24 красавiка 2024, Серада, 20:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

80% расейскіх лекараў не давяраюць статыстыцы смяротнасці ад COVID-19

5
80% расейскіх лекараў не давяраюць статыстыцы смяротнасці ад COVID-19

На стан 27 траўня ў Расеі зафіксавана 370 680 выпадкаў заражэння каранавірусам.

Амаль 80% расейскіх лекараў не давярае афіцыйнай статыстыкі смяротнасці ад каранавірусу ў Расеі. Гэта вынікае з звестак апытання, праведзенага RNC Pharma і "Доктар на працы", публікаваных выданнем "Медыцынскі веснік", паведамляе "Радыё Свабода".

61% апытаных лекараў заявіў, што сумняваецца ў дакладнасці афіцыйных звестак пра смяротнасць ад каранавірусу. Яшчэ 17% заявілі, што гатовыя пацвердзіць факты маніпуляцый са статыстыкай і дыягназамі. 8% лекараў мяркуюць, што пакуль скажаць звесткі не патрабуецца, але як толькі колькасць ахвяраў каранавірусу пачне расці, то пачнуцца маніпуляцыі з лічбамі.

Толькі 9% апытаных поўнасцю давяраюць афіцыйнай статыстыцы. На іхнюю думку, звесткі пра смяротнасць падрабіць немагчыма. "Медыцынскі веснік" звярнуўся ў Міністэрства аховы здароўя Расеі з просьбай пракаментаваць вынікі апытання.

Афіцыйная статыстыка неаднаразова крытыкавалася даследнікамі, падазраюць, што яна можа быць няпоўнай, недакладнай і часткова сфальсіфікаванай. Расейскія ўлады гэта адмаўляюць.

Раней выданне "Медыязона" падлічыла, што ў Расеі ад наступстваў заражэння каранавірусам загінулі сама менш 186 медыцынскіх работнікаў. Адсоткавыя суадносіны гібелі медыкаў у разы вышэйшыя, чым у краінах з супастаўнымі маштабамі эпідэміі.

У траўні брытанская газета The Financial Times і амерыканская The New York Times апублікавалі матэрыялы пра лік смерцяў ад каранавіруснай інфекцыі ў Маскве і Санкт-Пецярбургу. На думку журналістаў, рэальная колькасць смяротных выпадкаў можа быць на 70 адсоткаў большая, чым прыводзіцца ў афіцыйнай расейскай статыстыцы. У МЗС Расеі назвалі гэтыя публікацыі "беспадстаўнымі спекуляцыямі" і "чарговым сенсацыйным антырасейскім фэйкам" і запатрабавалі аспрэчыць апублікаваную імі інфармацыю пра статыстыку смерцяў ад каранавіруснай інфекцыі ў Расеі.

На стан 27 траўня ў Расеі зафіксавана 370 680 выпадкаў заражэння каранавірусам. Памерлі 3968 чалавек. Ачунялі 142 208 хворых.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках