19 красавiка 2024, Пятніца, 10:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фельчар з Салігорска: Мяшкі з трупамі вывозяць цішком

19
Фельчар з Салігорска: Мяшкі з трупамі вывозяць цішком
Фота: Belsat.eu

Адкрыты аповед медыка пра сітуацыю з COVID-19 у горадзе шахцёраў.

Міністэрства аховы здароўя Беларусі не дае афіцыйных звестак пра колькасць жыхароў Салігорска, захварэлых на COVID-19. Няма каранавірусу – няма даплаты за працу з інфекцыяй. Грошы на прэміі вылучылі, але не выплацілі, кажа фельчар Салігорскай станцыі хуткай дапамогі, якая з'яўляецца падраздзяленнем Цэнтральнай раённай лякарні. Медык расказаў «Белсату», як адміністрацыя медустановы хавае рэальную колькасць пацыентаў з COVID-19.

«Дапамагаюць нават бяздомныя»

Аляксандр [імя змененае на просьбу героя. – Заўвага] блізу пяці гадоў працуе фельчарам на Салігорскай станцыі хуткай дапамогі. Хваля атыповай пнеўманіі ў горадзе пачалася ў сакавіку, і з тых часоў колькасць пацыентаў з запаленнем лёгкіх увесь час расце. Хворых у ЦРБ Салігорска прывозяць не толькі з горада, але і з вобласці. Многія калегі Аляксандра заразіліся каранавірусам і не могуць працаваць. Цяпер нават медсёстры з ВІЧ робяць аналізы, таму што нікога не засталося:

«Медсястры з ВІЧ забаронена рабіць уколы ў вену, але цяпер няма куды дзявацца. Калі адміністрацыю лякарні пытаюцца зверху, ці трэба вам што, яны кажуць, што ўсё ёсць. Але гэта не так! Нам выдалі рэспіратар – адзін рэспіратар на сем дзён працы! Нам людзі звычайныя прыносяць сродкі для індывідуальнай абароны, шахцёры пасля змены збіралі рэспіратары і прыносілі. Нават бяздомныя, якія просяць капейку пад крамай, нясуць нам маскі».

Лекары захворваюць не толькі праз адсутнасць сродкаў індывідуальнай абароны, але і праз людзей, якія хаваюць станоўчы вынік тэсту на каранавірус.

«Да нас вязуць з Берасця, Слуцка, Любані і Жыткавічаў. Там увогуле кашмар. Напрыклад, у чалавека сардэчны прыступ, мы прыязджаем, а ён тры дні тэмпературыць. Паказвае паперу, а ў яго там COVID+. І мы без касцюмаў, без нічога! Людзі не разумеюць, што адбываецца. У нас “зляцела” палова змены. Усе хварэюць – кіроўцы, фельчары».

Аляксандр і ягоныя калегі не вераць у афіцыйную статыстыку пра колькасць хворых і памерлых ад інфекцыі. Ён мяркуе, што 95% выпадкаў хаваюць, каб паказаць пазітыўны вынік барацьбы з інфекцыяй. Тэсты губляюцца па дарозе са шпіталя ў санэпідстанцыю, паміж якімі лічаныя метры.

Аляксандр дадае, што лекарам непажадана дыягнаставаць каранавірус. Замест вірусу ў журнале запісваюць «№ 19» – «змены, тыповыя для COVID-19», і такіх запісаў большасць:

«У Салігорску няма каранавірусу, ёсць атыповая пнеўманія. А як даказаць? Грошы на даплаты прыйшлі. Была сустрэча з нагоды прэмій. Маўляў, пачакайце, заплацім. Але пратаколаў ніхто не рабіў. Пазіцыя адміністрацыі такая: вы заразіліся, таму што ехалі без маскі. А вы выдалі нам маску?»

Усе пяць гадоў на станцыі Аляксандр працуе ў адной форме, якая літаральна разыходзіцца на швах, таму мужчына часам носіць вайсковую.

«Чорныя пакеты вывозяць цішком»

Каранавірус таксама закрануў і сям'ю Аляксандра. Ягоныя бацькі падхапілі інфекцыю на пахаванні знаёмага ў канцы красавіка ў вёсцы Старобін. Вернікі адкрылі труну з памерлым. У сваякоў першым сімптомам была дыхавіца. Вынік аналізу – адмоўны – прыйшоў праз тры тыдні пасля іх шпіталізацыі. Аляксандр кажа, што гэта немагчыма:

«Я сам адвёз іх на КТ. У бацькоў была пнеўманія, тыповая для COVID-19. Усе сімптомы, змены ў лёгкіх. Ды і якая пнеўманіі ў траўні? Яны ляжалі ў лякарні і бачылі, колькі трупаў у чорных пакетах вывозілі на каталцы ноччу. Усё робяць цішком. Гэта мінус для нас, не выратавалі, але мы самі без абароны. Паміраюць і дзеці, і дарослыя».

Фельчар таксама пракаментаваў смерць лекара Уладзіміра Пісарыка. Раней у СМІ паведамлялі, што вынік тэсту на каранавірус у яго быў адмоўны, і кіраўніцтва лякарні не каментавала гэты выпадак, спасылаючыся на медыцынскую тайну. Аляксандр не верыць, што ў супрацоўніка ЦРБ не было інфекцыі:

«Пісарык ляжаў на апараце ШВЛ у “бруднай зоне” блізу двух тыдняў. Сам рэаніматолаг казаў, што ў яго COVID+. Яго пахавалі ў закрытай труне».

«Мы ведалі, што будзе цяжка»

Суразмоўца таксама расказаў пра сітуацыю ў аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі ЦРБ. Усю брудную працу робяць медсёстры. Яны плачуць ад стомы, і іхняе адзінае жаданне – пайсці дадому:

«Усе проста стаміліся. У рэанімацыі медсёстры зашываюцца. Уявіце сабе, напрыклад, пераварочваць людзей з жывата на спіну хоць бы. Лекар атрымае даплату, а што атрымае медсястра? Яны працуюць адзін дзень у “бруднай зоне”, а потым дзень у “чыстай”. Яны плачуць ад стомы і толькі кажуць: “Я хачу дадому”. Увогуле, калі хуткая дапамога і лякарня шахцёраў лягуць, – цяжка будзе ўсім».

МЕДЫКІ СТАНЦЫІ ХУТКАЙ ДАПАМОГІ, БАБРУЙСК. ФОТА: BELSAT.EU

Аляксандр дадае: медыкі не б'юцца за бонусы, больш за ўсё яны маюць патрэбу ў падтрымцы і падзяцы.

«На нас усім напляваць. Прафзвяз не дапамагае. Нам не патрэбныя грошы, тая ж адміністрацыя магла б проста па-чалавечы падзякаваць нам за тое, што мы працуем кругласутачна амаль без выходных».

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках