23 красавiка 2024, aўторак, 19:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Польскі эксперт: Суседзі падтрымаюць Вільню ў пытанні БелАЭС

7
Польскі эксперт: Суседзі падтрымаюць Вільню ў пытанні БелАЭС
Якуб Вех

Расея ўзяла на сябе кіраванне праектам у Астраўцы.

Беларусь плануе ўвод у эксплуатацыю АЭС у Астраўцы, а Літва рыхтуецца да магчымых катастрофаў – праводзіць вучэнні, падчас якіх адпрацоўваецца сцэнар аварыі на беларускай атамнай станцыі, і набывае таблеткі з ёдам. Пра тое, якую лінію паводзінаў у дачыненні да АЭС у будучыні плануе выбраць Вільня, ці падтрымаюць яе Латвія, Эстонія і Польшча, сайту Charter97.org расказаў намеснік галоўнага рэдактара польскага партала Energetyka24 Якуб Вех.

– Беларусь і Літва ў панядзелак заключылі пагадненне пра датэрміновае апавяшчэнне пра магчымы ядзерны дэфект і абмен інфармацыяй пра працу ядзерных установак. Што гэта азначае?

– Пагадненне пра ранняе апавяшчэнне наконт збояў з'яўляецца дакументам, які можна ахарактарызаваць як падрыхтоўчы. Яно стварае спецыяльныя рамкі супрацоўніцтва, якія спатрэбяцца пасля ўводу станцыі ў эксплуатацыю. Пагадненне таксама з'яўляецца дадатковай гарантыяй, якая дапаможа крыху разрадзіць напружанне ў грамадстве, нагнятанае дыскусіямі і спрэчкамі вакол АЭС у Астраўцы. Натуральна, што Вільня, падпісваючы пагадненне адзначыла, што ўсё яшчэ мае намер дзейнічаць так, каб заблакаваць будаўніцтва Астравецкай атамнай станцыі, але нельга не адзначыць, што літоўцы рыхтуюцца да запуску АЭС. Чарговым доказам гэтай падрыхтоўкі з'яўляецца дастаўка ў Літву таблетак са стабільным ёдам для насельніцтва, якія будуць выкарыстоўвацца ў выпадку магчымай аварыі на атамнай электрастанцыі. Таму можна зрабіць выснову, што літоўскія ўлады мяркуюць, што атамная электрастанцыя ў Астраўцы будзе ўведзеная ў эксплуатацыю.

– Чаму Літва не змагла спыніць будаўніцтва АЭС у Астраўцы? Бо атамная станцыя будуецца фактычна на грошы Расеі, літоўцам мог перашкодзіць лобінг з боку Расеі?

– Той факт, што Расея ўдзельнічае ў праекце ў Астраўцы – тэхналагічна і палітычна – безумоўна, не палегчыў літоўцам ціск на беларускія ўлады ў пытанні АЭС. Масква з'яўляецца ўплывовым гульцом, які можа пры неабходнасці ўжыць захады, каб давесці да канца падобныя праекты. Тым не менш у Вільні не было надта шмат магчымасцяў і спосабаў заблакаваць будаўніцтва атамнай станцый. Усё ж такі ў Літвы і Беларусі занадта мала агульных палітычных і эканамічных кропак сутыкнення, каб у Вільні з'явілася магчымасць ужыць механізмы жорсткага ўплыву або нават прымусу. Іншымі словамі, у Літвы не было інструментаў, неабходных для таго, каб прымусіць Менск адмовіцца ад будаўніцтва АЭС. Таму цяжка назваць вынік намаганняў Вільні нечаканым правалам – з самага пачатку шанцы Літвы на поспех былі сціплымі.

– АЭС у Астраўцы пабудаваная на расейскія грошы, расейскімі спецыялістамі і паводле расейскіх тэхналогіяў. Пачатак эксплуатацыі АЭС у Астраўцы азначае што Расея дамаглася сваіх мэтаў ва ўмацаванні ўплыву ў рэгіёне?

– Праект АЭС у Астраўцы перажыў пэўную эвалюцыю, якая ўключае планы Масквы пра Менск. Астравец павінен быў стаць сімвалам незалежнасці Беларусі, пра гэта казаў сам Лукашэнка ў 2008 годзе. На два гады раней ён заявіў, што «калі б у нас была атамная электрастанцыя, з намі б размаўлялі інакш», – гэтыя словы былі сказаныя неўзабаве пасля таго, як «Газпрам» абвясціў, што павысіць тарыфы на газ для Беларусі. Тым часам можна сказаць, што Расея ўзяла на сябе кіраванне праектам у Астраўцы – фінансава, тэхналагічна і палітычна. Расейцы далі Беларусі крэдытную лінію, падалі ядзерныя тэхналогіі, а сама электрастанцыя з'яўляецца важным элементам у пабудове стабільных сувязяў паміж дзвюма краінамі. Саюз Беларусі і Расеі змацоўвае ў асноўным энэргетыка: пастаўка і транзіт нафты і газу. Цяпер да гэтага дадалася атамная энэргія.

– Што можа зрабіць на сёння Вільня ў пытанні электрастанцыі? Разглядаеце вы магчымасць таго, што Літва ў выніку ўсё ж пачне закупляць электраэнэргію, вырабленую на беларускай АЭС?

– Цалкам выключыць гэтага нельга, але для Літвы такая сітуацыя была б сур'ёзным іміджавым і палітычным правалам. Вільня павінна была б прызнаць, што большая частка яе аргументаў была памылковай, і Літве фактычна давялося б парушыць сваю ўласную энэргетычную бяспеку, набываючы электраэнэргію, вырабленую ў краіне, якая не толькі знаходзіцца за межамі Еўрапейскага Звязу, але і інтэграваная ў расейскую сістэму электраэнэргетыкі.

– Можа быць так, што ў Літве спыненне паставак беларускай электраэнэргіі прывядзе да росту коштаў на электраэнэргію ў краіне, што, у сваю чаргу, прывядзе да развіцця аднаўляльных крыніцаў энэргіі?

– Скокі коштаў звычайна з'яўляюцца нармальным вынікам абмежавання доступу да іншых рынкаў. Аб'яднанне выклікае скарачэнне. Пастаўкі электраэнэргіі з беларускай электрастанцыі, верагодна, будуць мець вельмі нізкі кошт. У атамнай энэргетыкі ёсць такая ўласцівасць, што улічваючы выдаткі на будаўніцтва, яна можа вырабляць электраэнэргію надзвычай танна, прычым практычна без перапынку, незалежна ад часу дня ці надвор'я.

– Нядаўна прэзідэнт Літвы звярнуўся да сваіх калегаў у Латвіі і Эстоніі з просьбай не набываць энэргію, вырабленую электрастанцыяй у Астраўцы. Як думаеце, Рыга і Талін адмовяцца ад таннай беларускай электраэнэргіі?

– Гэтая тэма ўжо некалькі разоў абмяркоўвалася ў краінах Балтыі, з'яўляліся розныя паведамленні, некаторыя з часам былі адкліканыя. Я думаю, што Літва можа спадзявацца на салідарнасць сваіх суседзяў, і, безумоўна, Вільня мае значна больш магчымасцяў для перамоваў і інструментаў уплыву, якія можа выкарыстоўваць у перамовах з Рыгай і Талінам, чым з Менскам.

– Якая пазіцыя Польшчы ў дачыненні да АЭС у Астраўцы? Ці можа яна яе змяніць?

– Польшча не мае намеру набываць электраэнэргію, вырабленую ў Астраўцы. Прапановы, пададзеныя беларусамі, ужо некалькі разоў адхіляліся, апошні раз у 2019 годзе. Варшава, як і Вільня, таксама абвесціла, што дэмантуе лініі электраперадачаў, якія вядуць у Беларусь. Хоць, тэхнічна кажучы, Польшча магла б атрымаць пэўныя выгоды ад патэнцыйнага імпарту энэргіі з Астраўца, але гэтаму перашкаджаюць меркаванні бяспекі і прыярытэты міжнароднай палітыкі. Магчымае зніжэнне коштаў на электраэнэргію ў польскай сістэме энэргетыкі або насычэнне энэргіяй паўднёва-ўсходняй ускраіны краіны не з'яўляюцца дастатковымі аргументамі, каб перакрыць праблемы бяспекі стабільных паставак энэрганосьбітаў або той факт, што цяперашнія польска-літоўскія стасункі вельмі добрыя, што вядзе да ўзаемных эканамічных і палітычных выгодаў.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках