25 красавiка 2024, Чацвер, 14:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Літоўская прафесарка: Асяродкі каранавіруса могуць успыхваць на працягу аднаго-двух гадоў

Літоўская прафесарка: Асяродкі каранавіруса могуць успыхваць на працягу аднаго-двух гадоў
ФОТА: DELFI/ANDRIUS UFARTAS

Спецыялістка падкрэсліла, што не заўсёды ўдаецца стварыць вакцыну.

Цяпер шмат кажуць пра тое, калі з'явіцца вакцына ад каранавіруса. Адны навукоўцы ўважаюць, што, магчыма, гэта адбудзецца ў лістападзе, іншыя не струменяць аптымізмам. У перадачы «Дзень на Delfi» прафесарка з Літвы Аўрэлія Жвірблене сказала, што яна прыхільніца рэалістычнага сцэнару, і ўважае, што на працягу года вакцыну не распрацуюць, бо ў гісторыі медыцыны такога яшчэ не было. «Цяпер меркаванні ёсць розныя, аднак агульная пазіцыя такая, што вакцыну на працягу некалькіх месяцаў распрацаваць немагчыма. Я думаю, такія заявы маюць палітычную падаплёку», - сказала прафесарка.

Прафесарка сказала, што вакцыну трэба вырабіць у вялікай колькасці, а гэта таксама патрабуе нямала часу.

«Я - рэалістка, я не схільная верыць гучным заявам. Гэта вельмі кароткі час, бо няма такога прэцэдэнту, каб вакцына была распрацаваная на працягу 1-2 гадоў. Такога ў гісторыі медыцыны не было. Напрыклад, вакцыну ад Эболы распрацоўвалі 5 гадоў, цяпер яе даследуюць.

Гэта не канчатковая форма. Што тычыцца Эболы, то інфекцыя ўжо лакалізаваная, яна фіксуецца ў канкрэтных месцах, там плануюць вакцынацыю людзей з групы рызыкі, але калі мець на ўвазе сітуацыю з каранавірусам, то людзей трэба масава прышчапляць на ўсіх кантынентах. Трэба будзе вырабіць мільярды доз вакцыны. Ці магчыма, каб да лістапада ўжо правялі даследаванні, даказалі, што вакцына бяспечная, эфектыўная?» - сказала прафесарка, заўважыўшы, што яна ў гэта не верыць.

На пытанне, ці магчыма такое, што каранавірус наогул не атрымаецца перамагчы, спецыяліст сказала, што ўсё магчыма.

«Я думаю, шанец вялікі. Я не хачу быць чорным прарокам, але не заўсёды вакцыну атрымліваецца стварыць. Вядома, у гэтым выпадку прыкладаюцца вялізныя намаганні, нават буйныя кампаніі, якія звычайна канкуруюць, цяпер аб'ядналі свае сілы, напрыклад, агульныя клінічныя даследаванні; такога раней не было», - сказала суразмоўніца.

Навукоўцы Оксфарда кажуць, што вакцына можа з'явіцца ў верасні. Аднак Жвірблене сказала, што такі варыянт вакцыны для вакцынацыі людзей яшчэ не выкарыстоўваўся.

«Я магу паспрачацца, што да канца года вакцыны для масавага выкарыстання не будзе. Дакладна не будзе. Пакуль яна не прайшла ўсе праверкі, гэтай вакцыны няма», - сказала прафесарка.

«Калі з'явіцца вакцына, вы зробіце прышчэпку, тады можна будзе жыць спакойна. З гэтым вірусам сітуацыя падобная да сітуацыі з грыпам - калі не будзе абавязковай вакцынацыі, то спакойна могуць жыць толькі тыя, хто зрабіў прышчэпку», - сказала Жвірблене.

Прафесарка не ўважае, што другая хваля можа быць больш сур'ёзнай за першую.

«Мне так не здаецца. Гледзячы, што параўноўваць. Калі з гішпанскім грыпам, тады паглядзім, якая сітуацыя. Па-першае, іншы вірус - грып. Грып паводзіць сябе інакш, ён можа моцна мутаваць. Ён становіцца гібрыдным, як было падчас пандэміі гішпанкі», - заўважыла суразмоўніца, сказаўшы, што з каранавірусам усё інакш.

«Ён так сябе не паводзіць, патроху змяняецца, але не абменьваецца геномам з іншымі падобнымі вірусамі. Калі казаць пра наступную хвалю, то ў нас ужо ёсць досвед. Больш небяспечна, калі вораг новы і невядомы. Магчыма, хтосьці кажа, што такія жорсткія захады не патрэбныя, але што можаш ведаць. За гэты час атрыманы каштоўны досвед. У першую чаргу трэба думаць, як абараніць медработнікаў», - сказала Жвірблене.

«Я думаю, будуць узнікаць асяродкі, гэта можа назірацца на працягу двух-трох гадоў. Ёсць імавернасць, што вірус стане эндэмічным, а такія вірусы пастаянна цыркулююць у нашай папуляцыі, як вятранка або адзёр. Слабыя ці непрышчэпленыя людзі імі захворваюць. Ёсць пагроза, што з гэтым вірусам так і будзе», - уважае суразмоўца.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках