25 красавiка 2024, Чацвер, 23:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Каб падпісацца за Ціханоўскага, людзі ў Гародні стаялі ў вялізнай чарзе пад дажджом

13
Каб падпісацца за Ціханоўскага, людзі ў Гародні стаялі ў вялізнай чарзе пад дажджом
Фота: belsat.eu

Сотні жыхароў горада прыйшлі на Савецкую плошчу.

Сотні людзей прыйшлі на Савецкую плошчу ў Гародні, каб паставіць подпіс у падтрымку Святланы Ціханоўская. Ні яе, ні мужа-блогера на месцы не было, а з каманды блога «Краіна для жыцця» прысутнічала ўсяго два чалавекі, паведамляе «Белсат».

Чарга, каб паставіць подпіс, расцягнулася больш чым на сотню метраў. Людзі прыходзілі з сябрамі і паасобку. Некаторыя знаёміліся ўжо на месцы. У асноўным прыхільнікі сям'і Ціханоўскага, калі ацэньваць вонкава, гэта людзі паміж 20 і 40 гадамі.

Пікет зборшчыкаў выглядаў максімальна проста: столік з паперамі, за якім сядзіць зборшчык і вялізная чарга да яго. На століку - тэпаць, як сімвал пратэсту. Ні партрэтаў, ні біяграфіі, ні нейкай іншай сімволікі мы не заўважылі.

Раздрукаваныя аркушы са слоганам «Краіна для жыцця» актывістка прынесла толькі праз 30-40 хвілін пасля пачатку збору. Некаторыя мінакі, не ведаючы ў чым справа, нават варажылі, ці не пракат гэта самакатаў або ровараў.

«Перспектыў у гэтай краіне для сваіх дзяцей я не бачу»

Журналісты пагутарылі з людзьмі ў чарзе. Двое мужчын, гадоў 30, прыйшлі таму, што хочуць бачыць прэзідэнтам каго хочаце, абы не Лукашэнку. Кажуць, што дзейны правадыр дзяржавы надакучыў. Адзін з іх думае, што ісці на выбары няма сэнсу, а вось збіраць подпісы - значыць: «Трэба паглядзець колькі нас, а там разбяромся, што далей рабіць».

«У жыцці ніколі не хадзіў на выбары, - кажа яго сябар. - На гэтыя яшчэ не ведаю, можа і ёсць падстава схадзіць. Хочацца, каб усё прайшло мірна... Трэба чакаць выніку першага тура, а там паглядзім. Лічу, што народ паднімецца ў гэтым годзе!»

Журналісты падышлі да сямейнай пары. Мужчыну 40-45, жонка маладзейшая.

«Час мяняць краіну, - кажа мужчына. - Крыўдна за бацькоў, што так дрэнна жывуць. Сіл няма трываць. Мяняць трэба адназначна. Перспектыў у гэтай краіне для сваіх дзяцей я не бачу. Сам працую за мяжой: тут не заробіш сваімі рукамі. Як начальнік мне казаў: «Ты не зарабляеш столькі, колькі я табе плачу». А плаціў ён мне 200 еўраў. А гэтымі ж рукамі за мяжой я магу ў пяць разоў больш зарабіць».

Чаму падтрымліваеце Ціханоўскага? Таму што «маладзейшы, глядзіць на усё па-новаму, мільгае ў інтэрнэце». Той факт, што подпіс, а ў перспектыве і голас будзе не за самога блогера, а за ягоную жонку, мужчыну не бянтэжыць. Кажа, што тыя «ў адной запрэжцы», а ён іх падтрымлівае як сям'ю.

«Людзі будуць змагацца не на жыццё, а на смерць!»

Журналісты падышлі да маладзенькай дзяўчыны, 20 з гакам гадоў. Для яе гэта першыя выбары ў жыцці.

«За Ціханоўскага, бо гэта цяпер самае гучнае імя ў Беларусі. Хоць я, напэўна, за ўсіх незалежных буду ставіць подпіс: каб хоць нехта! У гэтым годзе перамены абавязкова павінны быць. У гэтай сітуацыі, думаю, людзі будуць змагацца за змены не на жыццё, а на смерць!» - кажа дзяўчына.

Побач стаіць каротка стрыжаны мужчына год 40. Кажа, што стаміўся: за 26 гадоў ніякіх перамен, маўляў, усё горш і горш. Падкрэслівае, што, пакуль уся плошча не будзе поўная народу, нічога не зменіцца:

«Гэта не мой прэзідэнт [пра Лукашэнку. - Belsat.eu]! У 2010-м я за Саннікава галасаваў... Радыкальных захадаў, ясна, ніхто ў гэтым годзе не будзе рабіць. Толькі калі падставяць, калі ўчыняць нешта нашы ўлады. Які сэнс ва ўсім гэтым? Варта слухаць, што кажуць... Калі страйк будзе - то сэнс ісці галасаваць? Бліжэй да даты будзе бачна ».

«У выбары не веру, а на тое, што нешта зменіцца... вельмі спадзяюся!»

Журналісты падышлі пагутарыць з дзяўчынай з павязкай на твары з лагатыпам «Краіна для жыцця». Яна менавіта і прынесла раздрукаваныя лісты з лагатыпам блогера Сяргея Ціханоўскага. Клічуць Вольга. У гэтым годзе яе першая палітычная кампанія.

«У Гародні гэта першы дзень збору подпісаў нашай камандай, - распавядае Вольга. - Будзем старацца максімальна штодня збіраць, калі атрымаецца. Нейкіх колькасных планак для сябе мы не ставім. Калі прыедзе Сяргей, я не ведаю, калі ягоная жонка - таксама. У выбары не веру, а на тое, што нешта зменіцца... вельмі спадзяюся!»

Прыкладна праз гадзіну пачаўся моцны лівень. Столік для подпісаў перанеслі ў сквер ля плошчы пад дрэвы. Людзі не разыходзіліся: чакалі пад дрэвамі сваёй чаргі. Некаторыя спантанна знаёміліся або разам глядзелі фота і відэа з Баранавічаў: 26 траўня Сяргей Ціханоўскі правёў пікет менавіта там.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках