24 красавiка 2024, Серада, 14:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія бацькі раскрытыкавалі прапановы Мінадукацыі ў пераносе экзаменаў

Беларускія бацькі раскрытыкавалі прапановы Мінадукацыі ў пераносе экзаменаў

Праз эпідэмію экзамены можна было скасаваць.

Гэты навучальны год заканчваецца ў нязвыклых умовах і для школьнікаў, і для бацькоў, і для настаўнікаў. Мінадукацыі даводзіцца падладжвацца пад абставіны, звязаныя з пандэміяй каранавірусу і мяняць усталяваныя, здавалася б, правілы, піша kp.by.

Так, пастановай №101 ад 26 траўня дзяржорган пастанавіў: выпускнікі, якія захварэлі на COVID-19, вызваленыя ад экзаменаў. Цэнтры гігіены і эпідэміялогіі краіны складуць спісы навучэнцаў, у якіх ёсць каранавірусная інфекцыя, а таксама тых выпускнікоў, якія знаходзяцца на самаізаляцыі, і пададуць іх у мясцовыя аддзелы або ўправы адукацыі. А тыя ў сваю чаргу падрыхтуюць загад пра вызваленне навучэнцаў і аператыўна перададуць яго ў гімназіі і школы. У атэстаты вызваленым выпускнікам выставяць гадавыя адзнакі.

– Для вызвалення такіх вучняў іх бацькі павінны толькі напісаць заяву на імя дырэктара з адпаведнай просьбай пра вызваленне іхняга дзіцяці ад выпускных экзаменаў. Астатнія дзеянні будуць выкананыя мясцовымі органамі ўправы адукацыяй. Адміністрацыя школаў давядзе да ведання бацькоў неабходную інфармацыю, – паведамляе прэс-служба Мінадукацыі.

Вусны экзамен будуць здаваць 5 чалавек у кабінеце?

Мінадукацыі таксама рэкамендавала ўсім установам агульнай сярэдняй адукацыі выконваць усе санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні падчас выпускных экзаменаў. У месцах правядзення экзаменаў павінны быць антысептыкі і сродкі індывідуальнай абароны. Выпрабаванні просяць праводзіць у памяшканнях вялікай плошчы, дзе будзе вымытая ўся мэбля (асабліва старанна парты). Таксама кабінеты павінны добра выветрыць. У кабінетах могуць знаходзіцца толькі чальцы экзаменацыйнай камісіі, пажадана ў масках.

– Вучні павінны сядзець адзін чалавек за партай ці павінна быць прадугледжанае дзяленне класа на дзве групы для рассаджвання ў двух кабінетах. Калі экзамен праводзіцца ў вуснай форме, неабходна скласці графік наведвання выпускнікоў, каб унікнуць гармідару. Напрыклад, разбіць школьнікаў на групы 5 чалавек, – рэкамендуе дзяржорган у сваёй пастанове.

Мама 11-класніка: «Экзамены ў школе маглі б скасаваць, як у Расеі»

Журналісты звязаліся з бацькамі выпускнікоў, каб даведацца іх думкі пра будучыя выпускныя іспыты.

– Дырэктарка школы паведаміла нам, што ўсе рэкамендацыі возьмуць да ўвагі: дзяцей будуць рассаджваць аднаго за партай, падзеляць на некалькі кабінетаў. Напрыклад, на пераказ у беларускай мове 1 чэрвеня забраніраваныя два. Нам сказалі, што дзеці могуць быць у масках ці без – на меркаванне бацькоў. Але ў масках здаваць экзамены будзе вельмі некамфортна, нават пры адчыненых вокнах – дзеці іх проста здымуць! Але маё меркаванне: экзамены ў школах маглі б і зусім скасаваць, як у Расеі. Яны не такія важныя: дзеці ўсё роўна будуць здаваць ЦТ пры паступленні, – расказвае мянчанка Лада, сын якой сёлета заканчвае 11-ы клас.

Мама 9-класніка: «Экзамены ў спартзале з іншым класам – гэта няправільна!»

– Нам паведамілі, што іспыты будуць праходзіць у спартзалах школы. Чатыры 9-я класы падзеляць на дзве групы. Атрымліваецца, у кожным будзе 60 чалавек, у тым ліку дзве экзаменацыйных камісіі. Гэта значыць 4 гадзіны больш за 60 чалавек будуць абменьвацца сваімі бактэрыямі: у масках ніхто не вытрымае столькі часу. Таксама сказалі, што дыктоўку прачытаюць з мікрафонам, а калі будзе фаніць, то без яго. Нават не ўяўляю, як дзеці змогуць усё выразна пачуць! На мой погляд, лепш бы дзеці сядзелі ўжо ў сваіх кабінетах. Бо варыянт са спартзаламі – складанае псіхалагічнае выпрабаванне. Выпускнік сядзіць адзін за партай, вакол – 30 незнаёмых яму людзей... Думаю, Мінадукацыі трэба было вылучыць два дні для кожнага прадмета, каб дзеці без стрэсу маглі здаць выпускныя экзамены! – упэўненая мама выпускніка 9-га класа адной з менскіх школаў Алена.

Пісьменніца і мама 9-класніцы Яўгенія Пастарнак стварыла петыцыю пра скасаванне выпускных і перанос уступных экзаменаў. Яе падпісалі амаль 10 тысячаў чалавек. Яе ўжо адправілі ў адміністрацыю Лукашэнкі і Мінадукацыі.

– Школьныя экзамены пасля 9-га класа нічога не вызначаюць, ды і пасля 11-га таксама. Яны ні на што не ўплываюць. Каранавірус – гэта стыхійнае бедства, гэта форс-мажор. Вы не вінаватыя ў тым, што пандэмія здарылася, але вы несяце адказнасць за сотні тысячаў вучняў па ўсёй краіне. Так атрымалася, што цяпер вы несяце адказнасць за здароўе гэтых вучняў, за здароўе іх бацькоў, іх бабуляў і дзядуляў, за здароўе настаўнікаў і іх сем'яў. Некантраляваная ўспышка COVID-19 пасля экзаменаў – занадта дарагі кошт за тое, што вы не можаце прыняць пастанову.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках