19 красавiка 2024, Пятніца, 5:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы выявілі генную мутацыю, якая робіць людзей зграбнымі

3
Навукоўцы выявілі генную мутацыю, якая робіць людзей зграбнымі

Новыя звесткі могуць адкрыць новы раздзел у эфектыўных сістэмах пахудання.

"Гэта пандэмія іншага кшталту: людзі на нашай планеце становяцца ўсё больш тоўстымі, – піша аўстрыйскае выданне Der Standard. – Так, у ЗША 33,7% насельніцтва, уключаючы прэзідэнта, пакутуюць на атлусценне і маюць індэкс масы цела (ІМТ) большы за 30".

"З медыцынскага і эканамічнага пункту гледжання, нездаровая лішняя вага (атлусценне) з'яўляецца сур'ёзнай праблемай нашага грамадства, бо павышаны індэкс масы цела павышае і рызыку розных захворванняў абмену рэчываў (перш за ўсё дыябету 2 тыпу), сардэчна-судзiнных захворванняў, а таксама раку", – адзначае выданне.

"З аднаго боку, тое, што на вагах з'яўляецца больш ці менш кілаграмаў, вядома, у першую чаргу звязана з нашымі харчовымі звычкамі і рухальнай актыўнасцю. Але пэўную ролю ў наборы вагі мае і генетыка, якую не варта недаацэньваць: некаторыя людзі больш, чым астатнія, схільныя набіраць кілаграмы – абсалютна незалежна ад ежы і іх фізічнай актыўнасці".

Ранейшыя даследаванні факусаваліся ў першую чаргу на генах, якія звязаныя з атлусценнем. Аднак міжнародная каманда даследнікаў пад кіраўніцтвам Ёзэфа Пенінгера, дырэктара Інстытута натуральных навук пры Універсітэце Брытанскай Калумбіі ў Ванкуверы, рушыла зваротным шляхам і вывучыла генетычныя звесткі 47102 жыхароў Эстоніі звычайнага ці худога целаскладу.

"Як паведаміла ў чацвер каманда даследнікаў з больш чым 20 міжнародных даследчых інстытутаў у аўтарытэтным навуковым часопісе Cell, у зграбных эстонцаў яны здолелі выявіць некалькі асацыяваных з зграбнасцю генаў, у тым ліку так званы ALK-ген, які не звязаны з алкаголем, а названы так таму, што ён кадуе бялок анапластычную лімфакіназу. Гэты ген ужо вядомы з анкалогіі. Ён выконвае важную ролю ва ўзнікненні раку лёгкіх, пры якім у выпадку мутацыі прыводзіць да празмернага ўтварэння ALK-бялкоў".

"Цяпер жа даследнікі з каманды Пенінгера вызначылі ўзаемасувязь гэтага ALK-гена з іншымі звязанымі з абменам рэчываў асаблівасцямі, як аб'ём таліі, узровень халестэрыну і цукру ў крыві. (...) У эксперыментах з дразафіламі выдаленне ALK-гена прыводзіла да зніжэння ўзроўню ліпідаў у крыві; у эксперыментах з мышамі – да зніжэння іх вагі. Акрамя таго, жывёлы са змененымі генамі не набіралі вагу, нягледзячы на багатае на тлушчы харчаванне", – гаворыцца ў артыкуле.

Далейшыя даследаванні навукоўцаў паказалі, што такі эфект зграбнасці ALK-бялок выяўляе ў нервовых клетках гіпаталамуса, часткі мозгу, якая ўдзельнічае ў гарманальнай рэгуляцыі. "Мышы, у якіх сінтэз ALK-бялку заціскаўся менавіта ў гэтай частцы мозгу, вылучаліся падвышаным узроўнем спальвання тлушчаў, чаму, верагодна, спрыяла падвышаная канцэнтрацыя гармону стрэсу норадрэналіну ў тлушчавай тканіны. Гэтыя высновы пераклікаюцца і з высновамі, зробленымі на аснове вывучэння ўзораў тканак худых людзей".

Новыя звесткі могуць "адкрыць новы раздзел у пошуку эфектыўных стратэгій барацьбы з залішняй вагой", пракаментаваў даследаванне Бернхард Паульвебер, эксперт у абмене рэчываў з універсітэцкай клінікі Зальцбурга.

Аднак перш чым вынікі даследавання можна будзе выкарыстоўваць у лекаванні атлусцення, неабходна правесці маштабныя даследаванні пра пабочныя дзеянні заціскання ALK-гена.

"Адзін пабочны эфект, прынамсі ў мышэй, ужо вядомы: грызуны без ALK-гена схільныя да празмернага ўжывання алкаголю", – піша Der Standard.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках