23 красавiка 2024, aўторак, 18:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Ізраілі паспяхова выпрабавалі новы метад лекавання COVID-19

5
У Ізраілі паспяхова выпрабавалі новы метад лекавання COVID-19

Лекары мяркуюць, што ён больш эфектыўны, чым адпраўка пацыентаў на апараты ШВЛ.

Медыкі, якія займаюцца лячэннем цяжкіх выпадкаў COVID-19, у асноўным засяроджваюць свае намаганні на падтрыманні жыцця пацыентаў да таго часу, пакуль ахоўныя сілы арганізма не дадуць ім магчымасць дыхаць самастойна, піша detaly.co.il.

Востры рэспіраторны дыстрэс-сіндром (ВРДС) уяўляе з сябе небяспечны для жыцця стан, пры якім у лёгкія трапляе вадкасць. Гэты сіндром, распаўсюджаны ў пацыентаў, заражаных каранавірусам, асабліва пажылых, можа прывесці да дыхальнай недастатковасці і смерці.

Выкарыстанне апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх з'яўляецца асноўным даступным метадам лячэння пацыентаў з ВРДС. Мяркуецца, што механічная падтрымка, якую робіць лёгкім апарат, дазволіць хворым выжыць. Але сама менш у 50 адсотках выпадкаў – а паводле некаторых ацэнак, да 70 адсоткаў – апарат ШВЛ не ратуе пацыентаў, якія пакутуюць ад COVID-19.

Чатыры гады таму прафесар Жозуэ Шнітман і ягоныя калегі з Хайфскага Тэхніёна пачалі распрацоўку лекавання стану, падобнага да ВРДС, які можа ўзнікаць у неданошаных дзяцей, у няспелых лёгкіх якіх адсутнічае лёгачнае павярхоўна-актыўнае рэчыва – вадкасць, якая пакрывае паверхню лёгачных альвеолаў.

«Ужо 30 гадоў таму было вядома, што ін'екцыя вадкага сурфактанту непасрэдна ў лёгкія нованароджаных у значнай ступені дапамагае ім нармальна функцыянаваць», – кажа Шнітман. Ён дадаў, што ў 98 адсотках выпадкаў гэты метад дапамог выратаваць немаўлятам жыццё.

Праблема заключаецца ў тым, што ў выпадку лекавання дарослых пацыентаў метад дастаўкі лекавага рэчыва ў лёгкія быў вельмі неэфектыўны з прычыны памераў апошніх. У вялікіх лёгкіх дарослых уліваная кроплямі вадкасць размяркоўваецца нераўнамерна, у выніку чаго адны вобласці лёгкіх робяцца затопленыя, у той час як у іншыя лекі не даходзяць.

У лабараторыі Шнітмана ў цяперашні момант распрацоўваецца простае ідэя: ператварыць вадкае павярхоўна-актыўнае рэчыва ў пену. «Пена мае большы аб'ём, чым вадкасць», тлумачыць навуковец, «і менш схільная да ўплыву сілы цяжару, таму яна можа раўнамерна распаўсюджвацца ў лёгкіх і спрыяць аднаўленню і правільнаму функцыянаванню эпітэліяльных клетак», – кажа ён.

Методыка, якая атрымала назву «вадка-пенная тэрапія» (LIFT), была паспяхова пратэставаная на пацуках, якія за 15–30 хвілінаў вярнуліся да здаровага стану – без якіх-небудзь непажаданых пабочных з'яваў. Паколькі ў пацукоў лёгкія занадта малыя, каб на іх прыкладзе можна было меркаваць пра паляпшэнне размеркавання леку ў лёгкіх, навукоўцы правялі эксперыменты ex vivo (гэта значыць па-за арганізмам) на лёгкіх свінні, блізкіх памерам да лёгкіх дарослых людзей. Так было пацверджана, што ўжыванне методыкі LIFT вядзе да больш раўнамернага распаўсюджвання лекавага рэчыва ў параўнанні з ягоным увядзеннем у вадкай форме.

У траўні лабараторыя плануе пачаць даклінічныя выпрабаванні на свіннях. У выпадку, калі яны будуць удалымі, Шнітман прыступіць гэтай восенню да першых клінічных выпрабаванняў на людзях, і тым самым паскорыць распрацоўку методыкі лячэння.

«Калі методыка сябе апраўдае, яе таксама можна будзе выкарыстоўваць для ўвядзення непасрэдна ў лёгкія лекаў і не толькі, напрыклад, ствалавых клетак, якія могуць спрыяць аднаўленню пашкоджаных лёгкіх», – кажа ён. Даследаванне атрымлівае падтрымку з боку Еўразвязу і ізраільскага Міністэрства навукі, тэхналогіі і вывучэння космасу.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках