28 сакавiка 2024, Чацвер, 14:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Слонімскай ЦРБ адбылося масавае заражэнне медработнікаў COVID-19

8
У Слонімскай ЦРБ адбылося масавае заражэнне медработнікаў COVID-19
ФОТА З САЙТА: SLNCRB.BY

Дзясяткі супрацоўнікаў - на бальнічных.

У Слонімскай цэнтральнай раённай бальніцы - масавае заражэнне Covid-19 медыцынскіх работнікаў. Дзясяткі супрацоўнікаў - на бальнічным, піша тэлеграм-канал «Баста».

«У Слонімскай ЦРБ у хірургічным, траўматалагічным аддзяленнях і аперацыйным блоку - масавае заражэнне медыцынскіх работнікаў каранавірусам, - піша супрацоўнік бальніцы. - Медыкі заразіліся таму, што аказвалі дапамогу хворым без неабходных сродкаў індывідуальнай абароны. Працавалі толькі ў масках, без акуляраў, супрацьчумных касцюмаў і рэспіратараў.

Адміністрацыя ЦРБ сабрала медработнікаў і абвінаваціла іх у тым, што заражэнне адбылося з прычыны таго, што медыкі ладзілі масавыя чаяванні. Напраўду, такога не было ніколі.

Зрабіць тэсты хворым спачатку адмаўляліся, але потым усё ж такі пагадзіліся. У выніку, вялікая колькасць медыкаў хірургічнага, траўматалагічнага аддзяленняў і аперацыйнага блоку знаходзіцца на гэты момант на бальнічным. Нямала медыкаў шпіталізавалі з пнеўманіяй.

Правёўшы сваё эпідраследаванне адміністрацыя адчыталася перад кіраўніцтвам, што заражэнне медыцынскіх работнікаў не звязанае з прафесійнай дзейнасцю. Справа ў тым, што ў выпадку прафесійнага заражэння, медыкам належаць грашовыя выплаты. Ніхто нікому плаціць не збіраецца. Медыцынскіх працаўнікоў, што заразіліся, прымушаюць падпісваць дакументы, у якіх тыя ўказваюць, што заразіліся не на працы. Пагражаюць непадаўжэннем кантрактаў або звальненнем з прычыны невыканання санітарных норм і правілаў.

Пасля таго, як медыкі заразіліся Covid-19, адміністрацыя выдала пакінутым работнікам аднаразовыя камбінезоны са спанбонду, якія неабходна сціраць і насіць датуль, пакуль яны не разваляцца. Рэспіратары так ніхто і не выдаў».

Інфармацыю пра масавым заражэнні медыкаў тэлеграм-каналу пацвердзіла яшчэ адна крыніца ў Слонімскай ЦРБ.

«Некалькі дзясяткаў, больш за 20 чалавек - на бальнічным», - сказаў ён.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Баста» і стварайце гісторыю свабоднай Беларусі.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках