што і павінен рабіць туркменскі стаматолаг беларускага падвіду - «падымае» сельскую гаспадарку. Добра, што ў мінулым ён не быў лекарам-гінеколагам...

Гэта мой «дыягназ» таму, што адбываецца зараз у беларускай эканоміцы.

- Калі ёсць «дыягназ», узнікае пытанне: як будзе развівацца «клінічная карціна»?

- Ведаеце, гледзячы на твары чальцоў нашага ўраду, у мяне ствараецца ўражанне, што мелі рацыю тыя, хто казаў аб прыходзе ў Беларусь антрапалагічнай катастрофы. Наша шчасце ў тым, што яны яшчэ не так паспелі напракудзіць, не так паспелі зламаць тое, што ствараецца аб'ектыўна, без удзелу ўлады.

Уся праблема Беларусі ў тым, каб паставіць перашкоду для гэтых рукатворных крызісаў і тых, хто іх стварае.

Эканоміка кожнай краіны ў нейкім сэнсе «гіганцкая»: нават калі яе расстрэльваць з сістэмы «Паланэз», яна застанецца і будзе працаваць - проста выжывуць далёка не ўсе яе элементы.

Напрыклад, беларускі экспарт упаў з пачатку года на 15% - гэта кажа аб нашай неканкурэнтнасці. А што да самой эканомікі, то праблема ў іншым: трэба перастаць хлусіць і прызнацца самім сабе, што цяпер галоўная задача - рэструктурызацыя.

Свет імкліва змяняецца, і ва ўмовах пандэміі мы выявілі, што беларуская сістэма да гэтага цалкам негатовая. Напрыклад, у нас зусім адсутнічае сістэма дыстанцыйнага навучання. Нашы школы і ВНУ цалкам праваліліся з гэтай справай. Такім жа чынам улады падчас эпідэміі правалілі многія рэчы - у эканоміцы і не толькі.

Улады думаюць, што не уводзячы карантын, яны «ратавалі эканоміку»... Асабіста мяне яны не выратавалі ні разу. Бізнэсоўцы цяпер самі тонуць - і іх таксама ніхто не ратуе. Ім кажуць: хлопцы, хлопцы, адплывайце далей ад берага.

Ды і як нашы ўлады могуць «ратаваць эканоміку?». Яны могуць проста ўзяць друкаваны станок і выпусціць новыя грошы - абсалютна пустыя. Гэта значыць, яны могуць «ратаваць» толькі пры дапамозе фальшываманецтва. Ну, а гэта наогул крымінальшчына.

Другое, што яны ўмеюць рабіць падчас эпідэміі, гэта ездзіць па лякарнях і глядзець, як лекары дрэнна забяспечаныя маскамі і пальчаткамі - але пры гэтым нічога не выправіць. Беларусь апынулася абсалютная негатовай да эпідэміі каранавіруса!

Гэтая фраза - «ратаваць эканоміку» - падаецца мне вельмі цікавай з пункту гледжання псіхалогіі людзей, якія знаходзяцца ва ўладзе. Разумееце, яны стаяць каля берага, і калі тонуць прадпрымальнікі, кажуць: «Хлопцы, мы зараз прынясём вам 25 выратавальных колаў на ўсю краіну».

Наогул, эпідэмія падвяла рысу: гэтая ўлада апынулася вельмі неэфектыўнай. Я бачу з яе боку абсалютнае неразуменне таго, што адбываецца ў краіне. Я б, напрыклад, скасаваў для прадпрымальнікаў усе падаткі да 1 верасня, а таксама вызваліў бы на гэты час іх усіх ад арэнднай платы.

Замест гэтага Лукашэнка абвяшчае пра «прэзідэнцкія выбары»... Хлопцы, якія «выбары»? Вы паказалі ў гэтай пандэміі, што вы - наогул пустое месца. Вы - і Лукашэнка, і ягоны «парламент» - паставілі краіну і людзей на грань катастрофы. І вы яшчэ хочаце працягваць? Вы што, сапраўды не можаце зразумець, што вы нарабілі?

Гэта «прасвятленне» потым для вас будзе вельмі цяжкім, людзей не падманеш.

Ведаеце, у мяне калісьці быў вайсковы таварыш - даволі вясёлы чалавек, спартовец. Неяк ён паехаў працаваць і адпачываць на Чорнае мора, знайшоў там сабе працу выратавальнікам. Ён на лодцы плаваў каля буйкоў і ведаеце, як ён ратаваў? «Бачу, што хтосьці за буйкі заплыў - я яму вяслом па галаве даю, а потым выцягваю», - так ён мне расказваў. Гэтак жа «ратуюць» эканоміку і гэтыя ўлады.

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках