18 красавiка 2024, Чацвер, 4:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менскія валанцёры клапоцяцца пра жывёл, чые гаспадары трапілі ў лякарню з COVID-19

2
Менскія валанцёры клапоцяцца пра жывёл, чые гаспадары трапілі ў лякарню з COVID-19

Ад гаспадара патрабуецца толькі паказаць даведку аб наяўнасці захворвання.

Самотная мянчанка заразілася каранавірусам і вымушаная легчы ў лякарню, а дома - сабака і кот. Гісторыя для апошніх месяцаў цалкам рэальная... Валанцёры менскай ініцыятывы Petsitters убачылі праблему і падумалі, што могуць дапамагчы. Яны бяруць на бясплатную ператрымку жывёл, чые гаспадары трапілі ў лякарню з COVID-19 або вымушаныя знаходзіцца на самаізаляцыі, паведамляе «Еўрарадыё».

Павінна быць даведка аб хваробе

У Petsitters працуюць амаль 15 валанцёраў. Яны прыязджаюць да хворага гаспадара ў ахоўнай масцы, пальчатках і забіраюць гадаванца і ўсё самае неабходнае для яго ўтрымання. Ад уладальніка жывёліны патрабуецца толькі паказаць даведку аб наяўнасці захворвання.

- Такі дакумент пацвярджае, што чалавеку сапраўды патрэбная дапамога. А да жывёл патрабаванняў няма. Кожны сітэр-валанцёр сам вызначае, каго ён бярэ: катоў, сабак або нават папугаяў, - распавядае стваральніца праекта Яўгенія Ганчаронак.

Нядаўна па дапамогу звярнулася захварэлая мянчанка. Ката аддала маме, а сабаку ўзяць ніхто не змог.

- Валанцёры забралі на ператрымку сабаку па мянушцы Вілі. Каб звесці да мінімуму рызыкі, сабаку спачатку адвезлі да грумера, каб памыць. Вілі прабыў у валанцёра дзесяць дзён. Гаспадары заўсёды знаходзяцца на сувязі, сітэры адпраўляюць ім фота і відэа гадаванцаў, - распавядае Яўгенія.

Валанцёрам можна давяраць

З патрабаваннямі да гаспадара зразумела, але ці можна даверыць хатнюю жывёліну незнаёмаму валанцёру? Яўгенія Ганчаронак запэўнівае, што да іх падбору сэрвіс падыходзіць вельмі адказна. Стаць валанцёрам можна толькі пасля гутаркі.

- У нас празрыстая схема. Мы нясем адказнасць за жывёл, якім афармляем ператрымку. Важна, каб ніхто не скарыстаўся сітуацыяй і не скраў гадаванца, - распавядае аўтар ініцыятывы. - Валанцёры і сітэры ў нас розныя. Ёсць, напрыклад, тыя, у каго ёсць кіналагічная адукацыя.

Калі мы гаворым пра звычайныя ператрымкі, не валанцёрскія, то кошт аднаго дня можа быць ад 5 да 30 рублёў, кошт вызначаюць самі сітэры. Выгул - 3-4 рублі за гадзіну.

Каб скарыстацца дапамогай валанцёраў, трэба зарэгістравацца на платформе Petsitters і запоўніць анкету аб гадаванцы. Затым патэлефанаваць на паказаны на сайце нумар і дамовіцца пра час, на які можна пакінуць гадаванца. Пакуль што Petsitters працуюць толькі ў Менску.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках