19 красавiка 2024, Пятніца, 13:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Трупы стаялі дзясяткамі каля дзвярэй маёй палаты»

13
«Трупы стаялі дзясяткамі каля дзвярэй маёй палаты»

Расейскім дэпутатам зачыталі аповед пацыенткі з каранавірусам.

Дэпутатка яраслаўскай абласной думы (РФ) Вольга Секачова на пасяджэнні 22 траўня зачытала аповед пацыенткі, якая праходзіла лекаванне ад каранавірусу ў лякарні вёскі Карабіха. Выступ Секачовай апублікаваў тэлеграм-канал «Дзядзька Лёша», які вядзе журналіст Аляксей Якаўлеў.

«Мне страшна ўспамінаць, што я там перажыла. Мяне амаль не лячылі, ляжала два тыдні проста так. Не ведаю, што яны рабілі. Тры дні давалі азітраміцын – тры ўколы, дзве кропельніцы. Рэнтген не рабілі ні разу. Да вашага звароту да мяне ні разу ніхто не падышоў. Як яны вызначылі пнеўманію, не ведаю, кардыяграму таксама не рабілі. Таблеткі заўсёды даводзілася патрабаваць, ніхто не насіў. Часам сканчаліся лекі, і мы ляжалі так», – працытавала ліст дэпутат.

«Потым лекарка сышла на бальнічны. Ні адна жывая душа да мяне ўвогуле не падыходзіла. Са мной ляжала бабуля, а да яе ўвогуле ніхто не прыходзіў – адзін раз памянялі памперс, не кармілі, піць не давалі. Яна памерла ад бяздзейнасці на маіх вачах. Хтосьці сказаў, што трэба ў рэанімацыю, але так ніхто і не прыйшоў. У мяне быў шок. З суседам у палаце спрабавалі крычаць, шукаць – не знайшлі ніводнага медыка. Было адчуванне, што ва ўсім шпіталі мы адны. Хадзіў нейкі хлопчык-студэнт у масцы і рабіў нам уколы. Людзі прасілі піць, прасілі дапамогі, нічога не было. (Прапускаю далей, – Секачова) Абед прывозілі ажно а 16-й гадзіне, сняданак – аб 11-й. Развозіць іх няма каму. Ад безвыходнасці мы галасілі. Калі прапанавалі... (Гэта таксама магу прапусціць, – Секачова) Ведаю, што ва ўрадзе пытанне стаяла. Пасля праверкі прыбралі трупы, якія стаялі дзясяткамі каля дзвярэй маёй палаты, за пяць метраў ад майго ложка. На маю просьбу прыбраць трупы сказалі: “Не перажывайце, яны не ўстануць”», – прачытала Секачова.

Пасля гэтага дэпутатка заявіла, што «падобныя факты паўсюль і спрэс». Паводле ейных словаў, ніхто не хоча класціся на лячэнне ў лякарню Карабіхі праз дрэнныя ўмовы. Напрыклад, хворыя бачылі, што «трупы грузяць як смецце».

«Калі мы пацвярджаем, што 13 чалавек памерлі ад кавіду, давайце скажам, колькі памерлі ад спадарожных захворванняў з кавіду», – сказала Секачова.

У адказ намеснік старшыні ўрада Яраслаўскай вобласці Анатоль Гулін заявіў, што афіцыйна смерць ад каранавірусу фіксуецца толькі пры адсутнасці іншых захворванняў. Паводле ягоных словаў, у бальнічных аддзяленнях для пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй з пачатку пандэміі памерлі 109 пацыентаў.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках