29 сакавiка 2024, Пятніца, 9:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пакрыўджаны дыктатар пазычыць палігон

18
Пакрыўджаны дыктатар пазычыць палігон
Уладзімір Халіп

Чаго яму так не шанцуе?

На стратэгічным аб'екце «адзін акоп» зноўку скандал. Змрочны, пануры. Пасварыліся двое – яфрэйтар, які ўявіў сябе палкоўнікам, і шараговец неабучаны ў трафейных штанах з лампасамі. Прычына ўсё тая ж - у адным акопе дваім не ўжыцца. А падставу для сутычкі знайсці не цяжка. Хто-небудзь выявіўся сквапным, махоркай не падзяліўся. Адказ быў адэкватны: свае анучы на маім ветры сушыць не будзеш! Звычайная гісторыя амаль забытых савецкіх камуналак.

А пачыналася ўсё так празаічна і быццам бы звыкла. Наважыліся даўнія сябры і быццам бы хаўруснікі ў карты перакінуцца. Гульня ў пэўных колах усім даўно вядомая – у трыццаць адно. Крамлёўскае ачко. Схапіліся крута. Больш за год доўжылася панурая валтузня. А калі фінал ужо амаль быў бачны, і справа набліжалася да бяседы, мудрагелісты палкоўнік дастаў з рукава прыхаваную карту. Тую самую, трыццаць першую. Ды яшчэ нахабна заявіў: усё вакол цяпер дастанецца яму ўключна з адным акопам і штанамі з лампасамі.

І вось пакрыўджаны падступным партнёрам абаронца гэтага акопа ўжо выразна крочыць па бетонных плітах Мачулішчаў. Крочаць побач хмурыя мужыкі ў камуфляжы. На паважнай адлегласці ахова старанна прасочвае неба - ці не завісае дзесьці пад аблокамі падасланы непрыяцелем робат. Тапырацца на пляцоўцы ракеты. Сістэмы залпавага агню чакаюць каманды. Абстаноўка трывожная, амаль франтавая. Відавочна, у тэрміновым парадку рыхтуецца «наш адказ Чэмберлену».

А ў краіне вэрхал. Крызіс і заняпад. Накрылася ўлюбёная кіраўніком нафтанка. Экспарт у доўгатэрміновай прастрацыі. Грошай няма. І каранавірус усё ніяк не наблізіцца да таго самага піку, які з гарачкі быў абяцаны яшчэ ў канцы красавіка. Але мясцовыя стратэгі на паўсядзённыя справы адцягвацца не спяшаюцца. Тым больш, калі вясна бярэ сваё і, натуральна, ужо «вакол ворагі». У такой складанай абстаноўцы варта засяродзіцца на самым галоўным.

А таму шлях адзін - у ангар. Менавіта там вось гэта галоўнае. Ракета радыусу дзеяння 300 кіламетраў. Пакуль яшчэ кітайская. Каманда, якая суправаджае кіраўніка, абяцае ўжо да верасня сабраць такую ж сваю. Тэмп можна ўхваліць. Але перш за ўсё паплечнікі павінны адчуць адказнасць моманту. «Не трэба перад расейцамі станавіцца на калені. Гэта сігнал, калі наш найбліжэйшы хаўруснік, мала таго што не пагадзіўся з намі ракету зрабіць, а яшчэ і палігон не падае... Слухайце, гэта пытанне».

Чаго яму так не шанцуе? За што ні возьмецца – усё ідзе прахам. Поўны аблом ідзе за ім па пятах. Як ён падлабуньваўся да Крамля, кляўся ў вечнай адданасці, пераконваючы расейскіх чыноўнікаў, што заходняя наша мяжа для іх не чужая. Запэўніваў, што беларусы гатовыя са звязкамі гранат кідацца пад танкі, толькі не прапусціць бы ворага на Маскву. Але палымяная легенда пра адзін акоп на дваіх скончылася канфузліва - не пусцілі з ягонай кітайскай ракетай на расейскі палігон. І вось як цяпер жыць? Калі да таго ж стала мрояцца нейкія неапазнаныя ворагі ў непраходных балотах і цёмных лясах, пра што ён не прамінуў распавесці падчас візіту на закрыты аб'ект.

Лясіста-багністая прастора - гэта наогул нейкая жудасць. Яна падступная і небяспечная. Асабліва вясной. І падчас поўні. Усякае паскудства, уключаючы мабільныя фармаванні пакуль яшчэ неапазнанага праціўніка, канцэнтруецца менавіта там. І адзіны сродак барацьбы з такой небяспекай - ракета, радыус дзеяння якой усё тыя ж 300 кіламетраў. І прытым не кітайская, а свая.

У некалькіх словах, сказаных быццам мімаходзь, ваяўнічы стратэг узнавіў уражальную панараму будучай вайны. Адкуль зласлівыя ворагі возьмуцца, пакуль ён не ўдакладняў. Але з'явяцца абавязкова. Вось як толькі скончыцца каранавірусны карантын, дык яны ўсе страсянуцца і папаўзуць да нашых межаў. І засяродзяцца, натуральна, «у лясіста-балоцістай мясцовасці». Там іх і накрыюць нашы «Паланэзы». А «Букі» з кампанентамі мясцовай вытворчасці дадуць адпор іх самалётам, калі тыя паспрабуюць скідаць патэнцыйным атачэнцам боепрыпасы, харчаванне і іншыя харчы.

Проста дух захоплівае ад гэтай выдатнай сітуацыі. «Як бы ні было дорага - а гэта вельмі дорага, асабліва ў гэты час...аднак, даводзіцца марнавацца на абарону». Ды аб чым тут казаць! Хто б стаў скупіцца, калі над краінай навісае такая страшная пагроза.

Узрушаныя падначаленыя не пярэчылі і не спрабавалі нешта ўдакладняць. Толькі паўтаралі збянтэжана: «Так дакладна!» І якія тут могуць быць пярэчанні? Паднаціснуць. Пастарацца. І ўжо да верасня будзе такая ракета. У капеечку вылеціць задума? Ды начхаць. Краіна багатая. А не знойдзем патрэбнай сумы - пазычым у суседзяў. Досвед за дваццаць шэсць гадоў назапашаны немалы. І тэхніка «разводу на бабкі» даведзеная да дасканаласці.

Вось трэба было разлічыцца па расейскай запазычанасці на 221,6 мільёна даляраў і тутэйшыя ўмельцы ўзялі ў той жа Расеі яшчэ 222,7 мільёна зялёных. З папярэдняй запазычанасцю разлічыліся. І яшчэ мільён з хвосцікам застаўся ў запасе. Ужо да 1 красавіка дзяржпазыка Беларусі дасягнула адзнакі 53,7 мільярда рублёў. У параўнанні з пачаткам года гэта сціплая пазыка вырасла на 20 адсоткаў. Зухавата і жвава жыве няўрымслівы рэжым.

Але хто ж асмеліцца спыніць стратэга, які разгуляўся не ў меру, калі там, у Мачулішчах, пакінуўшы аўтограф на нейкай дарагой жалязяцы, ён так кранальна і натхнёна сфармуляваў сэнс і мэту ўсіх гэтых нястрымных выдаткаў. «Вельмі хочацца на 300-кіламетровым «Паланэзе» распісацца!»

А цяпер вось яшчэ намячаецца ваяж з улюбёнай цацкай у далёкія краіны. Замест незгаворлівай Расеі палігон для выпрабавання гэтага «Паланэза» быццам бы могуць даць Кітай, Казахстан, Узбекістан і нават Савудаўская Арабія. Можна толькі здагадвацца, у што выльецца рэалізацыя блакітнай мары ваяўнічага пераростка. А зрэшты, гэта дробязь. Рэжым у сваіх амбіцыйных задумах не арыгінальны. Ёсць у яго на гэтай планеце яшчэ больш паваротлівыя браты па розуму.

Амаль сінхронна з гістарычным візітам у Мачулішчы ў інфармацыйнай прасторы раптам паўстаў незабыўны Кім Чэн Ын, якога многія ўжо палічылі спачылым. Ён у тэрміновым парадку склікаў вялікую нараду з вайскоўцамі для абмеркавання той жа праблемы, якая ў гэты момант так хвалявала тутэйшага стратэга. Толькі ў далёкага аднадумца ўсё было нашмат страмчэй. Правадыр і настаўнік абмяркоўваў з падначаленымі праграму ўмацавання ядзернага патэнцыялу краіны.

Нічога дзіўнага ў такім супадзенні няма. Усе дыктатары аднолькавыя. А тым больш жорстка пакрыўджаныя.

Уладзімір Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках