20 красавiка 2024, Субота, 16:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Ажароўскі: Каранавірус можа стаць «спускавым кручком» для аварыі на БелАЭС

15
Андрэй Ажароўскі: Каранавірус можа стаць «спускавым кручком» для аварыі на БелАЭС
Фота: РІА «Новости»

Запуск станцыі ў разгар эпідэміі ўзмацняе яе небяспеку.

Скандальная АЭС у Астраўцы апошнімі днямі ператварылася ў асяродак эпідэміі каранавіруса. Карпарацыя «Расатам» зафіксавала блізу 100 выпадкаў захворвання COVID-19 на пляцоўцы БелАЭС ў Астраўцы.

Сітуацыю з эпідэміяй небяспечнага захворвання на пляцоўцы БелАЭС для Charter97.org пракаментаваў расейскі фізік-ядзершчык Андрэй Ажароўскі:

- Не думаю, што ва ўзнікненні асяродку COVID-19 на гэтым аб'екце ёсць штосьці дзіўнае. У Расеі ёсць некалькі выпадкаў, калі менавіта на будаўніцтве ўзнікаюць успышкі эпідэміі: у гэтай сувязі магу ўспомніць успышкі захворвання на будаўніцтве верфі ў Мурманскай вобласці, на рудніку ў Краснаярскім краі. Таксама на Смаленскай атамнай станцыі ў РФ цяпер выявілі небяспечнае захворванне ў 42 работнікаў. Атамшчыкі не абароненыя ад эпідэміі, як і прадстаўнікі ўсіх астатніх прафесій.

Пры гэтым яны сябе паводзілі, як быццам каранавірус іх не закране, як быццам захады ізаляцыі ў Расеі, калі будаўнікоў забіралі ў свае ізалятары, могуць дапамагчы. Гэта проста не спрацавала.

Я, як грамадзянін Расеі, не магу каментаваць «пісьменнасць» кіраўніцтва Беларусі: у нас у саміх у краіне ёсць праблемы з навуковай адукацыяй у асоб, якія прымаюць пастановы. Магу толькі паўтарыць, што праца на атамнай будоўлі або на АЭС не з'яўляецца абаронай ад каранавіруса, і наступствы былі непазбежныя.

Кіраўніцтва БелАЭС не паклапацілася пра тое, каб замарозіць будоўлю. Сусветны досвед барацьбы з COVID-19 у тым, каб знізіць колькасць кантактаў, у тым ліку, спыніць вытворчасці, якія не належаць да жыццёва важных. У выпадку будаўніцтва канкрэтнай беларускай атамнай станцыі гэта было б правільна, тым больш, што запуск і так адтэрмінавалі на тры гады ад першапачатковага ўстаноўленага ў кантракце.

Таму правільнай тактыкай падчас эпідэміі было б проста прыпыніць гэтую будоўлю на год-паўгода. Горш ад гэтага відавочна б не стала. Чым пазней гэтая станцыя будзе ўведзеная ў эксплуатацыю, тым лепш. Лепш бы яе наогул не дабудавалі...

- Фізічны пуск першага энэргаблока БелАЭС запланаваны на чэрвень. Да чаго можа прывесці запуск ядзернага аб'екта, персанал якога ахоплены эпідэміяй каранавіруса?

- Мне здаецца, каранавірус - не самая галоўная небяспека атамнай энэргетыкі. Гэта, безумоўна, небяспечна для супрацоўнікаў станцыі, але яны ведаюць, дзе працуюць, яны там добраахвотна знаходзяцца.

Запуск атамнай станцыі, у прынцыпе, нясе за сабой простыя і зразумелыя наступствы: пачынаецца выпрацоўка ядзерных радыеактыўных адкідаў, у тым ліку адпрацаванага ядзернага паліва. Не выключаны таксама радыяцыйныя аварыі і катастрофы. Гэта з'яўляецца асноўнай небяспекай. Калі станцыю запусцяць, то Беларусі не ўдасца застацца па-за сусветным крызісам, звязаным з немагчымасцю развязаць праблемы захоўвання радыеактыўных адкідаў. Гэта самае сумнае, што адбудзецца.

Ёсць яшчэ адзін цікавы момант. Спазненне з запускам ужо настолькі значнае, што ёсць сумненні, што і гэтыя тэрміны будуць канчатковымі. Але калі станцыю запусцяць, то Беларусь страціць усе аргументы ў спрэчцы з Расеяй з нагоды аплаты будаўніцтва і вяртання крэдыту. Бо «Расатам» не змог пабудаваць атамную станцыю ў тэрмін, затрымка ў яе перадачы заказчыку ўжо складае тры гады.

З пункту гледжання звычайнай эканомікі, калі тэрміны ўжо парушаныя, то пераглядаюцца і іншыя абавязанні паводле кантракту. Калі я правільна памятаю, з боку кіраўніцтва Беларусі былі заявы, маўляў, раз усё не ў тэрмін, то давайце патаргуемся пра адсоткі за крэдыты ды іншае. Не выключана, што запуск станцыі абнуліць усе спробы беларускіх уладаў патаргавацца. Памяншаецца магчымасць для манеўру ў перамовах аб аплаце.

- Наколькі вышэйшая імавернасць памылак падчас эксплуатацыі АЭС, калі яе супрацоўнікі будуць хварэць на COVID-19?

- Гэта моцна залежыць ад сацыяльнай абароненасці супрацоўнікаў. Я не знаёмы з беларускім заканадаўствам, але галоўная задача - не дапусціць хворага на каранавірус чалавека да працы, якая часам патрабуе прыняцця дастаткова хуткіх пастаноў. Калі хворыя супрацоўнікі змогуць атрымаць лісткі непрацаздольнасці, калі іх не будуць прымушаць выходзіць на працу ў дрэнным стане, то небяспека ад іх дзеянняў памяншаецца.

Але, наколькі я чуў, у Беларусі афіцыйна адмаўляецца наогул сам факт сур'ёзнасці захворванняў COVID-19, а гэта можа стварыць дадатковую небяспеку. Калі чалавека з сімптомамі, а асабліва з цяжкімі сімптомамі каранавіруснай хваробы, прымушаюць працаваць - гэта дрэнна. Гэта можа ўнесці дадатковыя рызыкі.

- Якія яшчэ могуць быць наступствы ўспышкі COVID-19 на атамнай станцыі ў Астраўцы?

- Нават без каранавіруса Беларуская атамная станцыя небяспечная. Яна пабудаваная з вялікай колькасцю парушэнняў, з хібамі пры будаўніцтве. Самае галоўнае: будаўніцтва новага атамнага аб'екта цяпер - гэта праца супраць сусветных тэндэнцый. Абсалютна зразумела, што ў Еўропе атамная энэргетыка памірае. Рабіць цяпер стаўку на новую станцыю - гэта проста ісці на падставе ў «Расатама». Тут, хутчэй за ўсё, гаворка ідзе нават не пра энэргетыку, хутчэй за ўсё, нейкія іншыя прычыны прывялі да таго, што гэты небяспечны аб'ект можа з'явіцца на тэрыторыі Беларусі.

Я думаю, што ў гэтай і без таго небяспечнай сітуацыі каранавірус не мае нейкага істотнага ўплыву, але можа быць тым самым «спускавым кручком» у плане работы персаналу.

У асноўным, на сучасных станцыях аварыі адбываюцца не з віны персаналу, а з віне канструктараў і будаўнікоў. Але не трэба забываць, што і чалавечы чыннік можа адыграць сваю ролю. Хоць, вядома, асноўныя праблемы ўсё ж тычацца памылак пры канструяванні станцыі і дэфектаў, дапушчаных пры вырабе і мантажы абсталявання. Мы бачым, што ўсё гэта прысутнічае на Беларускай атамнай станцыі. Няшчасныя аператары, якія могуць мець вірусныя захворванні - не адзіная небяспека БелАЭС.

Тое, што станцыю плануюць увесці ў разгар эпідэміі, можа ўзмацніць яе небяспеку. Ніхто не ведае, што паслужыць спускавым кручком у наступнай аварыі. Атамная энэргетыка - гэтак складана кіраваная рэч, што вельмі часта такія, здавалася б, нязначныя чыннікі могуць прыводзіць да вялікіх наступстваў.

- Якія высновы вы, як спецыяліст, можаце зрабіць у гэтай сітуацыі для ўсіх «зацікаўленых асоб»?

- «Расатаму» я б параіў самараспусціцца. Даўно пара. Гэта дзяржаўная расейская карпарацыя, якая смокча грошы з бюджэту, а цяпер грошы патрэбныя на зусім іншыя справы, чым будаўніцтва небяспечных аб'ектаў, у тым ліку, за мяжой. На жаль, беларуская АЭС не адзіная, якую будуе «Расатам»: ёсць яшчэ ў Турцыі, у Бангладэшы.

Беларускія ўлады маглі б выкарыстоўваць той факт, што «Расатам» не змог выканаць дамову, і правесці эканамічны пераразлік, каб зразумець, што для эканомікі краіны, незалежна ад таго, якім будзе палітычны рэжым, значна выгадней атамную станцыю не дабудаваць. Дастаткова паглядзець на ўрок суседняй Літвы, дзе будаўніцтва новай АЭС не пачыналася проста, таму што былі зроблены эканамічныя разлікі, і на рэферэндуме людзі падтрымалі адмову ад усялякай новай атамнай будоўлі. Можна нават паглядзець на расейскую Калінінградскую вобласць, дзе атамную станцыю пачалі будаваць крыху раней, чым у Беларусі. І ў Расеі была прынятая пастанова яе не дабудоўваць, хоць велізарныя грошы былі ўкладзеныя (значна менш, чым цяпер у Беларусі).

Мы бачым, што ёсць тэндэнцыя: «Расатам» таксама кідае свае будоўлі. Таму я б пажадаў беларускай станцыі паўтарыць лёс Калінінградскай. Але, баюся, што гэтага ўжо не здарыцца, занадта далёка зайшла гэтая сітуацыя. Але паўтаруся, я не ўпэўнены, што названыя цяпер тэрміны з'яўляюцца канчатковымі. Магу ўспомніць, што некалькі разоў стораны называлі розныя даты. Не выключана, што яны і далей будуць адкладаць запуск.

Не трэба забываць, што пры будаўніцтве АЭС Беларусь парушыла абавязанні двух Канвенцый ЕЭК ААН - Орхускай і Espoo, а таксама моцна пагоршыла стасункі з Літвой, выбраўшы пляцоўку для АЭС блізу Вільні.

Вакол БелАЭС складваецца даволі скандальная сітуацыя. Беларускі праект, нават калі яго запусцяць у абвешчаныя цяпер тэрміны, увойдзе ў спіс атамных даўгабудаў і пацвердзіць сусветную тэндэнцыю - АЭС ніколі не будуюцца ў заяўленыя тэрміны.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках