28 сакавiка 2024, Чацвер, 22:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МЗС Нямеччыны выклікаў амбасадара Расеі праз хакерскую атаку на Бундэстаг

8
МЗС Нямеччыны выклікаў амбасадара Расеі праз хакерскую атаку на Бундэстаг

Берлін заявіў, што задзейнічае рэжым кіберсанкцый.

МЗС Нямеччыны "запрасіў на размову" амбасадара РФ Сяргея Нячаева ў сувязі з хакерскай атакай на Бундэстаг у 2015 годзе, за якой, як падазраюць, стаіць Расея.

Пра гэта міністэрства паведаміла ў чацвер на сваім афіцыйным сайце, піша "Еўрапейская праўда".

"Дзяржаўны сакратар Федэральнага міністэрства замежных справаў Мігель Бергер запрасіў амбасадара Расейскай Федэрацыі Сяргея Нячаева ў Федэральнае міністэрства замежных справаў на размову. Ад імя фэдэральнага ўраду ён катэгарычна асудзіў хакерскую атаку на Бундэстаг Нямеччыны", – гаворыцца ў паведамленні нямецкага міністэрства.

Спасылаючыся на ордар на арышт расейца Дзмітрыя Бадзіна, выдадзены Генеральным пракурорам 5 траўня 2020 года, расейскі амбасадар быў праінфармаваны, што федэральны ўрад выкарыстае рэжым кіберсанкцый ЕЗ супраць асобаў, адказных за напад на Бундэстаг, у тым ліку спадара Бадзіна, дадалі ва ўстанове.

Ордар на арышт Бадзіна быў выдадзены на падставе тэрміновага падазрэння, што абвінавачваны, дзейнічаючы супольна з іншымі асобамі, здзейсніў выведвальную дзейнасць супраць Нямеччыны для спецслужбы замежнай дзяржавы, заявілі ў нямецкім МЗС.

"Абвінавачаны ўважаецца падазраваным у датычнасці да хакерскага нападу на нямецкі Бундэстаг у красавіку / траўні 2015 года ў якасці чальца групы APT28. Ёсць дакладныя доказы, што ён быў супрацоўнікам ваеннай спецслужбы ГРУ на момант нападу", – заявілі ў МЗС Нямеччыны.

У міністэрстве падкрэслілі, што федэральны ўрад таксама ацэньвае гэты працэс на фоне расследавання паводле справы аб забойстве ў Берліне і пакідае за сабой права ўжываць далейшыя захады.

Раней часопіс Der Spiegel паведаміў, што расейская вайсковая выведвальная служба ГРУ атрымала доступ да электронных лістоў парламенцкага офіса Меркель падчас хакерскай атакі на парламент Нямеччыны ў 2015 годзе.

Канцлерка Нямеччыны Ангела Меркель заявіла, што прадоўжыць намаганні ў паляпшэнні стасункаў з Расеяй, нягледзячы на хакерскія атакі.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках