29 сакавiка 2024, Пятніца, 15:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На парад і «Славянскі базар» грошы ў Лукашэнкі ёсць, а на лекараў – няма

45
На парад і «Славянскі базар» грошы ў Лукашэнкі ёсць, а на лекараў – няма

У Беларусі цяпер самы небяспечны перыяд з пачатку эпідэміі каранавірусу.

Сітуацыю ў Беларусі ў сувязі з эпідэміяй, бунтамі медыкаў і пачаткам кампаніі збору подпісаў для ўдзелу ў «прэзідэнцкіх выбарах» сайту сharter97.org пракаментаваў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка.

– У незалежных СМІ кожны дзень з'яўляецца інфармацыя пра новыя ўспышкі каранавіруснай інфекцыі ў Беларусі і смерці ад яе. Як Вы ацэньваеце сітуацыю з эпідэміяй каранавірусу ў нашай краіне?

– Літаральна пару дзён таму з'явілася інфармацыя, што Швэцыя, якая для нас, постсавецкіх людзей, заўсёды з'яўлялася сімвалам парадку і матэрыяльнага дабрабыту, раптам вырвалася ў еўрапейскія «лідары» ў колькасці памерлых ад каранавірусу на душу насельніцтва. На сёння ў Швэцыі ад COVID-19 памерлі блізу чатырох тысячаў чалавек.

Вельмі сумная сітуацыя для Швэцыі, але і сапраўдным лідарам у гэтым спісе з'яўляецца Беларусь, дзе смерцяў ад каранавірусу значна больш і ў гэтым можна не сумнявацца. Мая ацэнка такая: ад каранавірусу ў Беларусі ўжо памерлі больш за 10 тысячаў чалавек. Ацэнка грунтуецца на той інфармацыі, якую мы атрымліваем з беларускіх рэгіёнаў і параўнальным аналізе сітуацыі пра каранавірус у блізкіх у колькасці жыхароў еўрапейскіх краінах.

Тое, што адбываецца ў нашых рэгіёнах, было прагназавана і стала вынікам ідыёцкай і злачыннай палітыкі Лукашэнкі падчас эпідэміі. Нават Швэцыю адсутнасць карантынных захадаў і спроба выпрацаваць статкавы імунітэт прывялі да такіх сумных лікаў, да многіх смерцяў, якіх можна было ўнікнуць.

У Беларусі ж сітуацыя значна горшая, а ўзровень нашай медыцыны нашмат слабейшы. Беларусь перажывае самы цяжкі перыяд за час эпідэміі і з'яўляецца самай небяспечнай краінай у свеце, калі казаць пра рызыку памерці ад каранавірусу і пнеўманіі.

Данные сайта worldometers.info за 21 мая, который дает ежедневную статистику по заболевшим и умершим от коронавируса в мире.

– У Бабруйску дайшло да адкрытага бунту медыкаў лякарні «хуткай дапамогі», якія перашкодзілі БТ зняць прапагандысцкі сюжэт. Пра што кажуць падобныя інцыдэнты?

– Гэта сведчанне таго, што цярпенне беларускіх медыкаў ужо скончылася, і такія бунты, калі ўлады не адумаюцца, могуць стаць паўсюднымі. Беларускія медыкі – гэта людзі, якія рызыкуюць сваімі жыццямі, працуючы ў вельмі цяжкіх умовах. Таксама лекары і іншыя медыцынскія супрацоўнікі нясуць смяротную небяспеку ў свае сем'і. Гэтая сітуацыя нагадвае падзеі Другой сусветнай вайны, калі рызыкавалі не толькі партызаны, але і іх сем'і, якіх расстрэльвалі фашысты. Для лекараў верагоднасць таго, што заразяцца і памруць іх блізкія, таксама вельмі высокая.

Людзі, якія дзеля нас рызыкуюць сваімі жыццямі і жыццямі блізкіх, атрымліваюць абсалютную драбязу. Ва ўладаў ёсць грошы на парады, запланаваныя грошы на «Славянскі базар», запланаваныя грошы на 3 ліпеня, а на лекараў грошай няма.

Я параіў бы медыкам нават у цяперашніх умовах выкарыстоўваць пагрозу страйку для таго, каб атрымаць сумленна заробленае ва ўмовах велізарнай рызыкі і каб атрымаць усё неабходнае для лячэння пацыентаў. Упэўнены, што абсалютная большасць беларусаў будзе на баку медыкаў.

Лекары сталі прамой ахвярай палітыкі ўладаў, бо яны развязваюць у сутнасці невыканальную задачу. У нармальных краінах медыкі выяўлялі заражаных COVID-19 і кантакты першага-другога ўзроўняў ва ўмовах жорсткага карантыну. Частку цяжкіх хворых забіралі ў лякарні, частку пакідалі лячыцца дома пад наглядам. Праз месяц-два карантыну лік новых заражаных рэзка ўпаў, а сістэма аховы здароўя была разгорнутая і магла кваліфікавана дапамагаць абсалютнай большасці цяжкіх хворых. Так, у Італіі і Гішпаніі было не так, але яны былі першымі краінамі, што сутыкаюцца з эпідэміяй, на іх досведзе вучыліся іншыя. Беларускія ж лекары ўжо два месяцы сутыкаюцца з бесперапынным ростам заражаных каранавірусам, бо ў краіне не быў уведзены карантын, дэманстрацыйна праводзіліся парады, канцэрты, суботнікі і спартовыя спаборніцтвы.

Калі сёння ў большасці краінаў Еўропы скасоўваюцца карантынныя мерапрыемствы і медыкі могуць перавесці дыханне, то ў нашых лекараў усё яшчэ наперадзе, а магчымасці чалавечага арганізма вельмі абмежаваныя.

Калі яны працуюць у касцюмах абароны, а на вуліцы тэмпература паветра +15 – гэта адно, а калі будзе +30?! Для людзей, якія служылі ў войску, магу прывесці прыклад: уявіце сабе, што вы суткамі знаходзіцеся ў ААК (агульнавайсковы ахоўны камплект – заўв. Сharter97.org). Як доўга вы маглі б працаваць у такой вопратцы?

Хацелася б сказаць медыкам, што яны сёння галоўныя людзі краіны і могуць прымусіць сябе паважаць, атрымаць годную аплату за сваю працу і нармальныя ўмовы працы, калі арганізуюцца і публічна агучаць свае патрабаванні.

– 21 траўня пачаўся збор подпісаў прэтэндэнтаў у кандыдаты на ўдзел у «прэзідэнцкіх выбарах». Як Вы ацэньваеце дзеянні патэнцыйных кандыдатаў і іх камандаў?

– Якія б матывы і стымулы ні ўплывалі на прынятыя кандыдатамі пастановы, я мяркую, што ў сітуацыі піка эпідэміі і масавых смерцяў у Беларусі іх спрабуюць зрабіць суўдзельнікамі злачынстваў рэжыму.

Памежна ясна, што ўлады спрабуюць пераключыць увагу беларусаў з масавых смерцяў на іншую тэму. Але мы павінны разумець, што жыццё чалавека неацэннае. А калі б, як падчас Другой сусветнай вайны, у беларускія мястэчкі і вёскі зайшлі карнікі з аўтаматамі ў руках? Або з матыкамі і мачэтэ, як гэта было ў Руандзе? Калі б яны сталі забіваць мірных жыхароў? Забілі б у кожным горадзе сто чалавек, у вёсках – 10–15. Тады б усе крычалі і разумелі, што гэта генацыд!

Але калі такая ж колькасць людзей памірае ад каранавірусу (многія – у пакутах, задыхаючыся, захлынаючыся крывёю...), гэта што, не з'яўляецца смерцямі? Гэта што, дробязь? Гэта не можа прымусіць людзей усвядоміць, што яны робяць? Бо праз збор подпісаў будуць заражацца тысячы новых чалавек, а наша сістэма аховы здароўя ўжо на мяжы.

Рэч у тым, што ў нас увосень проста ўвогуле не застанецца медыкаў, бо рэзерваў няма. Калі ідзе вайна, то адбываецца ратацыя, ёсць нейкія рэзервы, а дзе ўзяць медыкаў? Хіба можна так хутка падрыхтаваць добрых лекараў? Ужо ёсць інфармацыя, што ў Беларусі няма каму рабіць нейрахірургічныя аперацыі, няма каму рабіць складаныя аперацыі на сэрцы. Многія загадчыкі спецыялізаваных аддзяленняў лякарняў кінутыя на барацьбу з каранавірусам як простыя лекары-інфекцыяністы. У нас да восені будзе проста знішчаная медыцына, нас не будзе каму лячыць.

Бо могуць жа кандыдаты, якія называюць сябе альтэрнатывай Лукашэнку (апазіцыянерамі яны сябе баяцца называць), задумацца пра наступствы сваіх дзеянняў.

– На што яшчэ варта звярнуць увагу жыхарам Беларусі ў няпростай эпідэміялагічнай і палітычнай сітуацыі?

– Не пабаюся тысячны раз паўтарыць: беражыце сябе і сваіх блізкіх. У нас адно жыццё і адно здароўе. Хто б вам ні спрабаваў задурыць галаву нейкімі лжэідэямі і праектамі, самае галоўнае сёння – выжыць. У мяне ўжо ёсць некалькі гісторый пра смерці людзей, якіх я ведаў асабіста. Гэта і мае аднагодкі (людзі, якім за 50 гадоў), гэта і маладыя людзі, і людзі больш старэйшага ўзросту.

Задумайцеся, калі вы не заразіліся каранавірусам – вы жывыя, калі заразіліся – вы можаце памерці праз тры дні ці ваш арганізм будзе настолькі пашкоджаны, што вы будзеце месяц мучацца, а потым усё роўна памраце.

Сёння гэта павінна быць самай галоўнай думкай для кожнага. Любы паход у краму, любая паездка ў грамадскім транспарце, любое дзеянне павінна ацэньвацца менавіта з гэтых пазіцый. Стаўцеся, калі ласка, вельмі і вельмі сур'ёзна да свайго здароўя.

Калі б у Беларусі быў уведзены карантын, як гэта было зроблена ў еўрапейскіх краінах, у нас было б значна менш смерцяў, і мы сёння выходзілі б з карантыну разам з іншымі народамі. Сёння ж у нас самы пік эпідэміі, сотні тысячаў заражаных і небяспека заразіцца і памерці як ніколі вялікая.

Праз месяц-паўтара паглядзім, якая будзе сітуацыя, і будзем думаць, што рабіць далей.

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках