20 красавiка 2024, Субота, 18:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Барысаве ад пнеўманіі памёр ужо трэці медык

4
У Барысаве ад пнеўманіі памёр ужо трэці медык
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА «НАША НІВА»

Смерць адбылася на наступны дзень пасля шпіталізацыі.

Уладзімір Фралоў працаваў санітарам у брыгадзе хуткай дапамогі ў Барысаве. 18 траўня ён быў шпіталізаваны з падазрэннем на інфаркт, а на наступны дзень памёр у рэанімацыі. Высветлілася, што прычынай смерці стала пнеўманія. Калегі мяркуюць, што санітар быў хворы COVID-19, паведамляе «Радыё Свабода».

60-гадовы Уладзімір Фралоў прапрацаваў на станцыі хуткай дапамогі ў Барысаве больш за 20 гадоў. Спачатку як кіроўца, а ў апошнія гады - санітарам. Пра гэта распавёў знаёмы Уладзіміра, медык цэнтральнай раённай лякарні ў Барысаве.

Падчас эпідэміі каранавіруса Уладзімір працаваў у брыгадзе, якая перавозіла пацыентаў на машынах «хуткай дапамогі». Тых, у каго быў пацверджаны COVID-19, яго брыгада не перавозіла. Аднак гэта не выключае магчымага кантакту з заражанымі каранавірусам, мяркуе медык з Барысава.

«Медыкі з такіх брыгад часам менш клапоцяцца пра сваю бяспеку, бо думаюць, што ў іх меншая рызыка патрапіць на пацыента з каранавірусам, - сказаў барысаўскі медык. - Але гэта ўсё яшчэ небяспечна».

Паводле ягоных слоў, Уладзімір захварэў 18 траўня. У той жа дзень ён быў шпіталізаваны з падазрэннем на сардэчны прыступ. У той жа дзень яго паклалі ў рэанімацыю. На наступны дзень санітар памёр.

Смерць санітара была пацверджана кіраўніцтвам станцыі хуткай дапамогі цэнтральнай раённай лякарні ў Барысаве. Са слоў начальніка, Фралоў памёр ад інфаркту.

Як стала вядома пазней, у пасведчанні аб смерці Уладзіміра Фралова паказваецца, што прычынай смерці стаў сіндром рэспіраторнага разладу, выкліканы двухбаковай пнеўманіяй. Пры гэтым калегі мяркуюць, што ва Уладзіміра Фралова таксама быў каранавірус.

«Невядома, ці рабілі яму тэст наогул, - сказаў супрацоўнік лякарні. - Маё меркаванне, гэта быў каранавірус. Вельмі высокая імавернасць. Ад звычайнай пнеўманіі людзі не паміраюць на наступны дзень».

У якасці доваду таго, што ў санітара мог быць каранавірус, медык прыводзіць той факт, што ўскрыццё цела Уладзіміра рабілі не ў Барысаве, а ў Менскім абласным моргу. Туды звычайна адвозяць нябожчыкаў, якія альбо дакладна памерлі ад каранавіруса, альбо з падазрэннем, што гэта так.

Гэта трэцяя смерць медыка ў цэнтральнай раённай лякарні Барысава падчас эпідэміі каранавіруса. 8 красавіка памёр фельчар хуткай дапамогі Васіль Ліпінін, 16 траўня - медсястра Таццяна Кавалёнак. Абое мелі пацверджаны каранавірус.

У Барысаўскім раёне пад лячэнне хворых на пнеўманію і COVID-19 перапрафілявалі дзве лякарні - гарадскую лякарню №2 і ўчастковую лякарню ў сяле Лошніца. Усяго блізу 500 ложкаў. Таксама частку пацыентаў накіроўваюць у лякарні Жодзіна і Крупак.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках