29 сакавiка 2024, Пятніца, 0:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лекар з Воршы: Большасць нашых злегла ад COVID-19, а даплаты ўсё яшчэ не налічаныя

5
Лекар з Воршы: Большасць нашых злегла ад COVID-19, а даплаты ўсё яшчэ не налічаныя

Медык расказалa, як напраўду выглядае сітуацыя з распаўсюджваннем інфекцыі ў горадзе.

Усё больш медыкаў, якія не атрымалі даплаты за працу з каранавіруснымі пацыентамі, наважваюцца развязваць канфлікт не з адміністрацыяй лякарні, а праз a Менск. У адміністрацыю Лукашэнкі звярнуліся працаўнікі лякарні імя Сямашкі ў Воршы. Персанал бальніцы паскардзіўся «Белсату» на нявыплату абяцанай прэміі і распавёў, як сапраўды выглядае сітуацыя з распаўсюджваннем інфекцыі ў горадзе.

Людміла (імя зменена на просьбу суразмоўцы) працуе ў адзіным на ўсю Воршу шпіталі - лякарня імя Сямашкі. Са слоў жанчыны, лякарня атрымала індывідуальныя сродкі аховы толькі ў сярэдзіне красавіка. Спачатку не было нават масак. Праз адсутнасць аховы ад інфекцыі цяпер у большасці медперсаналу каранавірус:

«Большасць захварэла. Амаль усе палеглі - цалкам рэанімацыя №1, тэрапія, гінекалогія, кардыялогія, траўматалогія. Шмат хто ў лякарні цяпер. Пачалі хварэць у прыёмным пакоі. Не ведаю, як мы трымаемся яшчэ. На дапамогу, у нас кажуць, прыязджаюць лекары з Юрцава [гарадок за 20 км ад Воршы. - рэд.]».

Лякарня складаецца з двух будынкаў. Пяціпавярховік, брудная зона, - цалкам аддадзена пад каранавірусных хворых і свабоднымі засталіся адзінкавыя ложкі. У дзесяціпавярховым корпусе, які лічыцца чыстай зонай, шмат інфікаваных пацыентаў і медыкаў, хоць афіцыйна гэта адмаўляюць, кажа Людміла. Кіраўніцтва лякарні адмовіла работнікам у тэстах на COVID-19, бо, маўляў, на гэта няма грошай, як і на прэміі:

«Скаргі ў адміністрацыю Лукашэнкі пісалі ўсе: і кардыялогія, і рэанімацыя, і прыёмнае аддзяленне. Адказу не атрымалі. Паднялі шум. Камусьці зрабілі пераразлік, палічылі хвіліны, далі капейкі - каму 19 рублёў, каму 80, хто 250 атрымаў, але пра вялікія даплаты ніхто не чуў».

Такая ж сітуацыя з COVID-19 і ў мястэчку Барань, адкуль у Воршу вязуць хворых, дадае супрацоўніца аршанскай лякарні. Месцаў для ўсіх не стае, таму мясцовыя ўлады загадалі аддаць пад каранавірус ужо непрацоўную лякарню льнокамбіната:

«Адкрылі два паверхі, дзе была кардыялогія. Цяпер і там брудная зона. Ды яна паўсюль. Як можа быць інакш, калі людзі прыходзяць у прыёмны пакой нават без масак. Не вераць у эпідэмію. Яны не перажываюць ні за сябе, ні тым больш за нас».

Людміла распавяла і пра медсястру з кабінета кампутарнай тамаграфіі Вольгу Г., якая заразілася на працы каранавірусам і заразіла ўсю сям'ю. Маці Вольгі памерла.

Загадчык лякарні імя Сямашкі Уладзіслаў Акуловіч пракаментаваў сітуацыю з колькасцю хворых падначаленых і прэміямі неадназначна:

«Усім плацяць паводле заканадаўства. Сярод медыцынскіх работнікаў няма ніводнага, хто сустракаўся з COVID-19. Ёсць хворыя медыкі, але гэта не масава. Усім усё патлумачылі наконт даплат. Калі хтосьці не разумее, назавіце прозвішча, мы выклічам і растлумачым».

Апошнія афіцыйныя звесткі аб распаўсюдзе COVID-19 у Воршы і раёне Міністэрства аховы здароўя падавала 24 красавіка. Тады, паводле падлікаў ведамства, у раёне выявілі 82 хворых.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках