19 красавiка 2024, Пятніца, 7:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Праз два дні пасля родаў лекары сказалі, што мяне трэба падключаць да ШВЛ»

1
«Праз два дні пасля родаў лекары сказалі, што мяне трэба падключаць да ШВЛ»
ФОТА СА СТАРОНКІ АНАСТАСІІ «Укантакце»

Гісторыя мянчанкі з COVID-19.

Анастасія Ломпік - цяпер ужо мама траіх дзяцей. 6 траўня яна нарадзіла дачку, пасля чаго два тыдні змагалася за сваё жыццё. У пачатку траўня ў Анастасіі дыягнаставалі каранавірусную інфекцыю і двухбаковую пнеўманію. Хвароба развівалася так хутка, што ў нейкі момант арганізм перастаў змагацца з ёй. Вечарам 8 траўня Анастасіі сказалі, што яе падключаць да апарата ШВЛ, на ім яна прабыла 11 дзён. «Я нават не дапускала думкі, што магу не прачнуцца», - кажа маці траіх дзяцей.

Сёння, пасля 24 дзён у рэанімацыі, Насту перавялі ў звычайную палату. На пытанне, як сябе адчувае, адказвае: «Цяпер ужо добра». У голасе - бадзёрасць і лёгкая хрыпата (гэта, кажа, наступствы ШВЛ), наперадзе - доўгая рэабілітацыя і шмат прыемных клопатаў, піша tut.by.

Анастасіі Ломпік 34 гады. Яна мама дваіх сыноў-падлеткаў - 15 і 13 гадоў. А цяпер яшчэ і маленькай дзяўчынкі, з'яўлення якой яны з мужам вельмі чакалі.

Цяжарнасць, распавядае Анастасія, працякала нармальна, яна адчувала сябе добра. На ўсялякі выпадак жанчына імкнулася пазбягаць грамадскіх месцаў, нават у краму не хадзіла - толькі на кароткія шпацыры каля дома.

І раптам вечарам 1 траўня ў яе рэзка паднялася тэмпература. Выклікала хуткую, якая адразу ж шпіталізавала яе ў 6-ю клінічную бальніцу Менска. Там Анастасіі зрабілі кампутарную тамаграфію, якая паказала двухбаковую пнеўманію.

- Калі лекары ўбачылі вынікі КТ, то адразу сказалі, што гэта каранавірусная інфекцыя. Пасля гэтага яшчэ ўзялі тэст, на наступны дзень прыйшоў вынік: гэта сапраўды COVID-19. Хоць да з'яўлення тэмпературы я добра сябе адчувала. Але хвароба развівалася імкліва, і мне вельмі хутка станавілася ўсё горш.

ФОТА: ПРЭС-СЛУЖБА МІНІСТЭРСТВА АХОВЫ ЗДАРОЎЯ

Каб зберагчы дзіця, а разам з ім і маму, лекары прынялі пастанову рабіць кесарава сячэнне. Аперацыю правялі 6 траўня, на 33-цім тыдні цяжарнасці. Анастасія толькі пачула, як дачка заплакала, і больш яе не бачыла.

- А ўвечары 8 траўня да мяне прыйшлі лекары, у тым ліку загадчыца аддзялення, і сказалі, што арганізм з вірусам сам не спраўляецца. Таму мяне трэба ўвесці ў штучную кому і падключыць да апарата ШВЛ.

- І як вы адрэагавалі?

- Я, шчыра кажучы, толькі задала пытанне: «Колькі ў мяне ёсць часу, каб сказаць пра гэта родным?» Мне далі хвілін 10. Таму я напісала мужу, бацькам, родным, што мой стан пагоршыўся і што я іх люблю. Усё.

- Было страшна?

- Не, - не задумваючыся, кажа Наста. - Можа, таму, што я не дапускала нават маленькай думкі, што не выйду з комы. Была настроеная на тое, што ўвайду і выйду з яе. Прадстаўляючы, што такое ШВЛ, я разумела, што будзе балюча. Але думак пра тое, што я не прыйду ў сябе, не было.

На апараце ШВЛ Анастасія прабыла роўна 11 дзён. Ачулася яна 19 траўня, таксама ўвечары.

- Увесь гэты час мне здавалася, быццам я ў нейкім метро і ў ім шмат-шмат незнаёмых людзей. А потым мяне як быццам штурхнула ў плячо жанчына, я павярнулася - і ўбачыла на суседняй платформе мужа. Ён працягнуў да мяне руку, і я моцна схапілася за яе. У гэты момант адкрываю вочы - а мяне за руку трымае лекар і кажа, што я прыйшла ў сябе.

- Пра што вы перш за ўсё падумалі?

- Што хачу да мужа. Я ж была ўпэўнена, што зараз расплюшчу вочы, а там ён стаіць. А замест гэтага - шмат лекараў, - усміхаецца.

ФОТА: ПРЭС-СЛУЖБА МІНІСТЭРСТВА АХОВЫ ЗДАРОЎЯ

Першы час пасля ШВЛ і комы, распавядае Анастасія, было цяжка і незразумела, чаму пальцы на нагах не згінаюцца, а далоні не сціскаюцца ў кулакі. Але, кажа, ляжаць доўга ў бальніцы яна не планавала, таму адразу ж пачала рабіць простыя практыкаванні.

У першы дзень змагла толькі стаць на ногі, на другі - прайсці разам з лекарам некалькі крокаў, на трэці - падысці да ўмывальніка, трымаючыся за крэсла і сцяну, на чацвёрты стала хадзіць самастойна.

- Тыя практыкаванні, якія мне паказаў лекар ЛФК, я запомніла і цяпер раблю іх чатыры разы на дзень. У мяне няма часу ляжаць у лякарні. Дома мяне чакаюць каханы муж, двое сыноў і яшчэ маленькая дачушка. Хачу хутчэй дадому.

Дарэчы, сваю нованароджаную дачку Анастасія пакуль не трымала на руках - толькі чула, як яна плача. Лекары і медсёстры кожны дзень дасылаюць ёй фота і відэа, як дзіця спіць і пазяхае.

- Паколькі лекары ведалі, што ў мяне COVID, дзіця адразу забралі, каб выключыць любы кантакт. З блізкай адлегласці дачку я яшчэ не бачыла.

З дзецьмі і мужам Анастасія бачылася толькі па відэасувязі. Кажа, што калі ў першы раз сама патэлефанавала дадому, сын спытаў: «Мама, гэта праўда ты?»

- Дзеці ўжо даволі дарослыя. Яны разумелі, што маме, мабыць, вельмі дрэнна, калі яна не тэлефануе 11 дзён, хоць дагэтуль набірала раніцай, у абед і ўвечары і пыталася, як справы, што ты еў, ці ўсё добра. А тут знікла. Сын нават перапытаў: «З табой сапраўды ўсё будзе добра?»

ФОТА: ПРЭС-СЛУЖБА МІНІСТЭРСТВА АХОВЫ ЗДАРОЎЯ

Анастасія кажа, што 11 дзён, якія яна правяла ў коме пад апаратам ШВЛ, здаліся ёй кароткім прамежкам часу, як быццам прайшло 4-5 гадзін.

- Думаю, для вашай сям'і гэта быў вельмі складаны час.

- Баюся падумаць, як яны перажывалі ў гэтыя дні. Мне здавалася, што прайшло гадзін пяць, я схадзіла ў кому і выйшла з яе. А родным давялося перажыць рознае. Для іх гэта былі 11 дзён страху і перажыванняў.

Вярнуцца дадому Анастасія была гатовая ледзь не ў першы дзень пасля таго, як прыйшла да памяці. Лекары, вядома, яшчэ пакінуць пацыентку пад наглядам, таму размоў пра выпіску, кажа Наста, з ёй пакуль не вялі. Наперадзе ў яе - перыяд аднаўлення.

- Яшчэ, вядома, плямы на лёгкіх ёсць. Сыходзіць яны, як мне сказалі, будуць яшчэ месяцы чатыры. Буду займацца дыхальнай гімнастыкай, ёсць спецыяльныя прадукты.

- Калі вернецеся дадому, што зробіце ў першую чаргу?

- Абдыму мужа і дзяцей. Гэта адзінае жаданне, якое са мной з першых дзён у бальніцы. За такую колькасць гадоў шлюбу мы з мужам ніколі не раз'язджаліся так надоўга. Сумую вельмі. Гляджу па відэа - і дзеці падраслі, і, здаецца, муж змяніўся.

Напрыканцы Анастасія просіць падзякаваць ад яе імя ўсім лекарам і медсёстрам 6-й бальніцы. Кажа, што ні разу не бачыла іх без ахоўных касцюмаў, затое навучылася пазнаваць па вачах.

- Мне пералівалі плазму, давалі прэпарат «Авіган». Спрабавалі ўсё, што магчыма ў гэтай сітуацыі, але арганізм не спраўляўся. Усё роўна спатрэбілася дапамога апарата. Але самае важнае, каб побач былі прафесійныя людзі, якія зробяць так, каб ты вярнуўся з гэтай комы. Гэта і лекар Дзмітрый Аляксандравіч Дзмітрэнка, і загадчыца аддзялення Вольга Уладзіміраўна Дзянісюк, якая ад мяне не адыходзіла, дапамагала, і мае медсёстры. Дзякуй вам!

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках