29 сакавiка 2024, Пятніца, 18:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікола Статкевіч: Беларусь прагне пераменаў. Як іх дасягнуць?

77
Мікола Статкевіч: Беларусь прагне пераменаў. Як іх дасягнуць?
ФОТА: NN.BY

Цяпер трэба падтрымаць тых кандыдатаў, якія гатовыя рэальна змагацца за перамогу.

Беларусь больш не хоча Лукашэнку. Народ стаміўся ад безвыходнасці. Краіна прагне пераменаў, піша адзін з лідараў беларускай апазіцыі Мікола Статкевіч у "Фэйсбуку". Як іх дамагчыся, калі падчас "тыпу-выбараў" пераможцаў і нават удзельнікаў вызначае сам "перасідэнт"?

Цяпер трэба падтрымаць тых прэтэндэнтаў у кандыдаты, якія гатовыя рэальна змагацца за перамогу і абараняць яе, не шкадуючы сябе. Пакуль мы бачым, што з зарэгістраваных для збору подпісаў групаў толькі каманда Сяргея Ціханоўскага паказала гатоўнасць да рэальнай барацьбы.

Таму падтрымайце Сяргея, пастаўце свае подпісы за яго кандыдата. Гэта – першае.

Але гэтага мала. Мы ўжо ведаем, хто і як будзе правяраць сапраўднасць подпісаў. На мінулым тыдні Ярмошына на каманду свайго гаспадара схлусіла 29 разоў, адмаўляючы ў рэгістрацыі 29 групам кандыдатаў пратэсту. У тым ліку – маёй.

Яны так жа лёгка зманяць і ў 30-ы раз, назваўшы сабраныя Сяргеем Ціханоўскім подпісы "несапраўднымі". Таму цяпер трэба паказаць сілу народа, каб прымусіць хлусаў сказаць праўду і зарэгістраваць сапраўднага спаборніка "пераседжанаму".

24 траўня ў Менску мы далі магчымасць тысячам людзей сабрацца разам, і ўсе ўбачылі, што краіна хоча пераменаў. Цяпер гэта трэба рабіць рэгулярна, усё больш масава і па ўсёй краіне.

Пакуль ідзе збор подпісаў і можна збірацца на пікетах, выходзьце ў нядзелі 31 траўня, 7 і 14 чэрвеня а 12-й у цэнтры сваіх гарадоў. Стаўце подпісы за кандыдатаў, слухайце выступоўцаў, выступайце самі.

Мы дамо вам магчымасць для гэтага. Калі нас будзе шмат, гэта натхніць народ, верне надзею на змены і прымусіць уладу адмовіцца ад правакацый супраць лідараў пратэсту.

Гэта – другое.

Калі 19 чэрвеня подпісы будуць здадзеныя для праверкі, трэба будзе прадоўжыць выходзіць у нядзелі ў цэнтры гарадоў, пакуль чыноўнікі "правяраюць" гэтыя подпісы. Мітынгі тады праводзіць не будзем, каб не даваць магчымасці прычапіцца да нас. Проста будзем прыходзіць а 12-й і стаяць адну гадзіну. Тыпу прыйшлі карміць галубоў.

Толькі дзясяткі тысячаў на плошчах прымусяць зарэгістраваць кандыдата Сяргея Ціханоўскага. Калі "перасідэнт" спалохаецца, што на плошчы выйдзе ўся краіна.

Гэта – трэцяе.

Мы змагаемся за свабодную нармальную Беларусь і гатовыя падтрымаць любога, хто гатовы змагацца за перамогу.

І гэта цяпер – галоўнае.

Уладу – народу!

Стоп прусак!

Напісаць каментар 77

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках