28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сям'я замежнікаў у Беларусі заплаціла за лячэнне ад каранавірусу $ 1000

17
Сям'я замежнікаў у Беларусі заплаціла за лячэнне ад каранавірусу $ 1000
ФОТА: АРТУР БАДЗІКЯН

Нерэзідэнты ў Беларусі павінны плаціць за лячэнне, калі яно не экстраннае.

Сям'я Артура Бадзікяна, які тры гады жыве ў Беларусі і займаецца дастаўкай ежы, перахварэла на COVID-19. Яны заплацілі блізу тысячы даляраў за лячэнне, паведамляе «Радыё Свабода».

«Мне не падабаецца той факт, што давялося лячыцца платна, таму што я плачу столькі падаткаў, колькі, магчыма, сярэдні беларус не плаціць. Акрамя таго, наша кампанія плаціць вялізныя падаткі. Мы на рынку з кастрычніка 2016 года. Палічылі ўсё – і палату, і ежу, і лекі, і сістэмы, кропельніцы, шпрыцы, кампутарную тамаграфію, каб зразумець, што адбываецца з лёгкімі, і гэтак далей», – расказаў Артур Бадзікян, дырэктар службы хуткай дастаўкі ежы Menu.by.

Паводле ягоных словаў, лячылі платна таму, што яны грамадзяне Арменіі і не ўважаюцца рэзідэнтамі Беларусі – у іх няма віду на жыхарства, проста кожны год прадаўжаюць рэгістрацыю. Нерэзідэнты ў Беларусі павінны плаціць за лячэнне, калі яно не экстраннае.

«Палічылі экстраннымі толькі першыя тры дні, а астатнія платнымі. У іх свае цэннікі, і яны разлічылі», – кажа Артур Бадзікян.

Офіс Menu.by ужо два месяцы працуе дыстанцыйна. 30-гадовы Артур і ягоная жонка – дырэктарка фірмы працуюць дома. Сыну Тыграну 9 месяцаў. Дзе маглі падчапіць каранавірус?

«Цяжка сказаць, таму што мы самі не мелі зносіны з хворымі. Мы працавалі з дому, у краму ў асноўным я хадзіў. Вірус можна падчапіць адусюль, у тым жа ліфце, асабліва калі няма імунітэту. Усё індывідуальна, залежыць ад арганізма», – сказаў Артур.

Іх кампанія дастаўкі ежы працуе цяпер паспяхова, заказы выраслі на 35–40%, бо людзі застаюцца дома. Паводле словаў Артура, ніхто з супрацоўнікаў кампаніі не хварэў на COVID-19. Усе захады бяспекі выконваюцца.

«І вось ляжым, муж і жонка, у розных лякарнях»

На сваёй старонцы ў Facebook Артур падрабязна расказаў гісторыю хваробы сям'і. Мяркуе, што гэта можа быць карысна для многіх.

4 траўня ў яго з'явілася тэмпература – да 39 градусаў, слабасць, адчуванне прастуды. Праз 2 дні ў жонкі таксама была тэмпература да 40, кашаль, галаўны боль. 8 траўня стан здароўя не памяняўся, таму выклікалі на дом тэрапеўта з прыватнага медыцынскага цэнтра. Тая толькі прапісала лекі, нічога не сказала пра каранавірус.

11 траўня Артур страціў нюх і смак. Тады праз паліклініку (з накіраваннем) выклікалі хуткую. Жонку адвезлі ў 1-ю лякарню. КТ паказала двухбаковую пнеўманію, яе шпіталізавалі.

13 траўня Артур быў дастаўлены ў 2-ю лякарню, дзе яму таксама быў пастаўлены дыягназ пнеўманія. У палаце былі і маладыя, і пажылыя, свабодных ложкаў не было.

«І вось ляжым, муж і жонка, у розных лякарнях. Сказалі, дзе ёсць месцы, туды і адпраўляюць. Стан маёй жонкі быў крыху больш складаны, чым у мяне, хоць у эпікрызе напісана – сярэдне-складаная пнеўманія», – кажа Артур.

Тэсты на COVID-19 у іх былі станоўчымі. 19 траўня прыйшоў станоўчы тэст і на сына Тыграна.

«У той самы дзень Ануш перавялі ў дзіцячую інфекцыйную лякарню, а Тыграна – з дому да мамы, хоць маглі першапачаткова так зрабіць, але не зрабілі. А калі мы прапанавалі, яны адмовіліся і сказалі пакінуць дзіця з кімсьці. У сына ўсё было бессімптомна».

Паводле словаў Артура Бадзікяна, спачатку лячылі антыбіётыкамі, у вену калолі цэфтрыяксон, давалі таблеткі азітраміцына і амбраксол. Пад подпіс Артур прымаў супрацьмалярыйны прэпарат імард (гідроксіхлорахін), а Ануш – плаквініл, у якіх розныя пабочныя эфекты.

«На пяты дзень у мяне і на восьмы ў жонкі тэмпературы ўжо не было, але было цяжка дыхаць глыбока. Можна сказаць, увогуле не атрымлівалася, таму перыядычна давалі кісларод. Пасля зніжэння тэмпературы дзень за днём станавілася лепш», – сказаў Артур.

Паўторны тэст Артура быў адмоўным, і яго выпісалі 25 траўня. Кажа, што цяпер адчувае сябе добра. У жонкі паўторны тэст пакуль станоўчы, а ў Тыграна адмоўны. Ануш і Тыгран ужо таксама выпісалі з лякарні.

«У Ануш зноў возьмуць тэст. У яе ўжо 8 дзён не было тэмпературы і стала лепш. Лекары пастанавілі яе выпісаць. Акрамя таго, мы не можам ад яе заразіцца, кажуць лекары».

Якія вашы ўражанні ад беларускіх лякарняў?

«Усё добра, але мне не падабаецца тое, што ўсё платна. А так ніякай крытыкі. Дзяўчаткі-медсёстры працуюць у зоне рызыкі, шмат лекараў хварэе. Многія нават у нас у шпіталі ляжалі. У цэлым яны малайцы, хоць мае лекары былі хірургамі, таму што інфекцыяністаў не хапае ў Беларусі», – кажа Артур Бадзікян.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках